Даследаваць, шукаць і ярка адпачываць

- 13:46Выхаванне

“Не думалі, што сустрэчы ў фармаце анлайн могуць быць такімі ж цікавымі, як і рэальныя зносіны з аднадумцамі”, — дзяліліся ўражаннямі навучэнцы і педагогі Брэста, Мінска, Слоніма, Полацка, Бабруйска, Светлагорска і Міханавіч Мінскага раёна з арганізатарамі Рэспубліканскага злёту пошукавых атрадаў. У сваю чаргу супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства дзякавалі актывістам пошукавага руху за неабыякавасць да мінулага малой радзімы, захаванне памяці пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адным словам, традыцыйны злёт пошукавых атрадаў, які сёлета ўпершыню праходзіў у фармаце анлайн, атрымаўся змястоўным, незабыўным, па-летняму яркім.

Яркім — паколькі быў напоўнены ўсмешкамі і добрым настроем. Змястоўным — таму што вучнёўскія даклады, прадстаўленыя на канферэнцыі “Нам гэты мір завешчана берагчы”, сваёй насычанасцю малавядомымі фактамі, вытрымкамі з архіўных дакументаў, успамінамі сведкаў вайны не ўступалі навуковым працам карыфеяў гістарычнай навукі. А незабыўным злёт, як заўсёды, зрабіла цёплая сяброўская атмасфера, створаная супрацоўнікамі аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК. “Вы не ўяўляеце, як няёмка сябе адчувалі дзеці ў першы дзень злёту перад вэб-камерай, як хваляваліся яны перад выступленнем. І наколькі раскаванымі, упэўненымі ў сабе яны былі ў апошні дзень”, — падзяліўся загадчык аддзела краязнаўства Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска Сяргей Аляксандравіч Поразаў.

“Для нас вельмі важныя станоўчыя водгукі, таму што і напярэдадні, і падчас злёту хваляваліся не толькі вы, яго ўдзельнікі, але і мы, арганізатары. Для нас гэта быў першы вопыт правядзення такога мерапрыемства дыстанцыйна. Таму так важныя вашыя словы падзякі. Здаецца, што можна было зрабіць за 5 дзён, а дакладней, усяго прыкладна за 10 га­дзін, падчас якіх мы сустракаліся ў Zoom. Аднак колькі ўсяго адбылося! Пяць дзён праляцелі хутка, год таксама хутка праляціць. Няхай наступным летам мы з вамі сустрэнемся не перад маніторамі, а ўжо рэальна”, — звярнулася да ўдзель­нікаў злёту намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Вольга Генадзьеўна Пішчык.

Цікавага і карыснага падчас злёту, сапраўды, было вельмі многа. Гэта і конкурс “Візітоўка каманд”, і конкурс на лепшую распрацоўку экскурсіі “Маршрутамі Перамогі”, і інтэрактыўная віктарына “Старонкі ваеннай гісторыі”. Гэтыя мерапрыемствы дазволілі ўдзельнікам злёту зблізіцца, пасябраваць, ня­гледзячы на адлегласць у сотні кіламетраў. Злёт — гэта не толькі новыя сябры, новыя ўражанні, але і набыццё новых ведаў, абмен вопытам. Гэтаму са­дзейнічалі лекцыйныя заняткі, а таксама канферэнцыя і круглы стол, на якіх разглядаліся пытанні арганізацыі дзіцячага пошукавага руху.

“Палявы папяровы дзённік і сёння з’яўляецца надзейным памочнікам для пошукаўцаў. Ён не толькі дапамагае зафіксаваць інфармацыю, але і ў далейшым зможа паслужыць дадатковай крыніцай для працягу работы па выбранай тэме”.

“Арганізацыя пошукава-дас­ледчай дзейнасці з’яўляецца важным напрамкам выхаваўчай работы ўстаноў адукацыі і асноўным напрамкам дзейнасці дзіцячых пошукавых аб’яднанняў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца даследаванню тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Ва ўстановах адукацыі пошукавая работа праводзіцца праз рэалізацыю краязнаўчых пошукавых экспедыцый, работу з архіўнымі дакументамі, аналіз матэрыялаў СМІ, работу з электроннымі інтэрнэт-рэсурсамі і базамі даных”, — паведаміла загадчык кабінета патрыятычнага выхавання РЦЭіК Хрысціна Аляксандраўна Борбут падчас лекцыйных заняткаў, прысвечаных методыцы работы з інфармацыйнымі рэсурсамі і іншымі крыніцамі інфармацыі ў пошукавай дзейнасці.

У экспедыцыі важна ўмець збіраць і фіксаваць неабходную інфармацыю, а таксама захоў­ваць сабраны краязнаўчы матэрыял. Палявы папяровы дзённік і сёння з’яўляецца надзейным памочнікам для пошукаўцаў. Ён не толькі дапамагае зафіксаваць інфармацыю, але і ў далейшым зможа паслу­жыць дадатковай крыніцай для працягу работы па выбранай тэме. З дапамогай палявога дзённіка можна атрымаць разнастайныя геаграфічныя, храналагічныя, гістарычныя звесткі пры падвядзенні вынікаў экспедыцый і распрацоўцы новых тэм пошукава-даследчай работы.

“Аповеды, успаміны мясцовых старажылаў, ветэранаў, іх родных сёння з’яўляюцца найбольш каштоўным матэрыялам, які можна сабраць падчас экспедыцый, — адзначыла Хрысціна Аляксандраўна. — Для атрымання неабходнай інфармацыі патрабуецца правільная пастаноўка пытанняў. Для гэтага пажадана папярэдне скласці агульны, максімальна дэталізаваны апытальнік і прытрымлівацца яго падчас гутаркі, каб не ўпусціць важныя моманты”. Дарэчы, апытальнік, які можа стаць прыкладам для работы юных пошукаўцаў, быў падрыхтаваны арганізатарамі злёту і, як плануецца, будзе размешчаны на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Падчас пошукавых экспедыцый мэтазгодна не толькі право­дзіць вуснае апытанне, але і весці аўдыя- і відэазапіс успамінаў. Жывы голас апавядальніка ці яго вобраз будзе выклікаць у вучняў пачуццё дачынення да падзей мінулага. Як заўважыў загадчык народнага музея сярэдняй школы № 90 Мінска Станіслаў Браніслававіч Холеў, сыходзяць з жыцця не толькі ветэраны, але і сведкі вайны, таму вельмі важна паспець запісаць іх аповеды. Гэтыя аповеды абавязкова спатрэбяцца наступным пакаленням краязнаўцаў. “Важна захаваць сабраныя звесткі, бо колькі вядома выпадкаў, калі каштоўныя матэрыялы страчваліся. Што рабіць, каб сабранае падчас пошукавай работы засталося на дзесяцігоддзі, для будучых даследчыкаў малой радзімы? Вось на гэтае пытанне трэба ведаць адказ”.

“Інтэрактыўная карта з’яўляецца найбольш зручнай формай сістэматызацыі інфармацыі, бо ў яе можна пастаянна ўносіць змяненні, што робіць інфармацыю больш актуальнай”.

Яшчэ адзін важны напрамак — работа з архіўнымі дакументамі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны найбольшая іх колькасць захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, а таксама Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Напрыклад, у Нацыянальным архіве Беларусі ёсць імянная картатэка ўдзельнікаў партызанскага руху і падпольнай дзейнасці на тэрыторыі нашай краіны. У Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі захоўваецца больш за 20 млн архіўных спраў, з якіх больш за 10 млн тычацца перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У архіве можна вывучыць журналы баявых дзеянняў, аператыўныя зводкі і баявыя данясенні, разведзводкі, справа­здачныя карты і схемы, кнігі ўліку незваротных страт, схемы пахаванняў. Больш падрабязна з фондамі, а таксама асаблівасцямі працы названых архіваў можна азнаёміцца на іх сайтах.

“У інтэрнэце актыўна распрацоўваюцца праекты з мэтай доступу да архіўных матэрыялаў. Цікавым для даследчыкаў будзе інтэрнэт-праект “Партызаны Бе­ларусі” (partizany.by). Інфармацыйны партал уключае індывідуальную картатэку партызан і падпольшчыкаў, кароткую гісторыю партызанскага і падпольнага руху ў Беларусі, біяграфічныя звесткі пра беларускіх партызан, герояў Савецкага Саюза, легендарных камбрыгаў, навуковыя і навукова-публіцыстычныя артыкулы па гісторыі партызанскага руху. Сама інтэрактыўная картка партызана ўключае і яго асабістыя даныя, прыналежнасць да партызанскага атрада, брыгады, узнагароды, адсканіраваныя дакументы, якія ёсць па дадзенай асобе, узнагародныя лісты, характарыстыкі і іншыя матэрыялы. Даследаваны лёс больш як 374 тысяч партызан”, — паведаміла Хрысціна Аляксандраўна.

“Для атрымання неабходнай інфармацыі патрабуецца правільная пастаноўка пытанняў. Для гэтага пажадана папярэдне скласці агульны, максімальна дэталізаваны апытальнік і прытрымлівацца яго падчас гутаркі, каб не ўпусціць важныя моманты”.

Сярод праектаў, якія тычацца даследавання партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, — “Партызанскі і падпольны друк Беларусі” Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама “Партызанскія зоны на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Гэта праект інтэрнэт-рэсурсу органаў архіўнай справы і справаводства і сістэмы дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь “Архівы Беларусі”. Тут прадстаўлена больш за 300 дакументаў і матэрыялаў. Экспазіцыя складаецца з 11 тэматычных распрацовак, у якіх адлюстроўваюцца разнастайныя аспекты функцыянавання партызанскіх зон і партызанскага руху ў Беларусі. У якасці дапаможнай крыніцы па тэме Вялікай Айчыннай вайны можна выкарыстоў­ваць інфармацыю сайта “Перамога. 1941—1945” (victory.rusarchives.ru), дзе прадстаўлена больш за 2,5 тысячы фотадакументаў па розных тэмах. На сайце “Баявыя дзеянні Чырвонай Арміі ў Вялікую Айчынную вайну” (bdsa.ru) змешчаны звесткі пра склад Чырвонай Арміі, аперацыі, тактыка-тэхнічныя даныя ўзбраення і ваеннай тэхнікі, карты баявых дзеянняў, баявыя данясенні, зводкі Саўінфармбюро, лісты з фронту, спісы ваеннапалонных і іншая інфармацыя. Важным у вызначэнні лёсу ваеннапалонных стане наведванне сайта Цэнтра дакументацыі пры аб’яднанні “Саксонскія мемарыялы” (ru.stsg.de). Дадзены сайт утрымлівае базу даных савецкіх ваеннапалонных часоў Другой сусветнай вайны, якія знаходзіліся ў лагерах ваеннапалонных або ў рабочых батальёнах на тэрыторыі рэйха. І гэта далёка не поўны пералік праектаў, размешчаных на інтэрнэт-платформах, якія дапамогуць у даследаванні тэмы Вялікай Айчыннай вайны.

“Крыніцай для пошуку мо­гуць стаць і мемуары пра Вялікую Айчынную вайну. Аднак трэба памятаць, што гэтыя крыніцы даволі спецыфічныя, паколькі ўтрымліваюць мастацкія вобразы. Мемуарную літаратуру неабходна параўноўваць з дакументальным матэрыялам, глыбока вывучаць і аналізаваць напісанае”, — адзначыла Хрысціна Аляксандраўна.

Асноўны напрамак пошукавай работы — гэта работа з электроннымі базамі даных. Яны дапамагаюць праводзіць пошук і ўстанаўліваць імёны загінуўшых, знаходзіць месцы іх пахавання. На партале Міністэрства абароны ў 2020 го­дзе пачаў работу аўтаматызаваны банк даных “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь”, распрацаваны ўпраўленнем па увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл. У дадзеную кнігу ўнесены імёны тых, хто загінуў і прапаў без вестак падчас войнаў ХХ стагоддзя, ураджэнцаў Беларусі і грамадзян, прызваных ваеннымі камісарыятамі краіны, а таксама імёны грамадзян іншых краін, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі. Аўтаматызаваны банк даных утрымлівае і рэгістры воінскіх пахаванняў, якія знаходзяцца на дзяржаўным уліку. Усяго іх больш за 7 тысяч, у якіх пахаваны больш за 2 млн чалавек. Банк даных рэгулярна абнаўляецца, папаўняецца новай інфармацыяй.

І, канечне, кожны пошукавік ведае пра электронны банк даных “Мемарыял” (obd-memorial.ru). Да­дзены сайт утрымлівае копіі дакументаў пра незваротныя страты злучэнняў і воінскіх часцей Чырвонай Арміі з імяннымі спісамі тых, хто загінуў і прапаў без вестак. На сённяшні дзень сайт утрымлівае каля 17 млн лічбавых копій дакументаў, 20 млн імянных запісаў пра страты Чырвонай Арміі ў Вялікай Айчыннай вайне.

“Важна захаваць сабраныя звесткі, бо колькі вядома выпадкаў, калі каштоўныя матэрыялы страчваліся. Што рабіць, каб сабранае падчас пошукавай работы засталося на дзесяцігоддзі, для будучых даследчыкаў малой радзімы? Вось на гэтае пытанне трэба ведаць адказ”.

Дзякуючы названым рэсурсам можна праводзіць грунтоўныя і паспяховыя даследаванні, што і паказалі каманды падчас прэзентацыі свайго вопыту работы на канферэнцыі “Нам гэты мір завешчана берагчы”. Тэматыка прадстаўленых работ разнастайная і закранала розныя напрамкі вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Так, сярэдняя школа № 90 Мінска прадставіла работу пра лёс педагогаў — ветэранаў вайны, каманда Міханавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна паведаміла пра гісторыю сямейнага фотаздымка. Сярэдняя школа № 14 Полацка падзялілася гісторыяй Полацкага аддзялення Беларускай чыгункі ў ваенны перыяд. А вось іх землякі з сярэдняй школы № 1 Полацка расказалі пра ролю чатырохногіх байцоў дыверсійнай і мінна-вышуковай службы ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі на Віцебшчыне ў 1943—1944 гг. Пра партызанскі рух на Слонімшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны паведамілі кадэты з сярэдняй школы № 9 Слоніма. Тэмай даклада навучэнцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска стаў баявы шлях 38-й гвардзейскай стралковай дывізіі ў баях за вызваленне раёна. А юныя пошукаўцы з Цэнтра турызму, края­знаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска паведамілі пра лёс вёскі Ала Светлагорскага раёна. Дарэчы, на мемарыяльны комплекс, адкрыты на месцы знішчанай акупантамі Алы, мы яшчэ абавязкова наведаемся разам з “ювентаўцамі”. А пакуль што азнаёмімся з работай навучэнца гімназіі № 1 Брэста Платона Шыблева (Платон, а таксама вучаніца Міханавіцкай сярэдняй школы Вольга Сярчэня па выніках канферэнцыі сталі ўладальнікамі дыплома І ступені Міністэрства адукацыі) па стварэнні інтэрактыўнай карты і каталога мемарыяльных аб’ектаў ваеннай гісторыі, размешчаных на тэрыторыі абласнога цэнтра.

Падчас рэалізацыі праекта Платон наведаў мемарыяльныя аб’екты, вызначыў іх стан. Сістэматызаваная інфармацыя была прадстаўлена ў форме каталога і інтэрактыўнай карты, куды ўключаны больш за 60 даследаваных аб’ектаў, звязаных у першую чаргу з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Кожны аб’ект суправаджаецца разгорнутай гістарычнай даведкай, фотаздымкамі розных гадоў. Інтэрактыўная карта, доступ да якой можна атрымаць праз QR-код, створана ў Google Maps. Спасылку на карту, дарэчы, можна знайсці на сайце гімназіі № 1 Брэста. Тэматычныя аб’екты размешчаны на чатырох палях і кожны мае свой сімвал. “Інтэрактыўная карта з’яўляецца найбольш зручнай формай сістэматызацыі інфармацыі, бо ў яе можна пастаян­на ўносіць змяненні, што робіць інфармацыю больш актуальнай, — паведаміў Платон і дадаў вельмі важныя словы: — З’яўляючыся брэстаўчанінам, я з хваляваннем і павагай адношуся да гісторыі роднага горада. У Брэсцкую крэпасць мы адпраўляемся, каб схіліць галаву каля Вечнага агню, каб памаліцца за нашых продкаў і воінаў-абаронцаў, каб адчуць непарыўную сувязь часоў і пакаленняў”.

“Зацікавіць пошукавай работай даволі лёгка. Для гэтага разам з вучнямі трэба часцей працаваць у палявых умовах. Кнігі, інтэрнэт — гэта добра, аднак калі школьнікаў проста заваліць літаратурай, то выхаваўчага эфекту не будзе, іх трэба абавязкова кудысьці вывозіць, паказваць памятныя мясціны, як, напрыклад, мемарыяльны комплекс “Ала”.

Схіліць галовы перад ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны, наведаць мемарыяльны комплекс у Але прапанавала ўдзельнікам злёту каманда Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорс­ка. Вёска Ала — самая вялікая па колькасці ахвяр на тэрыторыі Беларусі. 14 студзеня 1944 года карнікі спалілі і расстралялі тут 1758 чалавек. А 21 чэрвеня 2020 года пры ўдзе­ле Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на гэтым месцы быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс. Перад уваходам наведвальнікаў сустракае камень з барэльефам “Памяць пра апошні дзень”. Колер каменя і яго дынамічнасць увасабляюць агонь, у цэнтры якога 12 чалавечых асоб. Такія эмацыянальныя вобразы скульптуры расказваюць пра апошні дзень вёскі. Каля галоўнага ўвахода наведвальнікі могуць убачыць карту, на якой нанесены населеныя пункты Гомельскай вобласці, спаленыя ў гады вайны. Ад галоўнага ўвахода да мемарыяльнай зоны вядзе пешаходны маршрут “Дарога памяці і смутку”. Гэта своеасаблівая вуліца былой вёскі. Чырвоны колер пліткі сімвалізуе колер пажарышча, у якім загінулі мірныя жыхары. Стылізаваныя брамкі сімвалі­зуюць двары спаленай вёскі. Кожная брамка ўсталявана на цёмна-шэры пастамент-папялішча. Стылізаваныя сілуэты на бетонных парталах за брамкамі сімвалізуюць душы нявінных ахвяр.

У трох месцах пешаходны маршрут праходзіць праз парталы, якія сімвалізуюць спаленыя дамы. На першым партале лічба 950 — столькі дзяцей загінула ў Але 14 студзеня 1944-га. На другім партале лічба 508 — столькі ў вёсцы загінула жанчын. Трэці партал сведчыць пра тое, што ў той жудасны дзень загінула 100 мужчын і 200 людзей сталага ўзросту. Паводле ўспамінаў сведак трагедыі, найстарэйшай ахвяры Аляксандры Сямёнаўне Дзікун было 110 гадоў. У цэнтры мемарыяльнай зоны ўсталяваны 9 камянёў з барэльефамі, створаныя беларускімі скульптарамі. У левай частцы размешчана брацкая магіла, дзе пахавана 495 воінаў Чырвонай Арміі, а таксама астанкі мірных жыхароў. Адна з 11 пліт пустая. На ёй плануецца нанесці імёны і прозвішчы загінуўшых салдат і мірных жыхароў, устаноўленых падчас пошукавых работ.

Толькі два гады пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела спорту, турызму, краязнаўства і арганізацыйна-масавай работы цэнтра “Ювента” Георгія Юр’евіча Неў­даха светлагорскія навучэнцы, удзельнікі сёлетняга злёту, займаюцца пошукавай дзейнасцю. Аднак маштаб праведзенай імі работы вялікі. У прыватнасці, напісаны шэраг даследчых работ па вызваленні Светлагорскага раёна. Плённым стаў удзел у патрыя­тычнай акцыі “У славу агульнай Перамогі!”. Сабраная з месцаў воінскіх пахаванняў на тэрыторыі Светлагор­скага раёна зямля была ўрачыста перададзена ў крыпту сталічнага храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Дарэчы, Георгій Юр’евіч удзель­нічаў ва ўрачыстай цырымоніі заключнага этапу акцыі, якая адбылася 8 мая з удзелам кіраўніка дзяржавы.

“Крыніцай для пошуку могуць стаць і мемуары пра Вялікую Айчынную вайну. Аднак трэба памятаць, што гэтыя крыніцы даволі спецыфічныя, паколькі ўтрымліваюць мастацкія вобразы. Мемуарную літаратуру неабходна параўноўваць з дакументальным матэрыялам, глыбока вывучаць і аналізаваць напісанае”.

“Пошукавай работай займаюся ў асноўным са старшакласнікамі. Зацікавіць такой дзейнасцю даволі лёгка. Для гэтага разам з вучнямі трэба часцей працаваць у палявых умовах. Кнігі, інтэрнэт — гэта добра, аднак калі школьнікаў проста заваліць літаратурай, то выхаваўчага эфекту не будзе, іх трэба абавязкова кудысьці вывозіць, паказваць памятныя мясціны, як, напрыклад, мемарыяльны комплекс “Ала”, — падзяліўся Георгій Юр’евіч. Дарэчы, завочная экскурсія, прадстаўленая светлагорскімі навучэнцамі, стала пераможцай конкурсу “Маршрутамі Перамогі”. У астатніх спаборніцтвах — конкурсе “Візітоўка каманды” разам з міханавіцкай камандай і конкурсе-віктарыне “Старонкі ваеннай гісторыі” — пераможцай стала каманда Брэсц­кай вобласці, прадстаўленая навучэнцамі гімназій № 1 і № 3 Брэста.

Па словах загадчыка аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК Аляксандры Яўгенаўны Кравец, удзел у рэспубліканскім злёце — гэта своеасаблівая ўзнагарода навучэнцам, якія актыўна займаюцца пошукавай работай. Традыцыйна праграма злёту ўключае экскурсіі па сталічных музеях, наведванне воінскіх часцей, сустрэчу з ветэранамі. Аднак сёлета ў праграму былі ўнесены карэктывы і сустракацца давялося не ў Мінску, а ў Zoom. Аднак злёт і у такім фармаце прайшоў паспяхова. “Паколькі Zoom дазваляе праводзіць дыстанцыйныя сустрэчы, то чаму б нам не ўвесці ў практыку правядзенне дыстанцыйных злётаў пошукавых атрадаў, клубаў краіны прыкладна раз у квартал для абмену вопытам пошукавай работы паміж дзіцячымі калектывамі. Гэта была б добрая магчымасць наладжвання цесных сяброўскіх адносін”, — прапанавала метадыст Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Сяргееўна Багдановіч.

Цікавую думку выказалі ўдзельнікі брэсцкага пошукавага клуба “Заходні рубеж”: “На турыстычных злётах усе часта збіраюцца вакол вогнішча. Злёт праходзіў дыстанцыйна і мы, ніба каля вогнішча, сабраліся вакол манітора, але ўсё роўна было цудоўна. Гэты новы фармат сябе добра зарэкамендаваў. Але хацелася б сустрэцца ўжывую, паглядзець адно на аднаго, паціснуць адно аднаму рукі і ска­заць: “Вялікі дзякуй. Гэта было здорава!” Спадзяёмся, гэтыя пажаданні спраўдзяцца. А пакуль што будзем працягваць пошук.

Ігар ГРЭЧКА.