Даследчае свята для самых маленькіх

- 11:48Навіны рэгіёнаў

Дзіця нараджаецца даследчыкам і кожны новы дзень робіць адкрыцці. Падтрымліваючы і стымулюючы прыроднае жаданне шукаць і даведвацца, можна выхаваць чалавека з шырокім кругаглядам, нестандартным мысленнем, разнастайнымі ведамі і розумам, адкрытым для ўсяго новага. Вось чаму фестываль “Я — даследчык” праходзіць на Міншчыне ўжо дзявяты раз і год ад году набывае ўсё большую папулярнасць. Сёлета ўдзел у ім бралі не толькі маленькія жыхары сталічнай вобласці: фестываль праводзіўся ў адкрытым фармаце, і свае даследаванні на ім прадставілі хлопчыкі і дзяўчынкі з Мінска, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей, а таксама госці з Расіі.

Для завочнага адбору маленькія даследчыкі даслалі ў аргкамітэт 174 работы. Каля 100 хлопчыкаў і дзяўчынак падрыхтавалі яркія стэнды і прыехалі ў Мінскі абласны ІРА, каб расказаць журы пра свае адкрыцці.

— Мы свядома выбралі форму фестывалю, а не конкурсу, улічваючы псіхалогію дзяцей гэтага ўзросту. Узнагароду атрымлівае кожны ўдзельнік, — расказвае Таццяна Міхайлаўна Нядвецкая, член аргкамітэта, загадчыца кафедры педагогікі і псіхалогіі дашкольнай і пачатковай адукацыі МАІРА. — Фестываль год ад году развіваецца, удасканальваецца. Расце ўзровень работ, радасна бачыць, што дзеці сапраўды валодаюць тэмай, свабодна расказваюць пра свае даследаванні, доследы, смела адказваюць на пытанні, разважаюць.

Т.М.Нядвецкая падкрэсліла, што акцэнт робіцца на сумеснай рабоце дзяцей і бацькоў, і гэта лагічна, бо без дапамогі ў такім узросце даследаванне здзейсніць немагчыма. Такая работа не толькі развівае дзіця, але і аб’ядноўвае, згуртоўвае сем’і. Нават удалося амаль выкараніць выпадкі, калі работу замест дзяцей робяць дарослыя. Бацькам растлумачылі, што ў такой сітуацыі няма ніякай карысці для дзіцяці. Даследаванне павінна будавацца ў залежнасці ад інтарэсаў дзіцяці, а дарослы толькі дапамагае і падказвае алгарытм выканання. І ў такім выпадку можна ўбачыць дзівосы дзіцячага ўспрымання свету.

Тое, што менавіта дзеці былі ініцыятарамі даследаванняў, пацвярджалася і выбранымі тэмамі: яны даследавалі ўсё, з чым сустракаюцца кожны дзень — хлеб, камяні, снег, дамашніх гадаванцаў, кветкі, надвор’е. Часта аб’ектамі даследавання станавіліся цацкі і гульні. Шчыра кажучы, наўрад ці які дарослы змог бы ўбачыць нешта цікавае ў прывычных штодзённых рэчах і прыдумаць такія незвычайныя тэмы. Напрыклад, другакласнік Нясвіжскай гімназіі Арсеній Шалкоўскі вырашыў вывучаць папулярную гульню Мinecraft, якую ведае бадай што кожнае дзіця яго ўзро­сту. Хлопчык убачыў у ёй прафарыентацыйны патэнцыял і даследаваў, як гульня знаёміць са светам прафесій і ці можа ўплываць на выбар прафесіі. Згадзіцеся, толькі дзіцячы розум, свабодны ад рамак і клішэ, здольны прыдумаць нешта падобнае.

На фестывалі 47 дашкольнікаў выступалі ў намінацыях “Дзіця і прырода”, “Незвычайнае ў звычайным”, “Бюро знаходак”, “Мая Радзіма Беларусь”. Самыя маленькія ўдзельнікі высвятлялі, як рухаюцца робаты, як з’яўляюцца цені, чаму ў людзей валасы рознага колеру, чаму “сваволіць” вецер. Яны шукалі эліксір росту, вырошчвалі салодкія крысталы і гатавалі незвычайнае варэнне. У Год малой радзімы з задавальненнем даследавалі родныя мясціны — шукалі брукаваныя дарогі, стваралі герб сваёй сям’і, вывучалі гісторыю вёсак і мястэчкаў.

Чатыры намінацыі прапаноўваліся і 50 малодшым школьнікам: “Матэматыка, фізіка, тэхніка, робататэхніка”, “Прыродазнаўства (жывая прырода)”, “Прыродазнаўства (нежывая прырода)”, “Гуманітарныя веды”. Дзеці шукалі, дзе жыве вясёлка, разгадвалі таямніцы вулканаў і сакрэты электрычнага сапраціўлення чалавечай скуры, стваралі цацку з неньютонаўскай вадкасці, разводзілі карысных каліфарнійскіх чарвякоў, выраблялі паперу з апалага лісця і ладзілі спаборніцтвы паміж лялькай-пупсам і Барбі.

Фестываль не абмяжоўваўся толькі прадстаўленнем даследчых работ. Каб даследаванні выклікалі ў дзяцей яшчэ больш станоўчых эмоцый, для іх стварылі сапраўднае свята, падчас якога адбылося лазернае шоу, працавала навуковая лабараторыя, праводзіліся захапляльныя эксперыменты, дзяцей запрасіла ў госці Шахматная каралева, вясёлыя гульні змянялі адна адну на пляцоўцы “Разам весела гу­ляць!”.

З карысцю бавілі час таксама бацькі і педагогі юных даследчыкаў: іх запрасілі ў “Адукацыйную акадэмію”, дзе абмяркоўваліся разнастайныя пытанні па даследчай дзейнасці дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Наведвальнікі “акадэміі” з задавальненнем абменьваліся меркаваннямі і атрымлівалі новую інфармацыю, таму што тыя, хто аднойчы паспрабаваў даследаваць разам з дзецьмі, ведаюць: справа гэтая няпростая, але вартая намаганняў.

— У нашай гімназіі працуе рэсурсны цэнтр па даследчай рабоце. Я займаюся даследаваннямі з дзецьмі не першы год і заўважыла, што такая дзей­насць не толькі развівае інтэлект, пашырае кругагляд дзіцяці, але і станоўча ўплывае на яго эмацыянальны і псіхалагічны стан, дапамагае “раскрыцца”, разняволіцца, атрымаць упэўненасць у сабе, яму прасцей кантактаваць, заводзіць сяброў, — расказвае настаўніца Нясвіжскай гімназіі Наталля Міхайлаўна Кабарыха. — Напрыклад, да мяне ў клас прыйшла новая дзяўчынка. Яна была вельмі сарамлівая, ёй няпроста было раззнаёміцца з дзецьмі, “уліцца” ў калектыў, які ўжо склаўся. Я заўважыла, што яна носіць з сабой лялек Барбі, прапанавала даследаваць іх. Работа атрымалася вельмі цікавая. Дзяўчынка з захапленнем расказвала аб гэтым у класе, усе уважліва яе слухалі, распытвалі. Яна апынулася ў цэнтры ўвагі, адчула павагу аднакласнікаў, паверыла ў свае сілы і знайшла шмат сяброў.

З маленькіх “чамучак”, зразумела, неабавязкова вырастуць навукоўцы. А вось разумныя і цікавыя людзі — напэўна. Пра тое, якіх вяршынь могуць дасягнуць дзеці, што абралі шлях інтэлектуальнага пошуку, можна прачы­таць у іншых артыкулах, змешчаных на гэтай газетнай старонцы.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.