Даследчая дзейнасць — для навучання і выхавання

Сярод разнастайнасці напрамкаў працы з навучэнцамі мне як настаўніку біялогіі хацелася б вылучыць экалагічнае выхаванне. Як прывіць падрастаючаму пакаленню любоў да прыроды? Як растлумачыць, што ўсё жывое на планеце Зямля залежыць ад нашых да яго беражлівых адносін? Настаўнік можа выкарыстоўваць розныя метады работы. Але якія з іх найбольш эфектыўныя?

Прыярытэтным напрамкам у сваёй рабоце я выбрала даследчую дзейнасць, бо экалогія — гэта навука, у якой найважнейшае месца займаюць назіранні і эксперыменты. Развіццю пазнавальнай актыўнасці вучняў спрыяюць лабараторныя і практычныя работы, якія ўжо з шостага класа набываюць выгляд міні-даследаванняў. Даследаваць можна не толькі на ўроку, але і на факультатыўных занятках, на занятках гуртка “Эколаг”. Якім жа чынам спланаваць работу групы па ўключэнні ў даследаванне? Такое пытанне асабліва востра стаіць, калі вы малады настаўнік і ў вас недастаткова вопыту ў гэтым кірунку. На абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014” мне выпала магчымасць азнаёміць калег з вопытам работы ў гэтым кірунку.

Калі перад вамі стаіць складаная задача, неабходна разбіць яе на мноства падзадач. Псіхолагі сцвярджаюць, што гэта дапамагае вашаму мозгу перастаць думаць пра цяжкую справу, прымушаючы яго пераключыцца выключна на некалькі нескладаных паслядоўных этапаў. Такім чынам, каб уцягнуць вучняў у даследаванне, па меркаваннях спецыялістаў, варта ўлічваць тры асноўныя этапы: падрыхтоўчы, планаванне работы, апрацоўка матэрыялу. Найбольш працяглым з’яўляецца заключны этап, паколькі ён уключае аналіз даных, абагульненне, выкананне практычнай часткі, напісанне тэксту работы.

Майстар-клас “Выкарыстанне даследчай дзейнасці ў экалагічным выхаванні вучняў” дазваляе дэталёва і па­крокава разгледзець выдзеленыя этапы. Па колькасці падзадач з удзельнікаў майстар-класа былі сфармаваны тры групы, кожная з якіх атрымала незалежныя заданні. Прапаную азнаёміцца з раздатачнымі карткамі груп.

I група — падрыхтоўчы этап. На гэтым этапе групе трэба выбраць тэму, сфармуляваць мэту і задачы даследавання. Удзельнікам прапанаваны тэхналагічная карта, шэсць варыянтаў тэм, вучэбная праграма 7 класа па прадмеце “Біялогія”, план работы гуртка “Эколаг” у тым жа класе, умовы выбару тэмы даследавання.

Задача групы: выбраць тэму даследавання, з прапанаваных варыянтаў, улічваючы пэўныя ўмовы:

  1. Час, адведзены на работу (гурток “Эколаг” — 2 га­дзіны на тыдзень).
  2. Месца правядзення даследавання (гімназія).
  3. Узрост дзяцей (12—13 гадоў).
  4. Адпаведнасць тэм урокаў, заняткаў гуртка (глядзі вучэбную праграму па прадмеце, план работы гуртка).
  5. Інтарэсы дзяцей.

Варыянты тэмы даследавання:

  1. Узаемаадносіны рудых лясных мурашак і падсцілачных драпежнікаў у Белавежскай пушчы.
  2. Уплыў сельскагаспадарчай тэхнікі на фарміраванне паветраных мас у раёне гімназіі.
  3. Асаблівасці дэкаратыўнага афармлення і вырошчвання пакаёвых раслін.
  4. Функцыянальная асіметрыя паўшар’яў галаўнога мозга і яе праяўленні.
  5. Металы ў нашым жыцці.

Прадукт: 1) запоўненая тэхналагічная карта (запі­саць выбраную тэму, сфармуляваць і ўнесці мэту і задачы); 2) прэзентацыя сваёй работы.

II група — планаванне работы. Збор матэрыялу: факты могуць быць атрыманы з літаратурных і любых іншых крыніц. Неабходныя матэрыялы па прапанаванай тэме: вытрымкі з газет, фатаграфіі, інфармацыя аб складанні і доглядзе фларарыума.

Задача групы: азнаёміцца з прапанаваным матэрыялам, сістэматызаваць яго.

Прадукт: 1) калаж “Асаблівасці дэкаратыўнага афармлення і вырошчвання пакаёвых раслін”; 2) прэзентацыя сваёй працы.

III група — апрацоўка матэрыялу (аналіз, абагульненне, выкананне практычнай часткі, напісанне тэксту работы). Прапанаваны кампаненты для стварэння кампазіцыі “Сад у шкле” (акварыум, глеба, кветкі, упрыгажэнні), матэрыялы з інфармацыяй аб пакрокавым парадку стварэння фларарыума.

Задача групы: азнаёміцца з прапанаваным матэрыялам, выканаць практычную частку — стварыць кампазіцыю.

Прадукт: 1) створаная кампазіцыя “Сад у шкле”; 2) прэзентацыя сваёй працы.

У выніку праведзенай работы кожная група прэзентавала справаздачу па агульнай для трох груп тэме “Асаблівасці дэкаратыўнага афармлення і вырошчвання пакаёвых раслін”. Такое афармленне пакаёвых раслін аказалася навінкай для многіх аматараў-кветкаводаў, таму стварэнне “Саду ў шкле” ўдзельнікам майстар-класа прыйшлося да душы. Вынікі рэфлексіі майстар-класа “Выкарыстанне даследчай дзейнасці ў экалагічным выхаванні вучняў” паказалі, што рацыянальна планаваць даследчую работу ў тры прапанаваныя этапы. Напрыканцы майстар-класа кожны ўдзельнік атрымаў буклет з карыснай інфармацыяй па тэме.

Вучням, якія ўключыліся ў даследчую дзейнасць, перш за ўсё прывіваюцца любоў і беражлівыя адносіны да прыроды. Юныя даследчыкі назапашваюць вопыт навуковых эксперыментаў, у іх развіваецца назіральнасць, абуджаецца цікавасць да вывучэння канкрэтных экалагічных пытанняў. Менавіта таму я лічу даследчую дзейнасць адной з самых эфектыўных форм работы па экалагічным выхаванні дзяцей.

Ганна НАЛЯВАЙКА,
настаўніца біялогіі гімназіі № 2 Гродна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *