Даследчая кампетэнтнасць сродкамі візуалізацыі

У сучаснай адукацыі на першы план вылучаюцца задачы фарміравання не асобных ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў, а метапрадметных кампетэнцый, да разраду якіх, у большай ступені, чым астатнія, можна аднесці даследчую кампетэнцыю.

Улічваючы прыярытэтнасць кліпавай культуры ў век глабальнай інфарматызацыі, неабходны такія сродкі навучання, якія спрыялі б рабоце з вялікім аб’ёмам інфармацыі. У такіх умовах вялікую ролю набывае візуалізацыя. Пад сродкамі візуалізацыі маецца на ўвазе не проста наглядны ілюстрацыйны матэрыял, які падаецца ў гатовым выглядзе, а сістэма перадачы візуальнай інфармацыі. Эфектыўнасць навучання знаходзіцца ў прамой залежнасці ад якасці прадстаўлення вялікіх масіваў інфармацыі ў кампактныя візуальныя аб’екты.

Даследчая дзейнасць на ўроку з’яўляецца адным са шляхоў творчага развіцця вучняў: яе можна разглядаць і як метад работы, і як узровень, да якога могуць узняцца школьнікі ў сваім ін­тэлектуальным развіцці.

Даследчай дзейнасцю займаюся з 2012 года. Практыка паказала, што фарміраванне даследчай  кампетэнцыі — працэс складаны і працяглы. Выкарыстоўваю даследчы падыход праз прыёмы і сродкі візуалізацыі пачынаючы з 5 класа. Дзейнасць па фарміраванні даследчай кампетэнцыі ўключае некалькі этапаў:

— правядзенне дыдактычнага аналізу тэмы, якая падлягае вывучэнню з дапамогай даследчага падыходу;

— праектаванне і распрацоўка вучэбных заняткаў з выкарыстаннем даследчага падыходу і сродкаў візуалізацыі інфармацыі;

— арганізацыя вучэбнага працэсу з элементамі даследавання;

— аналіз і карэкцыя ўменняў школьнікаў у даследчым тыпе навучання, калі вучань сам авалодвае паняццямі і спосабамі дзейнасці.

Ствараючы ўмовы для развіцця дзіцяці на ўроку, настаўніку неабходна навучыцца дзвюм рэчам: па-першае, не рабіць за вучня тое, што ён можа зрабіць сам (выводзіць правілы і заканамернасці, узоры, алгарытмы, азначэнні), па-другое, ініцыіраваць дзіцячы пошук уласных варыянтаў рашэння пастаўленых задач.

Даследчая работа заўсёды абапіраецца на актыўную інтэлектуальную дзейнасць. Актывізацыя інтэлектуальнай дзейнасці адбываецца тады, калі мяняюцца ўмовы дзейнасці, узнікае зацікаўленасць у выкананай рабоце.

Мной акрэслены 3 этапы дзейнасці:

1 этап — падрыхтоўчы (5—7 класы), дазваляе прывіць навык работы з навуковай і даведачнай літаратурай, выкарыстоўваць элементы мікра-даследавання;

2 этап — развіццёвы (8—9 класы), прадугледжвае замацаванне папярэдняга даследчага вопыту і набыццё новых навыкаў;

3 этап — даследчы (10—11 класы), дазваляе вучню больш актыўна праявіць свой навуковы пошук. Школьнік можа аформіць свае назіранні ў вучэбна-даследчую работу.

У працэсе работы на ўроку склалася пэўная сістэма па фарміраванні даследчай кампетэнтнасці вучняў з выкарыстаннем сродкаў візуалізацыі — апорных канспектаў, схем, табліц, планаў, разгорнутых пытанняў і адказаў,  маўленчых штампаў, трэнажораў.

Аптымальным для мяне з’яўляецца прымяненне разнастайных схем і табліц, якія можна выкарыстоўваць на ўсіх этапах навучання: пры тлумачэнні новага матэрыялу, паўтарэнні, замацаванні, кантролі і сістэматызацыі, абагульненні, выкананні дамашніх заданняў і самастойнай работы.

Мае вучні пачынаюць весці асобны сшытак або папку з табліцамі і схемамі з 5 класа і заканчваюць у 9 класе. З першых урокаў яны вучацца правільна складаць табліцы. На першых этапах падрыхтоўкі школьнікаў да работы са схемамі і табліцамі як сродкамі візуалізацыі стараюся зацікавіць пяцікласнікаў гэтай формай работы. За 2—3 гады такой дзейнасці ў вучняў складваюцца пэўныя ўменні ў запісе і ўспрыманні  той ці іншай візуальнай інфармацыі.

На ўроках мовы выкарыстоўваю апорны канспект, які дапамагае вучням лепш запомніць важныя тэарэтычныя веды, садзейнічае выпрацоўцы навыкаў і ўменняў правільна разважаць, самастойна, творча мысліць. Даследчы эксперымент становіцца адным з прыёмаў пры вывучэнні тэмы “Словазлучэнне” ( вучням неабходна адзначыць сярод прапанаваных спалучэнняў слоў словазлучэнні); пры вывучэнні тэмы “Аднародныя члены сказа” (школьнікам прапануецца расставіць знакі прыпынку, пабудаваць схему сказа) і інш.

Навыкі даследавання навучэнцы набываюць пры вывучэнні тэмы “Лексіка”, калі шукаюць у творах мастацкай літаратуры сінонімы, антонімы, словы з пераносным значэннем і іншыя сродкі выразнасці. Пры абароне сваіх даследаванняў вучні авалодваюць навыкамі падагульняць матэрыял, рабіць высновы, адстойваць свае погляды, набываюць камунікатыўныя навыкі. А самае галоўнае, у іх ёсць магчымасць для самарэалізацыі сваіх магчымасцей і творчых здольнасцей.

Пры вывучэнні тэмы “Галоўныя і даданыя члены сказа” варта карыстацца прыёмам незакончанай табліцы. Запаўняць табліцу вучні будуць на працягу некалькіх урокаў, карыстаючыся тэарэтычным матэрыялам з падручніка.

У 6 класе пачынаецца вывучэнне тэмы “Марфалогія”. На адным з першых урокаў прапаную вучням скласці апорную схему “Сістэма часцін мовы”. Да гэтай апорнай схемы звяртаемся кожны раз пры вывучэнні новай часціны мовы, каб вучні бачылі яе ў сістэме іншых і маглі вызначыць крытэрыі распазнавання самастойных і службовых часцін мовы. Адначасова запаўняецца табліца “Правапіс не (ня) з рознымі часцінамі мовы”, што дазваляе ў далейшым эканоміць час для практычных занятках.

У 7 класе працягваецца вывучэнне тэмы “Марфалогія”. Звяртаемся да знаёмай з курса 6 класа апорнай схемы, каб актуалізаваць веды па гэтай тэме.

Пры вывучэнні тэм “Дзеепрыметнікавы зварот” і “Дзеепрыслоўны зварот” прапаноўваю дзецям правесці мікрадаследаванне: выпісаць са слоўніка фразеалагізмы, якія па структуры нагадваюць дзеепрыметнікавыя і дзеепрыслоўныя звароты, і скласці параўнальную табліцу. Паколькі ў сучасных школьнікаў вядучай з’яўляецца зрокавая памяць, такое заданне спрыяе не толькі фарміраванню лінгвістычных ведаў і ўменняў, але і навыкаў самастойна здабываць інфармацыю, працаваць са слоўнікамі і з даведачнай літаратурай. Больш матываваным вучням прапаноўваю папрацаваць з этымалагічным слоўнікам фразеалагізмаў. Падобнае заданне можна выкарыстаць і пры вывучэнні тэмы “Прыслоўе”: падабраць да фразеалагізмаў прыслоўі, скласці сказы, вызначыць сінтаксічную ролю.

Таксама практыкую заданні даследаваць галоўныя і даданыя члены сказа ў творах мастацкай літаратуры, прапанаваных праграмай па літаратуры. Па-першае, такія заданні садзейнічаюць засваенню лінгвістычнай тэмы па мове, уменню суадносіць тэарэтычныя веды і практычныя навыкі; па-другое, прымушаюць удумліва чытаць творы літаратуры, калі чытанне зараз не самы любімы від дзейнасці ў вучняў. Па-трэцяе, міжпрадметныя сувязі садзейнічаюць фарміраванню карціны свету, вучэбныя прадметы не ўспрымаюцца адасобленымі. Таксама вельмі карысна для падрыхтоўкі да экзамену даследаваць зборнік дыктовак і падбіраць з тэкстаў рознаўзроўневыя заданні ў якасці дыдактычнага матэрыялу пры вывучэнні сінтаксісу простага сказа ў 8 класе і складанага сказа ў 9 класе.

У 9 класе (гэта можна было рабіць і раней) за аснову на ўроку можна ўзяць табліцы, прапанаваныя ў падручніку, але дапоўніць іх сваімі прыкладамі і тлумачэннямі. Абагульняльныя табліцы складаем у даступнай форме і прымяняем на розных этапах урока. Напрыклад, табліцу “Знакі прыпынку ў складаных бяззлучнікавых сказах” можна выкарыстоўваць на працягу некалькіх урокаў у 9 класе, а таксама ў 11 класе пры абагульненні і сістэматызацыі матэрыялу.

Схемы і табліцы, у якіх закладзены амаль увесь моўны матэрыял, добра дапамагаюць на ўроках у 10—11 класах пры паўтарэнні моўнага матэрыялу падчас падрыхтоўкі выпускнікоў да экзамену за курс сярэдняй школы і здачы цэнтралізаванага тэсціравання.

Вучні, якія працуюць са схемамі некалькі гадоў, паказваюць дынаміку ў засваенні той ці іншай тэмы, адпрацоўваюць навыкі выкарыстання схем і табліц пры выкананні розных практыкаванняў дома ці ў класе і выпрацоўваюць матывацыю пры выкананні заданняў ЦТ.

Такім чынам, мяркую, што галоўная задача настаўніка — распрацаваць першапачатковыя апорныя схемы і табліцы, а на ўроках, выкарыстоўваючы патэнцыял вучняў, матываваць, кансульта­ваць, кантраляваць вучэбны працэс, выкарыстоўваючы розныя віды кантролю: сама-, узаема-, уваходны, прамежкавы, выніковы.

Пры фарміраванні даследчай кампетэнцыі вучняў у якасці сродкаў візуалізацыі актыўна выкарыстоўваю экспанаты школьнага краязнаўчага музея “Вытокі”, кіраўніком якога з’яўляюся. Важна, каб такая работа праводзілася не стыхійна, а паслядоўна і сістэматычна. (Дадатак.)

Лічу, што выкарыстанне даследчых метадаў і прыёмаў візуалізацыі ў вучэбнай дзейнасці дапамагае выхоўваць па-сапраўднаму адукаваных, зацікаўленых школьнікаў, здольных самастойна прымаць рашэнні і супрацоўнічаць. Аб гэтым сведчаць вынікі работы напрыканцы кожнай чвэрці і навучальнага года, а таксама вынікі прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Так, летась на Абласным конкурсе работ даследчага характару “Крыштальная альфа” Вадзім Казакевіч адзначаны дыпломам ІІІ ступені. Акрамя таго, сфарміраваныя даследчыя навыкі на ўроках беларускай мовы і факультатыўных занятках дапамагаюць навучэнцам у працэсе арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці на ІІІ ступені навучання.

Дадатак.

Фрагмент сістэмы работы па фарміраванні даследчай кампетэнцыі з выкарыстаннем экспанатаў музея ў 6 класе

КласТэма ўрока   Уменне, якое фарміруецца  
6Назоўнікі канкрэтныя і абстрактныя Уменне адрозніваць канкрэтныя і абстрактныя назоўнікі фарміруецца пры дапамозе экспанатаў музея — ручнікоў, збаноў, прадметаў адзення  
6Назоўнікі, якія маюць форму толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку   Уменне адрозніваць назоўнікі, якія маюць форму толькі аднаго з лікаў, правільна ўжываць іх у маўленні фарміруецца пры дапамозе экспанатаў музея (лапці, начоўкі)
6Сачыненне-апавяданне па апорных словах “У госці да бабулі”Стварэнне вучнямі ўласнага тэксту з выкарыстаннем слоў, разгледжаных на папярэдніх уроках
6Паглыбленне паняцця пра апісанне: спосабы апісанняў. Апісанне прымет рэчаў, з’яў, людзей, жывёл, ландшафтаў, мясцовасці, памяшканняСтварэнне вучнямі ўласнага тэксту-апісання экспанатаў музея, выкарыстоўваючы  візуальнае назіранне прадметаў
6Якасныя, адносныя і прыналежныя прыметнікіУменне адрозніваць якасныя, адносныя і прыналежныя прыметнікі фарміруецца праз дапасаванне іх да адпаведных назоўнікаў (абрус, дыван, кош)

Галіна МІНАЕВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.