Даследчы ўрок працоўнага навучання

- 8:37Метадычная скарбонка

Грамадству патрэбны людзі, якія не толькі разбіраюцца ў рашэнні тыповых задач, але і ўмеюць выкарыстоўваць свае веды ў нестандартных сітуацыях, якія патрабуюць праяўлення творчых здольнасцей, ва ўмовах нявызначанасці. На сваіх уроках я імкнуся падрыхтаваць навучэнцаў да даследчай дзейнасці на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, што дапаможа потым і ў прафесійнай дзейнасці. Мэта маёй работы — павышаць творчую актыўнасць навучэнцаў на занятках працоўнага навучання з дапамогай прымянення праблемна-пошукавага і даследчага метадаў.

Прапаную такую арганізацыю вучэбных заняткаў, у якой галоўная ўвага будзе звернута не на знешнюю (практычную, выканальніцкую) дзейнасць, а на ўнутраную (разумовую, пазнавальную, самастойную) — даследчую дзейнасць. З гэтай мэтай прымяняю сістэму спецыяльна арыентаваных праблемных пытанняў, творчых і практычных даследчых заданняў, якія запрашаюць да разважання, назірання, пошуку, прапанавання ідэй, выказвання свайго пункту гледжання. З мэтай развіцця даследчых навыкаў навучэнцаў я выкарыстоўваю праблемнае навучанне, пры якім навучэнцы творча шукаюць адказы на пытанні, якія іх цікавяць, і карыстаюцца найбольш дасканалымі метадамі самастойнага здабывання ведаў.

Перш за ўсё правяраю дзяцей на наяўнасць у іх крэатыўнага мыслення, выкарыстоўваючы тэст на мысленне і крэатыўнасць (дыягностыка па методыцы Д.Брунера). Я лічу, што неабходна вучыць дзяцей думаць, рабіць усё магчымае для развіцця іх здольнасцей. Першым памочнікам у гэтым з’яўляецца метад стварэння праблемных сітуацый. Працаваць над праблемай у класе можна групай або індывідуальна. Групы ў 5—6 класах фарміруюцца да 5 чалавек. Навучэнцы абмяркоўваюць праблему і прадстаўляюць варыянты яе вырашэння. Работу ў групах арганізоўваю, прымяняючы актыўныя метады навучання (мазгавы штурм, генератары-крытыкі, шэсць капелюшоў мыслення), работу ў парах выкарыстоўваю пры правядзенні лабараторнай работы і практычных заняткаў.

Мадэллю праблемнага навучання ў групах і парах можа быць універсальная схема для аналізу ўзору вырабу, якую можна выкарыстоўваць у 5—9 класах па тэмах “Канструяванне і мадэляванне”, “Пашыў вырабу”. Вось прыкладныя пытанні для аналізу ўзору вырабу:

Якая назва вырабу, яго прызначэнне?

З якіх матэрыялаў выраблены?

Ці можна выкарыстоўваць іншыя матэрыялы?

Якія матэрыялы лепш выкарыстоўваць для стварэння гэтага вырабу?

Якія канструктыўныя асаблівасці вырабу (форма дэталей, іх колькасць, від злучэння)?

Ці можна нешта змяніць?

Якімі спосабамі можна выканаць выраб? (Выберы лепшы з іх.)

Ці патрабуецца дадатковая апрацоўка? Якая? Якім спосабам можна гэта зрабіць?

У залежнасці ад месца ў структуры вучэбных заняткаў праблемныя пытанні, заданні, сітуацыі могуць мець розную сэнсавую нагрузку. Іх можна выкарыстоўваць для актуалізацыі ведаў, для сістэматызацыі вывучанага матэрыялу, для замацавання вучэбнага матэрыялу, для самастойнай работы навучэнцаў.

Эфектыўнасць праблемных пытанняў вызначае здольнасць навучэнцаў разумець, а потым і фармуляваць праблемныя пытанні і сітуацыі, умела вырашаць іх.

На ўводным этапе я матывую навучэнцаў на рашэнне задач праблемнага характару, тлумачу ім сутнасць, правілы рашэння і практычную значнасць праблемных заданняў. Немалаважна і стварэнне камфортнай, добразычлівай абстаноўкі, арыентаванай на поспех. На этапе падрыхтоўкі ў 5—6 класах сама вызначаю тэму, дзе можа прысутнічаць праблема, а ў 7—9 класах тэму вызначаем разам з навучэнцамі, зыходзячы з яе мэтазгоднасці і магчымасці прапрацоўкі вучнямі. Арганізоўваецца работа па падборы літаратуры, яе вывучэнні і сістэматызацыі. На арганізацыйным этапе я дапамагаю дзецям у фарміраванні груп, вызначаю заданне, пры неабходнасці кансультую індывідуальна. Галоўная задача настаўніка — карэкціраваць ход работы так, каб абмеркаванне праблемы вялося ў рамках тэмы. На этапе падвядзення вынікаў настаўнік каменціруе моцныя і слабыя бакі работы груп, звяртае ўвагу на недахопы і поспехі ў вырашэнні праблемнай сітуацыі, параўноўваючы іх з папярэднім вопытам.

Практыка выкарыстання на ўроках праблемнага навучання дазволіла мне скласці “Скарбонку пытанняў і заданняў праблемнага характару”. Напрыклад, у 5 класе па тэме “Бутэрброды, іх віды” даю заданне: “Адзнач птушачкай складаныя бутэрброды. Як змяніць адзначаныя табой бутэрброды так, каб яны заставаліся складанымі, але былі з прадуктаў толькі жывёльнага паходжання або толькі расліннага паходжання?” У 6 класе праводзілася лабараторная работа “Склад і ўласцівасці баваўняных і льняных тканін”. Дзеці шукалі адказ на пытанне, як пераканацца ў тым, што ўласцівасці баваўняных тканін адрозніваюцца ад уласцівасцей ільняных тканін. Вучні падбіралі патрабаванні да ўласцівасцей баваўняных і льняных тканін, якія прад’яўляюцца для вырабу адзення. У 7 класе па тэме “Вязанне пруткамі” шукалі адказ на пытанне: “Як вы думаеце, якія ўзоры можна выбраць для вязання шаля? (Напрыклад, прыгожыя, лёгкія, двухбаковыя.) Падумайце і прапануйце ўзоры для шаляў (раздаюцца ўзоры), але не забывайце, што шаль — выраб двухбаковы. Чаму нельга вязаць шаль, напрыклад, жгутамі або ажурам?” У 8 класе, вывучаючы стыль адзення, навучэнцы выконвалі заданне ў групах: намаляваць вобраз стылю або стварыць вобраз стылю аплікацыяй, стараючыся падабраць колеры, а таксама думалі над пытаннем, ці можна стварыць стыль на ўсе выпадкі жыцця.

Лічу, што аптымальна пачынаць рыхтаваць навучэнцаў да даследчай дзейнасці ў 7 класе. Пасля таго як вучні зразумеюць, як выконваць заданні праблемнага характару, з дапамогай тэста “Методыка дыягностыкі ўзроўню творчай актыўнасці навучэнцаў” я паўторна правяраю сфарміраванаць у навучэнцаў крэатыўнага мыслення. Вынікі дазваляюць перайсці да навучання дзяцей даследчай дзейнасці.

Фарміраванне і развіццё ўменняў і навыкаў даследчай дзейнасці ажыццяўляю паступова. У пачатку работы стаўлю наступныя задачы: даць навучэнцам магчымасць рэалізаваць цікавасць да прадмета, развіваць пазнавальныя інтарэсы школьнікаў, разумовыя працэсы, уменні самастойна здабываць веды, далучыць навучэнцаў да правядзення доследаў і эксперыментаў, спрыяць фарміраванню практычных навыкаў. Для гэтага праводжу заняткі-даследаванні, выкарыстоўваючы метад малых адкрыццяў.

Метад групавога даследавання вельмі падобны да пошукавага. Пры групавым даследаванні навучэнцы самастойна вывучаюць пытанне тэмы ўрока з мэтай падрыхтоўкі групавога выступлення. Кожная група вывучае свой матэрыял. Каманда атрымлівае групавую ацэнку за агульны даклад групы. Пошукавы метад — гэта разнавіднасць метаду групавога даследавання. Ён заключаецца ў тым, што дзеці вырашаюць нейкую практычную задачу ці праблему або ажыццяўляюць пэўны праект. Пошукавы метад прадугледжвае самастойную работу груп.

Этапы даследавання ў малых групах

І. Вызначыць колькасць груп і колькасць вучняў у кожнай групе. Аптымальна, калі малая група на ўроку-даследаванні складаецца з 4—5 чалавек. Такая колькасць дзяцей неабходна для кіравання, выканання і кантролю.

ІІ. Вызначыць склад кожнай рабочай групы. Веданне настаўнікам міжасобасных зносін навучэнцаў становіцца неабходнай умовай паспяховага планавання складу груп. А ўдзел вучня ў групах рознага тыпу будзе спрыяць таму, што ён зможа займаць розныя пазіцыі: лідара, яго апанента, памочніка лідара і таго, хто сумняваецца. Вельмі часта настаўнікі лічаць за лепшае ствараць змяшаныя групы, таму што моцныя вучні падцягваюць больш слабых.

ІІІ. Спланаваць работу кожнай групы. На этапе даследавання дзеці вучацца карыстацца разнастайнымі крыніцамі інфармацыі. Пры рабоце з тэстам яны вучацца выбіраць неабходныя факты, параўноўваць, вызначаць паслядоўнасць, вылучаць прычыны і вынікі. Для гэтага важна выкарыстоўваць спецыяльныя рабочыя лісты, якія дапамагаюць навучэнцам збіраць неабходную інфармацыю і структураваць яе. Настаўнік павінен забяспечыць уключэнне кожнага дзіцяці ў групавую работу, для чаго неабходна кожнаму даць заданне. На першых этапах даследавання неабходна даваць навучэнцам магчымасць самастойна размяркоўваць некаторую частку работы паміж удзельнікамі групы. Па меры сталення дзяцей неабходнасць у выкарыстанні інструктыўных карт адпадае.

ІV. Спланаваць прадстаўленне вынікаў работы. З першых дзён прымянення методыкі даследавання дзеці вучацца прадстаўляць вынікі сваёй работы: вусная справаздача, малюнак, схема, мадэль, інсцэніроўка і г.д.

Далей ідзе развіццёвы этап даследчай дзейнасці, асноўнай задачай якога з’яўляецца фарміраванне практычных навыкаў навукова-даследчай дзейнасці. Тут навучэнцы пазнаюць этапы навуковага мыслення (мэтапастаноўка, гіпотэза, распрацоўка методыкі даследавання, аналіз атрыманых вынікаў, фармулёўка высноў), аперацыі мыслення, вучацца складаць план, тэзісы, праводзяць даследчую работу, адпрацоўваюць метад публічных выступленняў. Для даследавання на гэтым этапе прапаную навучэнцам аб’екты, якія цесна звязаны з роляй працоўнага навучання ў вырашэнні жыццёва важных пытанняў, якія дазваляюць зразумець і ўсвядоміць працэсы, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі.

Заключным этапам з’яўляецца непасрэдна навукова-даследчая дзейнасць. Задача этапу — падрыхтоўка навучэнцаў да ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях. Гэтая работа найбольш складаная. Пастаноўка праблемы, выбар метаду даследавання і яго правядзенне ажыццяўляецца навучэнцам.

Этапы даследчай дзейнасці

У навуковых работах я вылучаю наступныя этапы:

1. Пошук праблемы.

2. Распрацоўка праблемы.

3. Планаванне даследавання.

4. Выкананне практычнай часткі даследавання.

5. Апрацоўка даных.

6. Інтэрпрэтацыя даных.

7. Прэзентацыя работы.

На маю думку, навукова-даследчай работай можна і трэба займацца непасрэдна ў школе, каб прыцягнуць да гэтай дзейнасці як мага больш навучэнцаў. Матывацыя да вывучэння прадмета ў гэтым выпадку ўзрастае не толькі ў тых дзяцей, якія потым прадстаўляюць работу на конкурсах і НПК, але і ў тых, хто далучаецца да эксперыментаў на любым этапе даследавання.

Напрыклад, навукова-даследчая работа “Калектыўная дзейнасць як крыніца творчасці” прадугледжвала стварэнне абрэзкавага пано “Акварыум”. Да эксперыментаў былі далучаны навучэнцы ўсіх 9-х класаў. Так, 9 “А” клас высветліў, што любая тэхніка абрэзкавага шыцця не падыдзе для работы з тэкстыльным матэрыялам, таму выбар быў зроблены на карысць абрэзкавай мазаікі з шыццём на аснову. Аўтарамі работы была распрацавана тэхналагічная паслядоўнасць зборкі блока “крэйзі”. 9 “Б” клас разважаў над мастацкім пераўвасабленнем акварыумных рыбак. Школьнікі прааналізавалі іх колер, форму, пластыку, аргументавана прапанавалі вышываць рыбак гладдзю. А навучэнцы 9 “В” класа выкарысталі ў рабоце варыянт аб’ёмнай вышыўкі і варыянт аб’ёмнай аплікацыі, што з’яўляецца іх асабістай знаходкай.

Да работы па вывучэнні праблемы рэсурсазберажэння, актуальнай у розных сферах жыццядзейнасці, былі далучаны навучэнцы 7 класа. Кожны навучэнец вызначаў і вывучаў пэўную праблему захоўвання жытняга хлеба і спосаб яе вырашэння. Пасля падрабязнага вывучэння дзеці аб’ядналі вынікі даследаванняў і вызначылі тэрміны прыдатнасці жытняга хлеба ва ўмовах, якія вывучаліся.

Праблема запашання таксічных і радыеактыўных элементаў у грыбах зацікавала навучэнку 9 класа. Яна высветліла, што існуючыя звесткі пра назапашанне радыенуклідаў у лясных экасістэмах Баранавіцкага раёна маюць адрывачны характар, а грыбы, якія інтэнсіўна назапашваюць радыенукліды, вывучаны недастаткова. Дзяўчына вырашыла вызначыць колькасць цэзію-137 у сырых грыбах і грыбах, якія трапілі пад цеплавую апрацоўку. Аднакласнікі навучэнкі праявілі вялікую цікавасць да гэтага даследавання і ўнеслі свае прапановы па фарміраванні спіса грыбоў. Дзевяцікласніца вывучыла методыку вызначэння радыенуклідаў у прадуктах, праводзячы свае даследаванні на базе лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы. У выніку былі выяўлены найбольш бяспечныя і непажаданыя раёны збору грыбоў і адзначаны віды грыбоў з найменшай колькасцю цэзію-137. У гэтай рабоце я зрабіла ўпор на самастойную дзейнасць навучэнкі.

Аналіз даследаванняў навучэнцаў, назіранне за іх даследчай дзейнасцю, а таксама даныя дыягностыкі ўзроўню творчай актыўнасці дзяцей па методыцы Т.В.Нічышынай сведчаць пра развіццё пазнавальных функцый, пра ўменне навучэнцаў крытычна ацэньваць розныя падыходы да вырашэння даследчых задач, пра засваенне вопыту даследчай дзейнасці, уменне правільна і кампетэнтна прадстаўляць вынікі даследаванняў.

Сістэмная работа ў гэтым напрамку дазволіла падрыхтаваць удзельнікаў і пераможцаў гарадскіх і абласных навукова-практычных канферэнцый.

Святлана КАЖАМЯКІНА,
настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 16 Баранавіч.