Даследчык рускай душы

- 11:12Нам пішуць

У лістападзе 2018 г. споўнілася 200 гадоў з дня нараджэння рускага пісьменніка, паэта, драматурга, перакладчыка, члена-карэспандэнта Імператарскай Акадэміі навук Івана Сяргеевіча Тургенева. Гэта падзея міжнароднага маштабу. Творы пісьменніка перакладзены на ўсе еўрапейскія мовы. Ён стварыў уласную мастацкую сістэму, якая аказала ўплыў на паэтыку рамана другой паловы XIX стагоддзя. Тургенеў пісаў як для дарослых, так і для дзяцей. Дзякуючы яго творчасці, у рускай мове з’явіліся такія наватворы і крылатыя выразы, як “нігіліст”, “тургенеўская дзяўчына” і іншыя. Тургенеў — аўтар шэрагу п’ес, якія паспяхова ставіліся ў тэатрах Расіі і Беларусі. Гэта непазбежна адраджае цікавасць да яго жыцця і творчай спадчыны.

Да юбілею пісьменніка ў Людзяневіцкай сярэдняй школе з 12 да 17 лістапада 2018 год прайшоў тыдзень, прысвечаны творчасці класіка.

У бібліятэцы была аформлена кніжная выстаўка да юбілею пісьменніка. На ўроку “Даследчык рускай душы” бібліятэкар пазнаёміла навучэнцаў з кароткай біяграфіяй Івана Сяргеевіча Тургенева і больш падрабязна спынілася на некаторых яго творах. Іван Тургенеў стаіць крыху асабняком у шэрагу вялікіх рускіх пісьменнікаў XIX стагоддзя, тых, дзякуючы каму айчынная літаратура вырвалася на зорную арбіту. Ён стаў вядомым у свеце раней, чым Дастаеўскі і Талстой, але затым апынуўся ў цені гэтых неўтаймаваных геніяў. Тургенеў дзівосна разнастайны. Аўтара 83 твораў па-сапраўднаму цікавілі не столькі ідэі, колькі людзі. І якіх жа розных асоб засведчылі яго кнігі — складаных у сваёй прастаце, бясконца прыцягальных у сваёй складанасці.

На працягу тыдня настаўніца рускай мовы і літаратуры Іна Рыгораўна Гаўрыленка знаёміла навучэнцаў з творчасцю і цікавымі фактамі з жыцця І.С.Тургенева, каб кожны змог дакрануцца да вялікага. Тыдзень выдаўся насычаны і цікавы.

На ўроку “Свет дзяцінства” па аповедзе “Бежин луг” настаўніца распавяла пра дзяцінства і юнацтва пісьменніка. Падчас пазакласнай гадзіны “Летапісец душ народных” навучэнцы сёмага класа змаглі адчуць атмасферу, якая панавала ў найвышэйшым свецкім грамадстве, дзе віравалі балі і прыватныя прыёмы. Выправіліся ў незвычайнае падарожжа па далёкіх часах тургенеўскіх герояў. Урок-прэзентацыя “Слова пра пісьменніка” адкрыў пісьменніка як непераўзыдзенага псіхолага і тонкага лекара прыгожага — музыкі, жывапісу, прыгажосці навакольнага свету. Не перастаеш здзіўляцца яго таленту і паэтыцы гаворкі. Літаратурная віктарына “Па знаёмых старонках твораў І.С. Тургенева” выклікала жаданне прачытаць іншыя творы пісьменніка. Кожны дзень для навучэнцаў 5—11 класаў ладзіліся літаратурныя хвілінкі “Па старонках біяграфіі І.С.Тургенева”.

Вольга ДУДЗІЧ,
бібліятэкар Людзяневіцкай сярэдняй школы.