Навучэнцы кадэцкіх і прававых класаў паўдзельнічалі ў канферэнцыі, прысвечанай кадэцкаму руху, патрыятычным і грамадзянскім каштоўнасцям. ІІІ Рэспубліканская вочна-завочная навукова-практычная канферэнцыя “На карысць Радзіме і чалавеку!” адбылася 26 лютага ў сярэдняй школе № 68 Мінска.
На першым, завочным, этапе члены журы разгледзелі 112 работ і адабралі 56 лепшых. Іх аўтары — не толькі школьнікі, але і навучэнцы кадэцкіх вучылішч і спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў. Канферэнцыя адкрытая: ужо традыцыйным стаў удзел кадэтаў са Шматпрофільнага кадэцкага корпуса імя Героя Савецкага Саюза лётчыка-касманаўта СССР Л.С.Дзёміна (Тамбоўская вобласць, Расія). У гэтым годзе далучыліся да конкурсу і пачынаючыя даследчыкі з Міхайлаўскага кадэцкага корпуса Варонежскай вобласці.
— Штогод павялічваецца колькасць удзельнікаў і пашыраецца геаграфія канферэнцыі, — падкрэсліла Аксана Уладзіміраўна Талкачова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. — Журы адзначае, што паляпшаецца і якасць работ, а значыць, расце канкурэнцыя за прызавыя месцы і павышаецца цікавасць удзельнікаў.
Найбольшую актыўнасць даследчыкі праявілі ў секцыях, прысвечаных ваеннай гісторыі: “Героі ў нашай памяці”, “Жыццё Радзіме — гонар нікому”. Аўтары работ шукалі нестандартныя падыходы да вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Падчас работы секцыі “Вайны незгасальныя радкі. Да 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” навучэнцы аналізавалі адлюстраванне вайны ў кінематографе, вывучалі ваенныя фотаздымкі, распрацоўвалі маршруты памяці для свайго рэгіёна.
Цікавыя работы былі прадстаўлены і ў секцыях, прысвечаных гісторыі і сучаснасці кадэцкага руху. Даследчыкі параўноўвалі развіццё кадэцтва ў розных краінах і вывучалі агульныя каштоўнасці кадэтаў свету.
Найлепшыя вынікі паказалі навучэнцы гімназіі № 1 Ваўкавыска, Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча і школы № 68 Мінска — яны атрымалі адразу некалькі дыпломаў.
Канферэнцыя “На карысць Радзіме і чалавеку!” праводзіцца сумесна з Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў і Беларускім дзяржаўным універсітэтам пры падтрымцы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, упраўлення па адукацыі адміністрацыі Завадскога раёна Мінска.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.