Даследчыя праекты для эфектыўнага выхавання

Пошук адказу на пытанне “Як правільна вучыць і выхоўваць?” падвёў наш калектыў да рэалізацыі на працягу апошніх 6 гадоў шэрага адукацыйных праектаў: “Пешаходны турызм як адзін са сродкаў сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі дзяцей з АПФР”, “Зямля бацькаў — мая зямля”, творчага праекта “Шлях, авеяны сцягам” і інш.

Творчы праект “Зямля пад белымі крыламі” ўключае серыю падпраектаў: “Мсціслаў — горад музей”, “Школа — мінулае, сучаснае, будучае”, “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”. З гэтым праектам мы прынялі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе на лепшы летапіс школы. Работа была адзначана дыпломам ІІ ступені на абласным этапе і ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе конкурсу.

На Абласным конкурсе гісторыка-патрыятычных праектаў “Мае землякі здабылі перамогу і працай сваёй услаўляюць наш край” наша работа “Зорка Пятра Дзмітрыевіча Урублеўскага” была адзначана дыпломам І ступені і прадстаўлена на абласным свяце “Дажынкі-2015”.

Акрамя таго, намі рэалізаваны творчыя праекты “Летапіс народных промыслаў”, “Фальклорны карагод”, “Няхай не сніцца вам вайна”.

Пры выкарыстанні інтэрактыўных метадаў роля педагога перастае быць цэнтральнай. Ён толькі рэгулюе вучэбна-выхаваўчы працэс, займаецца яго агульнай арганізацыяй, рыхтуе загадзя неабходныя заданні і фармулюе пытанні або тэмы для абмеркавання ў групах, дае кансультацыі, кантралюе час і парадак выканання намечанага плана. Асноўная мэта метаду праектаў — даць навучэнцам магчымасць самастойнага набыцця ведаў у працэсе вырашэння практычных задач або праблем, якія патрабуюць інтэграцыі ведаў з розных прадметных галін. Яны таксама звяртаюцца да сацыяльнага вопыту — свайго і сваіх сяброў, пры гэтым ім прыходзіцца камунікаваць адно з адным, сумесна вырашаць пастаўленыя задачы, пераадольваць канфлікты, знаходзіць агульныя пункты сутыкнення, ісці на кампрамісы.

Мэта праектнага навучання — стварэнне ўмоў для асваення новых тыпаў дзейнасці ў сацыякультурным асяроддзі, развіццё ўмення адаптавацца да зменлівых умоў жыцця чалавека.

Задачы даследчай дзейнасці спецыфічныя для кожнага ўзросту. У пачатковай школе (1—4 класы) гэта ўваходжанне дзяцей у праблемную гульнявую сітуацыю (вядучая роля педагога); актывізацыя жадання шукаць шляхі вырашэння праблемнай сітуацыі (разам з педагогам); фарміраванне пачатковых перадумоў даследчай дзейнасці (практычныя доследы). У больш дарослым узросце (6—10 класы) гэта фарміраванне перадумоў пошукавай дзейнасці, інтэлектуальнай ініцыятывы; развіццё ўмення вызначаць магчымыя метады вырашэння праблемы з дапамогай дарослага, а потым і самастойна; фарміраванне ўмення прымяняць метады, якія спрыяюць вырашэнню пастаўленай задачы, з выкарыстаннем розных варыянтаў; развіццё жадання карыстацца спецыяльнай тэрміналогіяй, вядзенне канструктыўнай размовы ў працэсе сумеснай даследчай дзейнасці.

Мы пачалі стварэнне серыі праектаў, рэалізацыя якіх прадугледжвае вырашэнне выхаваўчых задач. Кожнай групе дзяцей было прапанавана выбраць для сябе напрамак дзейнасці.

Аднак як у праектнай дзейнасці ўлічыць інтарэсы, патрэбы і магчымасці ўсіх — і педагогаў і навучэнцаў? У гэтым нам дапамагла дыдактычная мнагамерная тэхналогія. Мы вырашылі выкарыстаць логіка-сэнсавыя мадэлі на падрыхтоўчым этапе (у час дыягностыкі). Логіка-сэнсавыя мадэлі (ЛСМ) валодаюць універсальнасцю, — могуць быць выкарыстаны ў рабоце з навучэнцамі розных узроставых груп, розных здольнасцей, а таксама ў рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці.

Слабыя вучні могуць працаваць з ЛСМ на ўзроўні “сутнасць”, вычэрчваць восі і даваць ім назвы, а больш моцныя — яшчэ і на ўзроўнях “асаблівае” і “адзінкавае” расстаўляць вузлавыя кропкі на восях і раскрываць іх сэнс (кожны вучань атрымлівае дакладнае, канкрэтнае заданне, загадзя мяркуючы, што ён можа з ім справіцца).

Дыдактычная мнагамерная тэхналогія дазваляе:

* навучыць школьнікаў структураваць інфармацыю, афармляць яе ў лагічную схему;

* ствараць неабходны дыдактычны матэрыял;

* індывідуалізаваць адукацыйны працэс.

Дыдактычная мнагамерная тэхналогія можа дапамагчы навучэнцам лепш авалодаць матэрыялам, адфільтраваць лішнюю інфармацыю, засвоіць галоўнае, неабходнае ў далейшым жыцці. Пры дапамозе логіка-структурнай мадэлі навучэнцы могуць прадставіць любую сферу жыццядзейнасці. Намі былі вылучаны напрамкі работы па мадэляванні выхаваўчага праекта групы:

1. Вывучэнне інтарэсаў, унутранага і знешняга асяроддзя групы.

2. Праектаванне мэт, перспектыў і спосабу жыццядзейнасці груп.

3. Дзейнасць па развіцці груп, мерапрыемствы па рэалізацыі праектаў.

Пасля праведзенай дыягностыкі мы ўбачылі зацікаўленасць нашых выхаванцаў і вызначылі асноўныя напрамкі праектнай дзейнасці па групах: “Выкарыстанне нетрадыцыйных тэхнік малявання ў развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў” (2 клас); “Фарміраванне экалагічных уменняў і навыкаў у працэсе праектнай дзейнасці” (3 клас); “Выкарыстанне прыроднага і другаснага матэрыялаў у фарміраванні навыкаў карыснага ўзаемадзеяння з прыродай” (4 клас); “Развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў праз правядзенне КДТ” (5 клас); “Тэатральная дзейнасць як сродак развіцця камунікацый” (6 клас); “Самакіраванне як сродак развіцця самастойнасці і самарэалізацыі” (7 клас); “Сацыялізацыя навучэнцаў праз працоўную дзейнасць” (8 клас); “Фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму сродкамі краязнаўства” (9 клас); “Літаратурная творчасць як сродак фарміравання эстэтычнай і мастацкай культуры” (10 клас).

Ужо мінуў практычна год з пачатку нашага эксперымента, і я з упэўненасцю магу сказаць, што ў наступным годзе мы працягнем работу ў гэтым напрамку. Педагогі школы ўжо рыхтуюць агульнашкольнае мерапрыемства пад назвай “Форум дзіцячых ініцыятыў”. Школа — гэта дом, у якім павінна быць утульна і камфортна ўсім, а гаспадары ў ім — дзеці.

Алена КЛЕЯНКОВА,
дырэктар Мсціслаўскай спецыяльнай
агульнаадукацыйнай
школы-інтэрната для дзяцей з ЦПМ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *