Даследуем гісторыю нямецкай фразеалогіі

- 12:25Навіны рэгіёнаў

Замежная мова — адзін з найбольш цяжкіх прадметаў для даследаванняў. Іх прадметам можа стаць краіна, мова якой вывучаецца, лексіка, граматыка, асаблівасці гукавымаўлення… Паколькі не ў кожнага ёсць магчымасць наведаць замежную краіну, даследаваць яе і ўмовы пражывання ў ёй не зусім мэтазгодна. Для гэтага трэба пражыць там пэўны час. Аптымальным варыянтам для даследаванняў з’яўляецца іншамоўная лексіка.

Вучні вызначаюць, чаму пэўны выраз ці пэўнае слова варта ўжыць у пэўным кантэксце, якое значэнне яно мае, адкуль яго карані. Даследаванне лексікі дазваляе зазірнуць у гісторыю, культуру, звычаі і традыцыі іншага народа, зразумець асаблівасці развіцця краіны, яе сацыяльны вопыт і інш. Валодаючы гісторыка-культурнымі ведамі пра краіну, мова якой вывучаецца, можна лёгка арыентавацца ў семантыцы пэўных выразаў у тэксце.

Аднойчы дзевяцікласніца Ганна Ніпарка знайшла выраз j-m einen Korb geben, літаральны пераклад якога — “даваць каму-небудзь кошык”, а сапраўдны — “адмовіць каму-небудзь”. Вучаніца зацікавілася, чаму так адбываецца, і пачала шукаць адказ у слоўніках, інтэрнэце і спецыяльнай літаратуры па нямецкай і рускай мовах. Аказалася, што гэты выраз мае гістарычныя і абрадавыя карані. У старажытныя часы дзяўчына, да якой сватаўся хлопец і якая не хацела замуж за яго, апускала з акна кошык з дзіравым дном, каб жаніх праваліўся ў ім. Такім чынам яна адмаўляла яму.

Сувязь гісторыі і культуры асабліва праяўляецца ў фразеалогіі. Фразеалагізмы адлюстроў­ваюць не толькі гістарычныя факты, геаграфічныя назвы, меры даўжыні і вагі, грашовыя адзінкі, але і што­дзённы побыт і стыль жыцця, назвы прадуктаў і напіткаў, рамёствы, традыцыйныя прывітанні і пажаданні, звычаі, традыцыі, святы, назвы адзення і прадметаў посуду. У гісторыі нямала выпадкаў, калі няведанне звычаяў і традыцый народа прыводзіла да канфліктаў. Ведаючы асаблівасці і структурныя кампаненты мовы, можна больш дакладна разумець людзей, будаваць гарманічныя адносіны паміж народамі. Дзякуючы разуменню фразеалагічных зваротаў, больш правільнымі становяцца ўяўленні аб працоўнай дзейнасці, звычках, традыцыях і побыце людзей.

Выраз fluchen wie ein Landsknecht (“лаяцца, на чым свет стаіць”) прыйшоў з часоў Рэнесансу. Ландскнехты, салдаты нізкага саслоўя, адрозніваліся ваяўнічым настроем, буйным характарам, адсутнасцю манер. Іх любімымі выразамі былі словы лаянкі, якія яны вымаўлялі на розных мовах.

Выраз wie Pech und Schwefel zusammenhalten (“моц­на трымацца адно аднаго”) ідзе з часоў, калі царква адыгрывала ў грамадстве важную палітычную і міжнародную ролю. Паводле хрысціянскага светапогляду, зямное жыццё — гэта падрыхтоўка да іншага, вечнага жыцця. Зямное жыццё чалавека непарыўна звязана з бояззю божага суда. Праведнікі траплялі ў рай, а грэшнікі — у пекла, дзе іх сустракалі чэрці і кідалі ў велізарны чан. Душа была асуджана на вечныя пакуты. Чэрці смажылі грэшнікаў на патэльнях, варылі ў чанах са смалой, учынялі страшныя здзекі.

Выраз ein blaues Wunder sehen (“убачыць нешта дзіўнае”) таксама прыйшоў з Сярэдневякоўя, з часоў, калі магія была неад’емнай часткай жыцця. З яе дапамогай лячылі, вызначалі віну ці невінаватасць чалавека. На гарадскіх плошчах артысты, танцоры і фокуснікі паказвалі розныя штукарствы з дымам і агнём, каб гледачы не разгадалі сакрэт фокусаў.

Выраз das Abendmahl darauf nehmen (“паклясціся ў чым-небудзь”) таксама тычыцца сярэдневяковых звычаяў і традыцый. Да ХVI стагоддзя царкоўны суд з’яўляўся крыніцай доказу віны ці невінаватасці чалавека. Яго прымянялі пры недахопе фактаў забойства, крадзяжу ці вядзьмарства. Да такога суда прыцягваліся і святары, якія здзейснілі дрэнныя ўчынкі. Ім давалі чэрствы кавалак хлеба ці сыра. Калі кавалак захрасаў у горле, лічылася, што чалавек вінаваты. З’едзены кавалак лічыўся доказам невінаватасці.

Ганну Ніпарка вельмі захапіла даследаванне гісторыка-культурных асаблівасцей нямецкай фразеалогіі і прымусіла па-іншаму зірнуць на вывучэнне замежнай мовы. Цяпер пры выяўленні незнаёмага выразу ў тэксце дзяўчына абапіраецца на вопыт праведзенай работы і больш глыбока аналізуе яго. Даследчая работа “Гісторыка-культурная семантыка нямецкай фразеалогіі” адзначана дыпломам ІІ ступені на раённай канферэнцыі. Хочацца спа­дзявацца, што на гэтым Ганна не спыніцца, а разам з іншымі вучнямі знойдзе цікавыя тэмы для новых даследаванняў.

Наталля ЖЫРЫКАВА,
настаўніца нямецкай мовы Шаняўскай сярэдняй школы імя Міколы Засіма Пружанскага раёна.