Дастойная прафесія для мужчын

Я настаўнік пачатковых класаў Навабыхаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, і мой агульны педагагічны стаж складае крыху больш за 15 гадоў. Пасля школы скончыў Магілёўскі педагагічны каледж па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”. Потым завочна вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце па той жа спецыяльнасці. Даводзілася працаваць не толькі настаўнікам фізічнай культуры і здароўя, але і іншых прадметаў. Маю ўзнагароды, таму што да работы заўсёды ставіўся адказна і з душой. Але ні разу, не лічачы апошнія два гады, я не працаваў асноўным настаўнікам пачатковых класаў. Вось так, каб узяць клас і весці ў ім усе прадметы, — мяне гэта заўсёды крыху палохала.

Вельмі рэдка можна сустрэць ці пачуць, каб настаўнікам пачатковых класаў быў мужчына. Але жыццё зменлівае і вельмі часта правярае нас. Два гады назад мне прапанавалі папрацаваць настаўнікам 2 класа. Па праўдзе кажучы, было дваякае пачуццё: і страшна, і цікава адначасова. І ўжо праз некаторы час я ўсвядоміў, што мне мая работа вельмі падабаецца. Проста зразумеў: гэта маё. Я лічу, што любая справа падабаецца тады, калі ў цябе атрымліваецца, ты бачыш аддачу і вынік. Усё гэта прысутнічае ў маёй прафесіі. У мінулым годзе я ўдзельнічаў у раённым конкурсе “Настаўнік года”, паспяхова прайшоў у фінал, але па стане здароўя не змог працягваць барацьбу. У наступны раз пастараюся не сысці з фінішнай прамой.

А цяпер пра галоўнае. У апошні час я ўсё часцей задаю сабе пытанне: “Чаму сярод настаўнікаў пачатковых класаў так мала мужчын?” І прыйшоў да высновы: уся справа ў стэрэатыпах. Многія лічаць, што педагагічная прафесія — жаночая, для мужчын — нямодная і неграшовая. Лічыцца, што жанчына бліжэй да вучня пачатковых класаў. Але калі звярнуцца да гісторыі, то мы ўбачым, што першымі настаўнікамі ў маленькіх дзяцей былі менавіта мужчыны. Ды і пра фінансавы бок хочацца сказаць. Заработная плата, калі старацца працаваць, не горшая, чым у іншых. У мае студэнцкія гады ў каледжы, ва ўніверсітэце вучылася шмат юнакоў, якія цяпер чамусьці не працуюць па спецыяльнасці. Хочацца звярнуцца да мужчын, якія ўсё ж вырашылі выбраць гэтую нялёгкую, але вельмі цікавую працу — быць настаўнікам пачатковых класаў. Гэта годная, цікавая і непаўторная прафесія. Не бойцеся — і вы, я ўпэўнены, не пашкадуеце!

Цяпер я працую ўжо ў трэцім класе, у якім 10 чалавек (7 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі). Калі заходжу ў кабінет, да мяне падбягаюць мае вучні. Кожны хоча нешта расказаць, нечым падзяліцца, бо я для іх другі бацька. Строгі, але справядлівы, уважлівы, чулы.

І яны гэта, паверце, адчуваюць.

Анатоль АСКІРКА,
настаўнік пачатковых класаў
Навабыхаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Адна думка пра “Дастойная прафесія для мужчын

  1. Сергей 21.03.2018 at 16:42 - Reply

    Это хорошо когда детей любят и относятся к ним как к своим. Дети это наше счастье и когда дети вне дома они должны чувствовать любовь и заботу учителя. Могли в любой момент обратиться за помощью к преподавателю и не бояться, что ему откажут и не помогут. Часто ребенок сталкивается с тем, что школа ведет себя как предмет как бы только знаний(отчитали материал и хорош). Не нужно забывать школе и о том, что она для ребенка душа, которая создает для ребенка формирование его внутреннего состояния. Я благодарен таким учителям, как в данной статье, которые помогают детям с любовью относиться к учебе и школе.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *