Дастойныя ўзнагароды юных фізікаў

49-я Міжнародная фізічная алімпіяда (IРho 2018) завяршылася 29 ліпеня ў Лісабоне (Партугалія). Спаборніцтвы былі арганізаваны Партугальскім фізічным таварыствам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Партугаліі. У алімпіядзе прынялі ўдзел 412 школьнікаў з 90 краін.

Сярэбраныя медалі нацыянальнай камандзе прынеслі навучэнец Ліцэя БДУ Яўген Ганковіч, а таксама навучэнец гімназіі № 1 Барысава Яўген Дзядкоў. У скарбонцы беларусаў і 2 бронзавыя ўзнагароды. Іх уладальнікамі сталі выпускнік Ліцэя БДУ Уладзіслаў Фядурка і старшакласнік гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Мікалай Зунікаў. Яшчэ адзін удзельнік каманды, навучэнец гімназіі № 3 Барысава Кірам Аль-Харба, прывёз пахвальны водзыў. Кіраўнікамі каманды выступілі загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта БДУ Анатоль Іванавіч Слабадзянюк і загадчык кафедры фізікі Ліцэя БДУ Леанід Рыгоравіч Марковіч.

Міжнародная алімпіяда па фізіцы з’яўляецца штогадовым конкурсам для навучэнцаў сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў і накіравана на развіццё не толькі фізікі, але і міжнародных кантактаў у адукацыйнай сферы.

“У першы дзень выпрабаванняў навучэнцам прапанавалі 2 задачы эксперыментальнага тура. Яны вывучалі ўласцівасці папяровага транзістара, а таксама праводзілі эксперымент па даследаванні вязкапругкасці палімернай ніткі, — адзначыў Леанід Рыгоравіч Марковіч. — Наступны тур быў тэарэтычным. На працягу 5 гадзін старшакласнікі рашалі 3 задачы. Змест першай быў вельмі актуальным: ён тычыўся даследавання гравітацыйных хваль, якія нядаўна былі адкрыты. Іх існаванне прадказваў Эйнштэйн. Але спатрэбілася амаль 100 гадоў, каб даказаць гэта. Другая задача была на выяўленне нейтрыны на вялікім адронным калайдары. Алімпіяднікі даследавалі ўзаемадзеянне базонаў вялікіх энергій, у выніку якога высветлілі, дзе “хаваецца” нейтрына. Тэмай трэцяй задачы стала фізіка жывых сістэм. Зараз гэта вельмі папулярны кірунак у біялогіі. Школьнікі будавалі матэматычную мадэль таго, як праз капіляры, сістэмы сасудаў ідзе паток крыві, як развіваюцца ракавыя клеткі. Над вырашэннем гэтых праблем сёння б’ецца цывілізацыя.

Усе алімпіядныя заданні былі даследчымі, па ўзроўні адпавядалі 2—3 курсу ўніверсітэцкай фізікі, умовы некаторых задач былі на 16 старонках. За рашэнне ўсіх алімпіядных задач навучэнцы маглі набраць максімальна 50 балаў”.

Абсалютным пераможцам інтэлектуальных спаборніцтваў стаў юны фізік з Кітая. На 2-м месцы — школьнік з Расіі Рыгор Бабкоў (ён жа прызнаны лепшым еўрапейскім удзельнікам сярод юнакоў), на 3-м — школьнік з Паўднёвай Карэі. Лепшае выступленне сярод дзяўчат еўрапейскага кантынента — у Сабіны Дрэгой з Румыніі.

“Кожная краіна мае свой вопыт падрыхтоўкі да міжнародных алімпіяд і свае падыходы да гэтага, — гаворыць Леанід Рыгоравіч. — У чым сакрэт паспяховых выступленняў прадстаўнікоў краін Паўднёва-Усходняй Азіі? У Кітаі, напрыклад, распрацавана арыгінальная педагагічная сістэма, якая патрабуе ад школьнікаў і педагогаў шмат сіл і часу для атрымання жаданага выніку. Іх сістэму не так проста пераняць. Напрыклад, навучэнцаў, якія збіраюцца ехаць на міжнародную алімпіяду, за год да гэтага вызваляюць ад наведвання школы, яны заняты толькі падрыхтоўкай да спаборніцтваў. А вось у некаторых еўрапейскіх краінах столькі ўвагі алімпіяднаму руху не ўдзяляецца. У Нарвегіі, напрыклад, перадалімпіядныя зборы доўжацца ўсяго тыдзень. Адпаведна, і вынікі ў спаборніцтвах у такіх краін невысокія. У Расіі склад каманды “міжнароднікаў” вызначаецца за год да выпрабаванняў. У Беларусі каманда канчаткова фарміруецца толькі ў сакавіку, пасля таго як падводзяцца вынікі рэспубліканскай алімпяды, а перадалімпіядныя зборы пачынаюцца ў маі і праходзяць у тры этапы, кожны з якіх доўжыцца па 2 тыдні”.

* * *

“Я пачаў захапляцца фізікай і матэматыкай адначасова, калі вучыўся ў сярэдняй школе № 191 Мінска. Удзельнічаў у алімпіядах, але не вельмі паспяхова, — адзначыў сярэбраны медаліст Яўген Ганковіч. — Потым паступіў у Ліцэй БДУ, дзе алімпіядам удзяляецца шмат увагі, стаў наведваць пазаўрочныя заняткі. Алег Аляксеевіч Ільюценка, мой першы ліцэйскі настаўнік фізікі, падрыхтаваў мяне да раённай алімпіяды па фізіцы, дзе я ўпершыню заняў 1-е месца. І ў 10, і ў 11 класах былі дыпломы І ступені на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Шмат добрых слоў хочацца сказаць пра Арцёма Максімавіча Піваварчыка, які шмат сіл і часу аддае падрыхтоўцы алімпіяднікаў. У мінулым ён сам быў пераможцам міжнароднай алімпіяды па фізіцы, а зараз з’яўляецца выкладчыкам Ліцэя БДУ і ў той жа час вучыцца на фізічным факультэце БДУ (закончыў трэці курс). Адзначу і сістэму навучання настаўніцы матэматыкі Алены Анатольеўны Карпавай. Яе падыходы да выкладання матэматыкі дапамаглі мне і пры вывучэнні фізікі.

Сёлета была трэцяя і самая паспяховая для мяне міжнародная алімпіяда. У канцы лістапада мінулага года на Міжнароднай алімпіядзе па эксперыментальнай фізіцы, якая праходзіла ў Лепелі, заваяваў бронзавы медаль, а дакладней, спыніўся ў адным кроку ад “серабра”. Падчас Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды зноў быў побач з сярэбранай узнагародай. І, нарэшце, на 49-й Міжнароднай фізічнай алімпіядзе атрымаў доўгачаканае “серабро”.

Яўген Ганковіч паступіў у БДУ на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі на спецыяльнасць “Інфарматыка”.

Надзея ЦЕРАХАВА.