Даступнасць і якасць паслуг гарантаваны ўсім грамадзянам

- 11:29Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі работнікам аховы здароўя з прафесійным святам. Віншаванне з нагоды Дня медыцынскага работніка было агучана намеснікам прэм’ер-міністра Васілём Жарко на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі.

“Вы знайшлі прызванне ў адной з самых важных, адказных і паважаных прафесій, выбраўшы высакародны шлях — дапамагаць людзям, штодзённа змагацца за здароўе і жыцці пацыентаў, праяўляць цярплівасць і міласэрнасць у адносінах да кожнага. На клопат пра чалавека нацэлена і сістэма аховы здароўя Беларусі. Даступнасць і якасць паслуг, выкарыстанне ў дыягностыцы і лячэнні найноўшых тэхналогій гарантаваны ўсім грамадзянам нашай краіны”, — падкрэслена ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што многія дасягненні айчыннай медыцыны атрымалі міжнароднае прызнанне. Назапашаны вопыт, высокае майстэрства і адданасць справе спецыялістаў галіны зрабілі беларускія клінікі і цэнтры прывабнымі для замежных гасцей.

“Дзякую за працу ўрачам і вучоным, правізарам і фармацэўтам, фельчарам, медыцынскім сёстрам і прадстаўнікам малодшага медыцынскага персаналу — усім, хто застаецца верным абавязку, шчыра служыць людзям і дзяржаве”, — гаворыцца ў віншаванні.

На ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Рэспублікі былі названы і ўганараваны лепшыя ўрачы Беларусі па выніках 2017 года.

Лепшых у сваёй прафесіі выбіралі ў пяці намінацыях. Загадчыца педыятрычнага ўчастковага аддзялення № 1 Бабруйскай гарадской дзіцячай паліклінікі № 1 Святлана Пракаповіч стала пераможцай у намінацыі “Урач-педыятр”. Лепшы ўрач-тэрапеўт Ірэна Гарбацэвіч працуе ў паліклініцы Бярэзінскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Перамогі ў намінацыі “Урач-хірург” удастоены загадчык лабараторыі паталогіі суставаў і спартыўнай траўмы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Мурзіч, у намінацыі “Урач-акушэр-гінеколаг” — намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Гарадскога клінічнага радзільнага дома № 2 Мінска Сяргей Васільеў. Лепшым урачом агульнай практыкі прызнана загадчыца Сянькоўшчынскай амбулаторыі Слонімскай ЦРБ Святлана Антончык. Таксама ўручаны дыпломы лаўрэатаў конкурсу I, II і III ступені.

Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя ўзнагароджаны прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку карэспандэнт Беларускага тэлеграфнага агенцтва Святлана Васілеўская. Такой ацэнкі журналісты ўдастоены за плённую творчую дзейнасць, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, усебаковае асвятленне медыцынскай тэматыкі.

З нагоды прафесійнага свята медработнікаў міністр аховы здароўя Валерый Малашка адзначыў: “У нашай працы няма выхадных і свят. Кожную хвіліну мы кваліфікавана аказваем медыцынскую дапамогу, дапамагаем нарадзіцца на свет і ратуем жыцці”.

“Кіраўніцтва краіны высока цэніць працу кожнага з вас, таму дадзены даручэнні на павышэнне заработнай платы, стварэнне дастойных умоў працы. Забяспечана стапрацэнтнае выдзяленне дзяржаўнага фінансавання ўсіх дзяржпраграм”, — сказаў міністр.

Паводле слоў міністра, ад зладжанай работы 40 тысяч урачоў і 115 тысяч спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй залежыць здароўе і жыццё кожнага чалавека. Практычнай ахове здароўя дапамагаюць амаль 400 дактароў і больш за 1,6 тысячы кандыдатаў навук.