Даступная адукацыя. Эфектыўны ўрок. Сучасны падручнік

Работа секцыі “Асобаснае развіццё навучэнцаў у адукацыйным працэсе” прайшла на базе факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта. У абмеркаванні актуальных праблем і кірункаў развіцця агульнай сярэдняй адукацыі ўзялі ўдзел каля 80 педагагічных работнікаў: вучоныя і метадысты Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, спецыялісты ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, абласных і Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі, намеснікі начальнікаў аддзелаў (упраўленняў) адукацыі раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, спецыялісты раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў, дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Прадстаўнікі Гомельскай вобласці — лаўрэаты абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу “Настаўнік года” (злева направа): Дзмітрый Доўнар, Аляксандр Атрохаў, Алена Кротава, Наталля Смарцэлава, Уладзімір Ганчароў.

Адкрываючы пасяджэнне, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Ірына Каржова адзначыла, што сёння актуальнымі напрамкамі дзейнасці на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляюцца забеспячэнне якаснай і даступнай агульнай сярэдняй адукацыі, павышэнне выхаваўчага патэнцыялу ўрока і стварэнне бяспечных і здароўезберагальных умоў ва ўстановах адукацыі. “З 1 верасня ў нашай краіне будуць функцыяна­ваць 2940 дзяржаўных устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, да вучэбных заняткаў прыступяць 1 мільён 85 тысяч навучэнцаў, з іх 118 тысяч першакласнікаў”, — паведаміла Ірына Уладзіміраўна.

Таксама Ірына Каржова адзначыла перспектыўныя тэндэнцыі і напрацоўкі, якія будуць выкарыстоўвацца ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ў бягучым навучальным годзе. Сёння кожны педагог і навучэнец маюць магчымасць карыстацца адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсам, які да пачатку навучальнага года быў дапрацаваны і дапоўнены. Унесены змяненні ў Правілы атэстацыі навучэнцаў: змяніліся нормы атэстацыі навучэнца за чвэрць (адзнака за чвэрць выстаўляецца пры наяўнасці не менш як трох адзнак, адна з якіх — за пісьмовую работу), а таксама па­трабаванні да выстаўлення гадавых адзнак (калі навучэнец у адной ці некалькіх чвэрцях не атэставаны па няўважлівай прычыне, адзнака за чвэрць прыраўноўваецца да нуля, а гадавая адзнака выстаўляецца як сярэдняе арыфметычнае адзнак за чатыры чвэрці). У гэтым навучальным годзе ў рамках пілотнага праекта для навучэнцаў 10—11 класаў запланавана правядзенне вучэбных экскурсій у межах вывучэння пэўных тэм па вучэбных прадметах. На пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі плануецца зацвердзіць Прыкладныя этычныя правілы педагагічных работнікаў, якія ўяўляюць сабой збор патрабаванняў да асоб, што ажыццяўляюць педагагічную дзейнасць.

Намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольга Зелянко засяродзіла ўвагу на змяненнях, якія будуць унесены ў новую рэдакцыю Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Былі акрэслены канцэптуальныя падыходы да развіцця агульнай сярэдняй адукацыі, іх адлюстраванне ў артыкулах кодэкса і напрамкі ўдасканалення якасці адукацыі ў кантэксце гарманізацыі нацыянальных адукацыйных практык з эфектыўным міжнародным вопытам.

У рабоце секцыі прыняў удзе­л намеснік начальніка ўпраўлення міліцэйскай ваенізаванай і вартаўнічай аховы Дэпартамента аховы МУС Беларусі Дзмітрый Дарашчук, які паведаміў пра нарматыўныя па­трабаванні да сістэм аховы і акрэсліў шэраг праблем, якія трэба вырашыць для захавання належнага ўзроўню бяспекі ва ўстановах адукацыі. Загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч засяродзіла ўвагу на неабходнасці, як і ў мінулым навучальным годзе, абавязковага ўліку эпідэмічнай сітуацыі ў краіне пры арганізацыі адукацыйнага працэсу.

У сувязі з абнаўленнем зместу агульнай сярэдняй адукацыі, якое пачалося з 2015/2016 навучальнага года, выдадзена 217 новых вучэбных дапаможнікаў. Працэс укаранення новых падручнікаў завершыцца ў гэтым годзе: адзінаццацікласнікі будуць вучыцца па 14 новых падручніках. Пра гэта расказала намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Людміла Раманоўская, адзначыўшы асаблівасці метадычнага апарату і інтэрактыўных магчымасцей новых падручнікаў.

На пасяджэнні секцыі быў прэзентаваны камплект дапаможнікаў для настаўнікаў і навучэнцаў “Асновы фінансавай дасведчанасці” для 8—9 класаў, выдадзены Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь. Таксама прысутныя змаглі ўбачыць новы нацыянальны буквар для школ з беларускай мовай навучання, прэзентацыя якога адбу­дзецца падчас святкавання Дня беларускага пісьменства.

Метадыст НІА Антон Бераснеў спыніўся на пытанні забеспячэння ўстаноў адукацыі сучасным вучэбным абсталяваннем і сродкамі навучання. З 2013 года новым вучэбным абсталяваннем было аснашчана 613 кабінетаў фізікі, 646 кабінетаў хіміі і 210 кабінетаў біялогіі. У 2021 годзе запланавана асна­шчэнне сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем 380 кабінетаў біялогіі. У 2022 годзе плануецца рэалізацыя праграмы па забеспячэнні ўстаноў адукацыі абсталяваннем для кабінетаў працоўнага навучання і спартыўным абсталяваннем.

Рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Манастырны засяродзіў увагу ўдзельнікаў секцыі на ролі настаўнікаў-метадыстаў у адукацыйным працэсе. “Сёння інстытуты развіцця адукацыі павінны быць падрыхтаваны працаваць з тымі, хто гатовы прэтэндаваць на катэгорыю “настаўнік-метадыст”, і аказваць ім усялякую падтрымку”, — адзначыў Андрэй Пятровіч.

Прысутныя таксама абмеркавалі праблемы выкарыстання лічбавых тэхналогій у кіраванні ўстановай агульнай сярэдняй адукацыі і рэалізацыі STEM-падыходу ў навучанні.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.