“Даступны горад” зараз анлайн!

- 11:00Сацыяльны ракурс

Цяпер у праекта “Даступны горад” ёсць свой шматфункцыянальны сайт. Яго абноўленая версія аб безбар’ерным асяроддзі freeway.by заклікана адказваць на пытанні, звязаныя з даступнасцю нашых гарадоў для людзей з асаблівасцямі. Мама з маленькім дзіцем або інвалід-калясачнік змогуць даведацца, які з найбліжэйшых банкаў больш даступны для іх. Каму скардзіцца, калі пандус у новым суседнім магазіне ўстаноўлены няправільна? Як зрабіць будынак аптэкі даступным для ўсіх кліентаў? Адказы на самыя набалелыя пытанні такога плана можна будзе знайсці на сайце.

Праект для кожнага

Публічны старт праекта “Даступны горад” адбыўся 10 лютага 2015 года. Яго рэалізуе грамадскае аб’яднанне “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў” сумесна з кампаніямі-валанцёрамі (анлайн-гіпермаркетам 21vek.by і медыяхолдынгам “Белпронто”). Каардынатар праекта — агенцтва сацыяльных праектаў B2S.Задачы, якія былі акрэслены ў праекце, вельмі разнастайныя. Ён уключае і падрыхтоўку спецыялістаў па безбар’ерным асяроддзі з ліку інвалідаў-калясачнікаў, і стварэнне анлайн-партала па безбар’ерным асяроддзі, і анлайн-карты аб’ектаў Беларусі, даступных для фізічна аслабленых асоб.
Больш за 2,5 млн людзей у нашай краіне можна аднесці да фізічна аслабленых асоб (людзі з інваліднасцю, мамы з каляскамі, пажылыя людзі і інш.). Частка іх зусім не наведвае недаступныя будынкі, частка вымушана, пераадольваючы цяжкасці, наведваць. На карце даступнасці будзе змяшчацца падрабязная інфармацыя аб магазінах, аптэках, цэрквах, банках, ВНУ, кафэ, музеях і іншых арганізацыях сферы паслуг гарадоў Беларусі.
На сайт freeway.by можна зайсці як з камп’ютара, так і са смартфона. Уключыўшы яго, чалавек з пераломам нагі, напрыклад, прама на вуліцы можа лёгка даведацца, дзе знаходзіцца найбліжэйшая аптэка са зручным падыходам. А ўнукі такім жа чынам параяць бабулі цырульню, да якой ёй прасцей дабрацца. Сайтам могуць зацікавіцца будаўнічыя кампаніі, эксперты, любыя арганізацыі, якія задумваюцца над пытаннямі адаптацыі будынкаў, у якіх размяшчаюцца, да норм безбар’ернага асяроддзя.

Вывучайце аб’екты каля вашага дома

Вельмі важна, што дабаўляць аб’екты на карту свайго горада на freeway.by можа любы яго жыхар. Пасля таго, як звычайны гараджанін дабавіць пэўны аб’ект, мэтазгоднасць яго размяшчэння правяраецца мадэратарам — экспертам па безбар’ерным асяроддзі, які вызначае рэальны ўзровень даступнасці будынка.
— Доўгатэрміновай нашай мэтай з’яўляецца стварэнне поўнай карты даступнасці ўсіх вялікіх і сярэдніх гарадоў Беларусі, — гаворыць старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Яўген Шаўко. — А гэта магчыма толькі пры актыўным удзеле ў праекце звычайных жыхароў краіны. Для таго каб навучыцца правільна маніторыць аб’екты, трэба ўсяго толькі ўважліва прачытаць інструкцыю з чатырох старонак, якая размешчана на сайце. Уд зел у праекце шмат часу не адніме. Праверка аднаго аб’екта займае каля 10 хвілін, дабаўленне яго на сайт — яшчэ 5. Пры гэтым вы можаце адначасова задзейнічаць любую колькасць аб’ектаў: напрыклад, найбліжэйшыя да вашага дома прадуктовы магазін, аптэку і цырульню. Зразумела, вы патраціце свой асабісты час, але зробіце вялікую справу, дапаможаце стварыць карту безбар’ернага асяроддзя для сваіх жа гараджан, якія маюць у гэтым патрэбу. А яшчэ кожны можа дабавіць на сайт інфармацыю аб парушэнні норм даступнасці. Напрыклад, у будынку вашага дома нязручны пандус. Паведаміце нам аб гэтым. А мы сігналізуем у адпаведнае дзяржаўнае ведамства.
На freeway.by ёсць выкладзеныя ў простай форме патрабаванні да будынкаў. Гэта можа дапамагчы, напрыклад, бізнес-кампаніі разабрацца, якія бар’еры існуюць у будынку, дзе яна размешчана, і ўсвядоміць, як зрабіць яго больш даступным.
Аб тым, што будынак адпавядае нормам даступнасці, можна казаць, калі нахіл пандуса ў ім не больш за 12%, шырыня дзвярэй не менш за 70 см, вышыня парога не больш за 4 см. І калі ў будынку ёсць туалет, які адпавядае ўсім патрабаванням, або прадугледжаны спецыяльны туалет для інвалідаў.
Аб частковай даступнасці мы гаворым, калі нахіл пандуса не больш за 12%, шырыня дзвярэй не менш за 70 см, парог не больш за 4 см. І ў будынку ёсць туалет “грамадскі” або “для інвалідаў”, але пэўным патрабаванням ён не адпавядае. Даступным жа з’яўляецца толькі першы паверх, хаця аб’ект мае некалькі паверхаў.
Недаступным лічыцца той будынак, дзе нахіл пандуса больш за 12%, шырыня дзвярэй менш за 70 см, парог больш за 4 см і аб’ект не адпавядае астатнім важным патрабаванням.

Прычыны стаць даступнымі

— Чаму архітэктурная даступнасць з’яўляецца вялікай перавагай у бізнесе? Ёсць некалькі прычын для гэтага, — паведаміў Яўген Шаўко. — Адаптаваўшы будынак пад патрабаванні безбар’ернага асяроддзя, кампанія, якая ў ім размяшчаецца, адчуе і прыток кліентаў, і лаяльнасць з іх боку. Поўная даступнасць будынка вядзе да павелічэння колькасці кліентаў да 30%. Многія маладыя мамы, напрыклад, наведваюць толькі тыя магазіны і аптэкі, у якіх ёсць пандусы для дзіцячых калясак. Ім не па сілах занесці каляску з дзіцем, вага якой іншы раз больш за 20 кг, на лесвіцу. А інваліды-калясачнікі ўвогуле не могуць самастойна трапіць у большасць грамадскіх будынкаў.
Не менш важкая прычына — імідж! Ён таксама з’яўляецца сучасным інструментам барацьбы за кліента. У выніку таго, што вы маеце імідж сацыяльна адказнай кампаніі, адносіны кліентаў да вас паляпшаюцца, прычым літаральна ўсіх, а не толькі тых, у каго ёсць абмежаванні.
У рамках нашага праекта мы стварылі інструкцыю для тых, хто зацікаўлены зрабіць свой бізнес больш даступным. Яна простая, на выкананне яе патрабаванняў не затрачваецца ніякіх спецыяльных выдаткаў. Вядома, пандусы, ліфты і дзверы, якія правільна адчыняюцца, — усё гэта арганізацыям трэба набываць. Але імкненне ста ць патрэбным для ўсіх, на мой погляд, самае галоўнае ў гэтай справе.
Як людзі могуць даведацца, што вы даступныя?
1. Праз станоўчыя водгукі. Кліенты будуць рэкамендаваць вашы паслугі сваім блізкім і знаёмым і звяртацца да вас зноў і зноў, калі ім у вас будзе зручна.
2. Праз карту безбар’ернага асяроддзя на freeway.by. Людзі з абмежаваннямі ў рухах адшукаюць на сайце даступныя для іх арганізацыі з нумарамі патрэбных тэлефонаў.
3. Праз спецыяльныя наклейкі на ўваходных дзвярах. Калі мадэратар сайта прысвоіць вашай арганізацыі статус “даступная”, кіраўніцтву будзе прапанавана зрабіць адпаведную наклейку на ўваходзе. Гэта прыцягне ўвагу як пастаянных вашых наведвальнікаў, так і проста прахожых.
— Наша асацыяцыя з радасцю акажа кансультацыі арганізацыям, якія вырашылі стаць больш даступнымі, — адзначыў Яўген Шаўко. — Планаў у арганізатараў праекта “Даступны горад” шмат. Мы пашырым функцыі сайта. З’явяцца магчымасці больш дэталёвага пошуку на ім “добранадзейных” аб’ектаў. І назвы іх будзем канкрэтызаваць. Не проста “Медыцына”, а “Бальніца”, “Аптэка”, “Паліклініка”. Плануем падкарэкціраваць ужо нанесеныя раней на карту назвы аб’ектаў. А пакуль запрашаем усіх зайсці на сайт freeway.by, пратэсціраваць яго. Будзем рады любым прапановам і водгукам!

Надзея ЦЕРАХАВА.