Дасягненні юных даследчыкаў

- 11:48Нам пішуць

З 17 верасня па 30 кастрычніка 2018 года праходзіў абласны конкурс даследчых работ і творчых праектаў “Я пазнаю свет”. Ад Воранаўскага раёна былі адабраны дзве даследчыя работы на тэму “Чайны грыб: тэхналогія вырошчвання і прымянення ў хатніх умовах” і “Смецце і яго другое жыццё”.

Фота да матэрыялу: Дасягненні юных даследчыкаў.1 лістапада ва ўстанове адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі” адбыўся фінал абласнога конкурсу даследчых работ і творчых праектаў.Двое вучняў Доцішскай сярэдняй школы Юлія Цыронак і Арцём Шымялевіч абаранялі гонар нашай школы і раёна са сваімі работамі. Навучэнцы паказалі добры вынік і атрымалі два дыпломы ІІ ступені. Навуковыя кіраўнікі даследчых работ — Гражына Мар’янаўна Цыронак і Аксана Валер’еўна Андруконіс.

Арцём Шымялевіч у хатніх умовах вырасціў чайны грыб і ў выніку сваіх даследаванняў прыйшоў да высновы, што чайны грыб — жывы арганізм і цуд прыроды. Таксама ён разгледзеў прымяненне чайнага грыба ў касметалогіі, кулінарыі і хатняй гаспадарцы. Выявіў і даказаў лекавыя ўласцівасці гэтага прадукту.

Юлія Цыронак прыйшла да высновы, што смецце здольнае прынесці карысць. Здаўшы другасную сыравіну, можна не толькі зрабіць зямлю чысцейшай, але і зарабіць грошы. А праявіўшы фантазію, магчыма даць другое жыццё розным непатрэбным рэчам.

Віншуем з перамогамі і жадаем далейшых творчых поспехаў!

Аксана АНДРУКОНІС,
класны кіраўнік 7 класа Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.