Дасягненні заўважаны

- 12:25Навіны рэгіёнаў

Сем студэнтаў гомельскіх УВА ўдастоены прэмій Гомельскага гарвыканкама. Пасведчанні ім уручыў старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка. Ён падзякаваў маладым людзям за высокія дасягненні і пажадаў новых здзяйсненняў.

—Калі даведалася, вядома, вельмі ўзрадавалася, — гаворыць студэнтка пятага курса Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Ганна Шкробат. — У мяне заўсёды была цяга да  тэхнічных навук. Былі пэўныя цяжкасці, але я з імі справілася. Праца­ваць буду інжынерам-праекціроўшчыкам, але найперш планую пайсці вучыцца ў магістратуру.

Дарэчы, дзяўчына займаецца навуковай дзейнасцю. Сёлета яе работа “Халадзільныя ўстаноўкі” заняла прызавое месца на “рэспубліцы”. Сакрэт паспяховасці ў юнакоў і дзяўчат агульны: ніколі не здавацца, быць упэўненым у сабе нават у тых выпадках, калі штосьці не атрымліваецца.

Прэмія Гомельскага гарвыканкама была заснавана яшчэ ў 2010 годзе. Яе ўладальнікамі сталі 54 студэнты.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Ганны ПАШЧАНКА.