Дасягнуць максімуму ў прафесіі і творчасці

Завяршыўся Рэспубліканскі інфармацыйна-прафарыентацыйны праект “ПРАФ-БУМ — 2020”. Штогод удзельнікамі рэспубліканскага праекта становяцца навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Усе яны акумулююць свае творчыя ідэі і крэатыў, каб папулярызаваць рабочыя прафесіі. Гэты сезон праекта  праходзіў пад дэвізам “Дасягаем максімуму: у прафесіі і творчасці!”

Выступленне каманды Барысаўскага дзяржаўнага каледжа.

Ідэя правядзення такога мерапрыем­ства з’явілася яшчэ ў 2002 годзе. Першыя спробы адбыліся у Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы. Пасля творчыя сустрэчы праводзіліся яшчэ некалькі разоў ужо з удзелам некалькіх сталічных устаноў ПТА і ССА. І вось 10 гадоў назад “ПРАФ-БУМ”  стартаваў як рэспубліканскі праект. Такім чынам, у 2020 годзе праект адзначыў свой першы юбілей.

Нягледзячы на тое, што матэрыялы, створаныя ў рамках “ПРАФ-БУМа”, ацэньвае журы, арганізатары падкрэсліваюць, што найважнейшая частка праекта не конкурсная. Галоўная місія праекта — папулярызацыя станоўчага вобраза чалавека працы, раскрыццё прывабнасці рабочых прафесій сродкамі мастацкай творчасці.

— Прафарыентацыйная работа не можа абмяжоўвацца толькі інфармаваннем. Відавочна, што калі ў прафарыентацыю ўключаецца эмацыянальна-вобразны кампанент, гэта дае значна большы эфект. Гэта і стала падставай для з’яўлення такога праекта, як “ПРАФ-БУМ”, — расказвае Алена Сяргееўна Лаўрыновіч, загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў навучэнцаў і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. — НЦТДіМ шмат гадоў праводзіць фестываль “АРТ-вакацыі”, які дэманструе, што ва ўстановах ёсць мноства мастацкіх калектываў з вялікім творчым патэнцыялам. Стала зразумела, што гэты патэнцыял можа быць выкарыстаны і для прафарыентацыйнай работы. Важна адзначыць, што ўсе матэрыялы, прадстаўленыя ў рамках праекта, — гэта гатовы прафарыентацыйны прадукт. Усе нумары, выступленні не раз будуць выкарыстоўвацца ўстановамі адукацыі — свае творчыя знаходкі яны могуць паказваць на прафарыентацыйных, святочных і іншых мерапрыемствах.

У гэтым сезоне “ПРАФ-БУМ” меў свае асаблівасці. У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй ён праводзіўся ў дыстанцыйным фармаце: журы ацэньвала відэазапісы выступленняў. Адметна, што праектам зацікавіліся расійскія калегі — спецыялісты Палаца навучэнскай моладзі Санкт-Пецярбурга. Яны азнаёмілі з праектам прадстаўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі горада. Творцы з 4 уста­ноў таксама далучыліся да прафбумаўскага руху і прадставілі свае выступленні ў рамках праекта па-за конкурсам.

Традыцыйна “ПРАФ-БУМ” прайшоў маштабна і ахапіў практычна ўсе ліцэі і каледжы краіны, у кожнай вобласці прайшлі адборы і лепшыя работы выйшлі на рэспубліканскі ўзровень. На заключным этапе было прадстаўлена 45 творчых работ з 39 устаноў. Праект прадугледжваў дзве намінацыі: “Агіткаманда “ПРАФ-траекторыя” і “Імідж-сэт “Творчая справа”. У гэтых намінацыях былі вызначаны пераможцы. Таксама 8 устаноў адукацыі, якія правялі выключную работу ў рамках праекта, былі адзначаны найвышэйшымі ўзнагародамі праекта — спецыяль­нымі дыпломамі Міністэрства адукацыі. Некаторыя з іх — многакратныя прызёры “ПРАФ-БУМа”. Мы пагутарылі з прадстаўнікамі некаторых каманд, каб даведацца, што трэба для эфектыўнай прафарыентацыі і як у гэтым дапамагае “ПРАФ-БУМ”.

Каманда Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага.

“Спектр” прафарыентацыі

Каманда творцаў Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага адзначана за вялікі ўклад у папулярызацыю сродкамі мастацкай творчасці станоўчага вобраза чалавека працы. І гэта не першае дасягненне гродзенцаў — узнагароды ў  “ПРАФ-БУМе” яны атрымлівалі не раз. Значную ролю ў гэтым адыгрывае аб’яднанне па інтарэсах “Спектр”. Гэты творчы калектыў дзейнічае ва ўстанове ўжо 10 гадоў. Яго кіраўнік — Лявон Іосіфавіч Жылінскі.

У “Спектры” будучыя электраманцёры, электразваршчыкі, электрыкі, аўтамеханікі ператвараюцца ў артыстаў — спяваюць, танцуюць, іграюць на музычных інструментах. Калектыў рэгулярна і паспяхова ўдзельнічае ў творчых мерапрыемствах рознага ўзроўню. Кіраўнік аб’яднання, акрамя музычнага таленту (Лявон Іосіфавіч іграе на некалькіх музычных інструментах), мае талент заўважаць і развіваць творчыя здольнасці навучэнцаў.

— Пры стварэнні нумароў заўсёды зыхо­дзім з таго, што цікава дзецям. Лічу, што немагчыма, ды і не трэба, прымушаць маладых людзей займацца тым, што ім не падабаецца, — разважае Лявон Іосіфавіч Жылінскі. — Таксама звяртаем увагу на тое, што па сілах навучэнцу, каб даць яму такое заданне, якое дапаможа паказаць сябе з лепшага боку.

Дзякуючы гэтаму падыходу, на сцэне ўдзель­нікі аб’яднання “Спектр” прадстаўляюць нумары, у якіх розныя віды мастацкай творчасці гарманічна спалучаюцца ў цэласнае выступленне.

Матэрыялы, прадстаўленыя ў рамках праекта “ПРАФ-БУМ”, стануць часткай маштабнай прафарыентацыйнай работы ў каледжы.

— “ПРАФ-БУМ дае нам дадатковыя рэсурсы ў прафарыентацыйнай рабоце. У рамках праекта праводзіцца каласальная работа, у выніку мы атрымліваем якасныя матэрыялы і можам гучна заявіць пра наш каледж. Гэта дапамагае выпрацоўваць у моладзі правільныя арыенціры і моцную матывацыю для выбару рабочай прафесіі ўвогуле і нашай установы ў прыватнасці, — лічыць Інга Арунаўна Бышкала, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага. — Для нас важна, што гэты праект дае магчымасць расказаць аб рабочых прафесіях, а таксама прадэманстраваць, што ўстановы прафесійнай адукацыі не толькі даюць прафесійнае развіццё, але і дазваляюць праявіць сябе ў творчасці, рэалізаваць свае таленты.

Ва ўстанове дзейнічае цэнтр развіцця кар’еры, дзе акумулюецца ўся моц праф­арыентацыйнай работы. Цэнтр ажыццяўляе кансультаванне абітурыентаў і навучэнцаў. Для прафарыентацыйнай работы  пастаянна шукаюць новыя формы. Спрабаваць штосьці новае падштурхоўвае і “ПРАФ-БУМ”. Зараз асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце ў віртуальнай прасторы. У планах — зды­маць відэарэпартажы і прома-ролікі аб установе ў фармаце відэаролікаў, якія папулярныя ў сацсетцы TikTok, і размяшчаць іх на сайце ўстановы.

Удзельнікі “ПРАФ-БУМа” з Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я.Кляшчова.

Маладзёжныя біты

Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А.Я. Кляшчова атрымаў найвышэйшую ўзнагароду “ПРАФ-БУМа” за эфектыўнае ўкараненне інавацыйных форм і развіццё сучасных напрамкаў прафарыентацыйнай работы.

У каледжы для эфектыўнай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі створана творчая група, якую ўзначальвае дырэктар установы Ігар Міхайлавіч Колб.

— Выбудоўваецца стабільна функцыя­нуючая сістэма, у якой задзейнічаны ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу і нашы сацыяльныя партнёры — заказчыкі кадраў, — расказвае Алена Сцяпанаўна Завадская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — Каледж праводзіць шэраг праф­арыентацыйных мерапрыемстваў. Пры гэтым робім акцэнт на пагружэнні будучага абітурыента ў прафесію — праводзім майстар-класы, прафарыентацыйныя пробы, экскурсіі на базавыя прадпрыемствы, запрашаем на конкурсы прафесійнага майстэрства.

Яшчэ адзін важны фактар, які вызначае прафарыентацыйную работу ў каледжы, — актыўнае ўключэнне ў яе навучэнскага самакіравання. Ідэі і ініцыятывы навучэнцаў вітаюцца і атрымліваюць падтрымку. Гэта дае плён. Юнакі і дзяўчаты прапануюць формы работы, зразумелыя і цікавыя сучаснай моладзі. Напрыклад, яны прыдумалі правесці прафарыентацыйны велапрабег. Зразумела, адразу ж звярнулі ўвагу на сацсеткі і пачалі развіваць у іх старонкі каледжа, актыўна расказваюць на прасторах інтэрнэту пра навіны, дасягненні навучэнцаў і педагогаў каледжа.

Тое, што ў навучэнцаў тут вераць і даюць ім свабоду думкі і творчасці, дапамагло дасягнуць поспеху ў “ПРАФ-БУМе”. 4 навучэнцы, аб’яднаўшыся ў каманду, напісалі рэп і знялі кліп — менавіта так яны вырашылі расказаць пра адну з прафесій, якую можна атрымаць у каледжы. Хлопцы працавалі вельмі зладжана і даволі крытычна ставіліся да сваёй работы — удасканальвалі тэкст, пераздымалі кліп і імкнуліся зрабіць справу максімальна якасна. Атрымалася цудоўна.

— Прафарыентацыя адрасавана мола­дзі, таму лагічна, каб моладзь і займалася гэтым. Нашы навучэнцы практычна ўсё рабілі самі. Яўген Страх напісаў біты, Мікіта Аляксеенка і Арцём Бурачэўскі працавалі над тэкстам, Арцём Дабрыдзень здымаў відэа, — расказвае інжынер-праграміст каледжа Сямён Васільевіч Пашкевіч. — Канечне, педагогі аказвалі падтрымку, давалі парады, але толькі калі гэта было патрэбна.

Відавочна, што моладзь акрыляе, калі ў іх вераць і гатовы падтрымаць. І такі падыход дае плён.

Сіла каманды і вопыту

Каманда Барысаўскага дзяржаўнага каледжа бярэ ўдзел у праекце з самага першага рэспубліканскага “ПРАФ-БУМа” і кожны раз становіцца прызёрам. Вось і гэтым разам барысаўчане адзначаны ўзнагародай за ўкараненне масавых інфармацыйна-камунікацыйных форм, выяўленне і падтрымку маладзёжных творчых ініцыятыў.

— Галоўная ўмова поспеху — гэта каманда, аб’яднаная адной мэтай. І ў нас такая каманда ёсць. Над нумарам для “ПРАФ-БУМа” працавалі педагог-арганізатар Наталля Фёдараўна Шаўкунова, педагог па вакале Таццяна Фёдараўна Лыскавец, харэограф Валянціна Пятроўна Галаўчан­ская, гукааператар Ігар Аляксандравіч Новікаў, відэааператар Вячаслаў Афанасьевіч Петруковіч. Згуртаванай камандай становяцца і навучэнцы, — расказвае педагог-арганізатар Галіна Дзмітрыеўна Грыгаровіч.

Спрыяе поспехам маштабная сетка творчых аб’яднанняў па інтарэсах, што дзейнічае ў каледжы. Так, напрыклад, тут ёсць тэатральная студыя “Вобраз”, якая запрашае навучэнцаў на заняткі ўжо амаль 25 гадоў. Багаты вопыт студыі па стварэнні тэатралізаваных пастановак пераносіцца і на праф­бумаўскія нумары. Удзел у выступленнях бяруць і юныя таленты з харэаграфічнага калектыву “Блюз”, узорнай студыі эстраднай песні “Гасціна” і інш. Навыкі, атрыманыя на творчых занятках, прымяняюцца ў рамках прафарыентацыйных выступленняў, узмацняюць і ўпрыгожваюць іх.

Выступленні папаўняюць скарбонку праф­арыентацыйных матэрыялаў кале­джа. Скарбонка гэтая, дарэчы, вялікая. Штогод ствараюцца прафарыентацыйныя відэаролікі і відэафільмы, ёсць медыятэка на сайце каледжа, якая сістэматычна папаўняецца; распрацаваны праграмы дзён прафарыентацыі ў рамках шостага школьнага дня. Вя­дзецца работа па распаўсюджванні інфармацыі аб каледжы і прафесіях, якія тут можна атрымаць: інфармацыя размяшчаецца на сайтах і ў сацыяльных сетках, выкарыстоўваецца змешчаная рэклама на транспарце, прадпрыемствах, прыпыначных пунктах, бігбордах, банерах, на інфармацыйных маніторах, размешчаных на будынках горада, тэматычных стэндах, фотавыставах у кале­джы і арганізацыях горада. Асаблівую ролю адыгрывае зала прафарыентацыі музея гі­сторыі развіцця прафесійнай адукацыі Мін­скай вобласці, што дзейнічае ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы. Таксама ўсю патрэбную інфармацыю, звязаную з прафесійным вызначэннем дзяцей, можна атрымаць у цэнтры “Прафкансультант”, што дзейнічае ў каледжы.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановамі адукацыі.