Даць усім хворым доступ да лячэння

Міністры аховы здароўя краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі падпісалі сумесную заяву “ВІЧ і туберкулёз: лячэнне для ўсіх” аб павелічэнні маштабаў лячэння і пашырэнні доступу да якасных і недарагіх антырэтравірусных і процітуберкулёзных прэпаратаў у краінах рэгіёна. Падпісанне дакумента адбылося ў час рэгіянальнай нарады па пашырэнні доступу да якасных і недарагіх антырэтравірусных і процітуберкулёзных прэпаратаў у краінах рэгіёна Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Подпіс пад дакументам паставілі міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко, выканаўчы дырэктар Глабальнага фонду па барацьбе з туберкулёзам, СНІДам і малярыяй Марк Дайбл, памочнік Генеральнага сакратара ААН намеснік выканаўчага дырэктара Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС) Луіс Лурэс, выканаўчы дырэктар партнёрства “Спыніць туберкулёз” Лючыка Дзітыу, а таксама спецыяльны пасланнік генеральнага сакратара ААН па пытаннях ВІЧ/СНІД у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Мішэль Казачкін.

У размове з журналістамі Марк Дайбл адзначыў, што заява ў першую чаргу прадугледжвае прыхільнасць краін да забеспячэння ўсеагульнага доступу да лячэння туберкулёзу і ВІЧ-інфекцыі тых, хто хворы, асабліва маргіналізаваных груп насельніцтва. “Такім чынам, хто б ні быў хворы на СНІД і туберкулёз, мы павінны ім даць доступ да лячэння, а таксама прадухіляць далейшае распаўсюджванне захворванняў”, — сказаў ён.

Асноўнай прычынай, па якой у Мінску праводзіцца сустрэча міністраў аховы здароўя рэгіёна, выканаўчы дырэктар Глабальнага фонду назваў палітыку Беларусі, што дапамагае эфектыўна змагацца з эпідэміяй і ўяўляе сабой своеасаблівую мадэль, якая можа быць прынята на глабальным узроўні. “Мы тут таму, што Беларусь для нас цудоўны партнёр, а з іншага боку, у краіне прыняты належныя палітычныя меры, накіраваныя на вырашэнне праблемы”, — падкрэсліў Марк Дайбл.

Якасць прэпаратаў для лячэння захворванняў сёння намнога вышэйшая, чым было 10 гадоў назад. Асноўная задача, якую трэба вырашыць, — гэта даступнасць цаны. Акрамя таго, неабходна забяспечыць эфектыўнасць вытворчасці на рэгіянальным узроўні, каб краіны маглі забяспечваць не толькі ўласныя патрэбнасці ў прэпаратах, але таксама мелі магчымасць экспартаваць.

Памочнік генеральнага сакратара ААН намеснік выканаўчага дырэктара Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС) Луіс Лурэс пацвердзіў, што Беларусь у плане лячэння названых захворванняў адыгрывае ролю паказальнага прыкладу. Ключом на шляху вырашэння праблемы і паляпшэння сітуацыі з доступам да лякарстваў супраць туберкулёзу, ВІЧ/СНІДу, паводле яго слоў, з’яўляюцца фундаментальныя змяненні на палітычным узроўні.

Луіс Лурэс меў магчымасць назіраць, якія намаганні прыкладае Міністэрства аховы здароўя Беларусі па рабоце з хворымі, напрыклад, асобамі, якія ўжываюць наркотыкі ін’екцыйна. “Я наведаў адзін з цэнтраў замяшчальнай тэрапіі і ўбачыў, як гэта адбываецца. Лічу, што такая практыка павінна прымяняцца і ў іншых краінах”, — сказаў ён.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *