Давай мірыцца! Юныя медыятары з Ваўкавыска ведаюць, як выбудоўваць камфортныя ўзаемаадносіны

- 16:30Новости

Вырашыць спрэчкі і папярэдзіць канфлікт — з такім пасылам дзейнічае служба медыяцыі ў сярэдняй школе № 7 Ваўкавыска. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагог-псіхолаг Валерый Грушэвіч расказвае:

— Сваю службу медыяцыі мы стварылі яшчэ ў 2018 годзе, калі прымалі ўдзел у эксперыментальным праекце, які пасля яго завяршэння на тры гады перайшоў у інавацыйны. Ён быў прысвечаны ўкараненню тэхналогій канфлікталогіі ў работу школы і накіраваны на павышэнне канфлікталагічнай кампетэнтнасці ўсіх удзельнікаў вучэбнага працэсу — дзяцей, бацькоў і настаўнікаў. Я скончыў курсы па гэтым кірунку, сфарміраваў школьную службу медыяцыі сярод дзяцей, правёў іх навучанне, а калі ўзнікалі канфлікты, вырашыць якія было па сілах нашым медыятарам, далучаў іх.

Цяпер у школе пастаянна ёсць падрыхтаваная група юных медыятараў (4—6 чалавек), якія дапамагаюць вырашаць непрыемныя сітуацыі паміж іх равеснікамі. Звычайна яны задзейнічаны ў вырашэнні спрэчак у сярэдніх класах, бо з малодшымі школьнікамі і старшакласнікамі складаней праводзіць канфлікталагічную работу — гэта справа прафесійных псіхолагаў.

— Нашым медыятарам па сілах вырашыць канфлікты ўзаемаадносін, крыўды адно на аднаго, што звязаны з дзеяннямі, якія дзеці расцэньваюць як абразу, неабдуманае распаўсюджванне інфармацыі, якая іншым дзіцем расцэньваецца як паклёп. Адсюль крыўда, канфлікты, нават варо­жасць. Калі гэтыя дзеці не могуць самі вырашыць канфлікт, то тут вельмі дарэчы дапамога пасрэдніка. Нашы медыятары паказваюць канфліктуючым бакам, дзе былі іх памылкі ў зносінах, у камунікацыі. І тыя прыходзяць да вырашэння ўласнай праб­лемы, просяць адно ў аднаго прабачэння, — адзначае Валерый Георгіевіч.

Па яго словах, часта навучэнцам прасцей даверыцца не педагогу, а аднагодкам, бо яны размаўляюць на адной мове, лепш разумеюць нюансы ў зносінах, сваёй культуры, паводзінах іншых. Але толькі пры ўмове, што медыятар добра падрыхтаваны, а яго асоба — аўтарытэтная для канфліктуючых.

— Я магу даверыць сваім юным калегам толькі простыя канфлікты. Астатнія бяру на сябе і, дарэчы, таксама дапамагаю вырашаць іх з выкарыстаннем медыяцыйных прынцыпаў. Сярод іх галоўнае — не абвінавачваць, а выслухоўваць прэтэнзіі і эмоцыі адно аднаго, а пасля кожны з канфліктуючых выказвае свае варыянты мірнага рашэння, з якіх яны разам выбіраюць найбольш прымальны. Гэта вельмі важна, бо толькі ўласна прынятае рашэнне можна з лёгкасцю рэалізаваць.

Любы канфлікт можна вырашыць, калі па чарзе распытаць дзяцей, якія эмоцыі яны адчуваюць, і прымусіць абодва бакі, не перабіваючы, без націску, без абвінавачанняў выслухаць адно аднаго. Такая зваротная сувязь дапамагае дзецям паста­віць сябе на месца іншага і ўсвядоміць сваю памылку. Найчасцей у канфліктах, у тым ліку і ў школьных, навешваюцца ярлыкі — крыўдзіцель і ахвяра. Медыяцыя выхо­дзіць з гэтай канфігурацыі — тут няма такіх становішчаў, да таго ж, калі пачынаеш разбірацца, не ўсё тут так адназначна, — тлумачыць тонкасці Валерый Грушэвіч.

Як паказвае практыка, уменне разбірацца ў канфлікталогіі карыснае і для саміх медыятараў. Яны прывыкаюць не асуджаць іншага чалавека, а стараюцца адразу зразумець яго, не ўцягваюцца ў скандалы і эмацыянальныя перапалкі. Калі ты добра ведаеш, як сказаць, каб не пакрыўдзіць, то ні адна сітуацыя не дойдзе да канфлікту.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара