Давай сябраваць, дарога!

- 12:24Нам пішуць

Пад такім дэвізам у школе прайшоў першы школьны злёт юных інспектараў дарожнага руху, у якім узялі ўдзел 6 атрадаў з 5—9 класаў.

Хлопчыкі і дзяўчынкі прайшлі шэраг выпрабаванняў, падчас якіх паказалі, што не толькі ведаюць правілы дарожнага руху, але і ўмеюць паводзіць сябе на дарогах, па-майстэрску ездзяць на веласіпедзе, а пры неабходнасці могуць аказаць медыцынскую дапамогу і, вядома ж, прапагандуюць сярод аднагодкаў выкананне правілаў дарожнага руху.

На злёце юных інспектараў былі праведзены тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху, экзамен на веданне асноў аказання даўрачэбнай дапамогі, фігурнае ваджэнне веласіпеда, конкурс агітацыйна-мастацкіх уяўленняў, а таксама конкурс насценных газет “Давай сябраваць, дарога!”.

На працягу ўсіх конкурсных выпрабаванняў лідзіруючую пазіцыю займаў атрад “Прыярытэт” 6 класа, які ў выніку і стаў пераможцам злёту. На 2 месцы — вучні з атрада “Бонд” (5 “А” клас), на трэцім — атрад “Аўтастоп” (7 клас). Лепшыя вынікі ў індывідуальным заліку паказалі Вольга Блажаўская (6 клас) і Юлія Анісеня (5 “А” клас).

Прызёраў узнагародзілі граматамі, а атрад-пераможцу — граматай і салодкімі прызамі. У найбліжэйшы час хлопцы возьмуць удзел у раённым злёце ЮІР.

Лічу, што ўдзел у ЮІРаўскім руху для школьнікаў — адзін са спосабаў атрымання тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах і, несумненна, служыць для прафілактыкі і папярэджання дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.

Таццяна ПАЛАНЕЙЧЫК,
намеснік дырэктара сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.