Давай з табой сябраваць

- 10:48Спецыяльная адукацыя

Спецыялістамі ЦКРНіР Бабруйска быў распрацаваны праект “Давай з табой сябраваць”. Ідэя праекта накіравана на фарміраванне адаптацыйных і камунікатыўных навыкаў, якія спрыяюць падрыхтоўцы да жыцця ў грамадстве дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця з дапамогай іх узаемадзеяння са здаровымі равеснікамі.

Адным з крокаў рэалізацыі праекта “Давай з табой сябраваць” стала распрацоўка сцэнарыяў інфармацыйных гадзін у сярэдніх школах з мэтай інфармавання навучэнцаў аб дарослых і дзецях з АПФР, аб правілах узаемадзеяння з імі, аб магчымасці аказання дапамогі людзям з абмежаваннямі, выхавання талерантных адносін да іх з боку грамадства.
На працягу лістапада і снежня 2014 года былі праведзены 4 класныя гадзіны ў сярэдніх школах № 8, № 28, № 30 і гімназіі № 1 Бабруйска для навучэнцаў 5—7 класаў. Дзеці азнаёміліся з правіламі і прыёмамі ўзаемадзеяння з дарослымі і дзецьмі з інваліднасцю, якія маюць парушэнні зроку, слыху, маўлення, перамяшчэння. З дапамогай анкетавання вывучалася інфармаванасць школьнікаў пра людзей з АПФР, гатоўнасць дзяцей дапамагчы дарослым і дзецям-інвалідам. Намі была распрацавана анкета для навучэнцаў з наступнымі пытаннямі: як вы разумееце, што перад вамі чалавек з абмежаванымі магчымасцямі (інвалід)? Дзе часцей вы сутыкаецеся з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі? (На вуліцы, у магазіне, у паліклініцы, бачу па тэлевізары, не сутыкаўся.) Як вы адносіцеся да людзей з інваліднасцю? (Са спачуваннем, хачу дапамагчы, шкада, абыякава, іншае.) Ці ведаеце вы, хто такія валанцёры? Ці даводзілася вам дапамагаць людзям з інваліднасцю? Калі так, то якім чынам? Якую дапамогу вы можаце і хочаце аказаць дарослым, дзецям з абмежаванымі магчымасцямі?
Было прапанавана прагледзець прэзентацыю пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, вывучыць інфармацыйныя буклеты і памяткі “Узаемадзеянне з невідушчымі людзьмі”, “Правілы зносін з людзьмі, якія маюць абмежаваныя магчымасці”, “Дзесяць агульных правіл этыкету”, “Спяшайцеся рабіць дабро”, “Талерантнасць — ключ да дабрабыту грамадства”, пагуляць у псіхалагічныя гульні “Чарадзейны мяшочак”, “Як ты сябе адчуваў?”, “Іншапланецяне”, “Сляпы і павадыр”, “Пазнай па голасе”, “Пазнай навобмацак” і інш. з мэтай лепшага разумення навучэнцамі стану людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Гульня “Чарадзейны мяшочак”
Дзіцяці прапаноўваецца мяшочак з прадметамі. Яму неабходна намацаць і сказаць, што знаходзіцца ў мяшочку.
Гульня “Як ты сябе адчуваў?”
Выклікаюцца 3 дзіцяці. Аднаму завязваюць вочы, а двум іншым даюць паглядзець смешны мультфільм. Пасля прагляду мультфільма першаму дзіцяці знімаюць павязку з вачэй і пытаюцца: “Як ты сябе адчуваў?”
Гульня “Іншапланецяне”
Дзеці дзеляцца на дзве групы. Адна група — іншапланецяне, другая — зямляне. Групе іншапланецян даецца заданне растлумачыць зямлянам без слоў, выкарыстоўваючы жэсты, міміку, пантаміму, што яны прыляцелі з іншай планеты і хочуць пасябраваць з жыхарамі Зямлі. А зямляне павінны зразумець, што хочуць іншапланецяне, і даць ім адказ.
Падчас класных гадзін неабходна расказваць дзецям цікавыя факты пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыклад, пра тое, што часта людзі з інваліднасцю, стараючыся даказаць сваю паспяховасць, дабіваюцца большага, чым звычайныя людзі. Нашу краіну праславілі беларускія параалімпійцы (паказ слайдаў). А для іх кожнае выступленне як подзвіг. Дзевяць медалёў — два залатыя і сем бронзавых — заваявалі беларускія спартсмены на зімовых гульнях, якія прайшлі ў сакавіку 2010 года ў канадскім Ванкуверы. Пра гучныя перамогі Людмілы Волчак у Турыне і Ванкуверы ведаюць многія (2 залатыя і 2 сярэбраныя медалі). Зборная Беларусі зарабіла 5 медалёў на чэмпіянаце свету па спартыўных танцах на калясках у Гановеры (Германія) (слайды). Беларуская пара Ганна Гарчакова і Ігар Кісялёў сталі абсалютнымі чэмпіёнамі свету па танцах на інвалідных калясках. Бабруйчанін Ігар Бокій, параалімпійскі спартсмен-плывец, на летніх Параалімпійскіх гульнях у Лондане ў 2012 годзе выйграў 6 медалёў: 5 залатых і 1 сярэбраны.
Мы спадзяёмся, што работа, якая намі праводзіцца, навучыць дзяцей быць уважлівымі да патрэб іншых людзей, цярплівымі, гатовымі дапамагчы, зразумець і прыняць чалавека з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. І тады яны з радасцю будуць мець зносіны, дзяліцца сваімі ведамі, уменнямі, дасягненнямі і адчуваць сябе патрэбнымі ў грамадстве.

Алена ДАВЫДЗЕНКА,
Вольга КУРАТА,
сацыяльныя педагогі Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Бабруйска.