Давайце далучымся да вялікага!

- 11:41Якасць адукацыі

Добрая кніга можа даць добры ўрок на ўсё жыццё: навучыць любіць сваю зямлю, аберагаць сваю гістарычную спадчыну, любіць бацькоў, цаніць сяброў, ведаць, што такое гонар, сумленне, высакароднасць, абавязак, памяць і ўсё тое іншае, без чаго ў жыцці чалавек не чалавек, а істота, якая бясследна прамільгне на зямлі, не пакінуўшы нічога пасля сябе. Але гэтага можна пазбегнуць, бо ёсць Янка Купала, Якуб Колас, В.Быкаў, А.Дудараў, У.Караткевіч, Я.Пушча, Л.Геніюш, А.Разанаў, П.Панчанка, Р.Барадулін і ўсе тыя вялікія творцы беларускай літаратуры, бясслаўна забытыя і мала, на жаль, нам вядомыя. Але веліч іх ад гэтага не змяншаецца.

Мы спасцiгаем у лiтаратуры дух часу, з яе мы чэрпаем заканамернасцi руху, праблемы развіцця, даведваемся, чым жыў i жыве народ, вывучаем яго менталiтэт. Асноўныя спружыны руху часу i грамадства так сплецены з асноўнымi спружынамi лiтаратурнага развіцця, што іх i трэба разглядаць разам: рух часу — рух жыцця — рух лiтаратуры. Дзякуючы мастацкаму слову, мы спасцігаем родны край, жыццё народа ў гэтым краі, даследуем сябе i адкрываем свет.

Бясспрэчна, на працягу стагоддзяў беларуская літаратура дала свету больш, чым свет ведае пра яе. В.А.Сухамлінскі сцвяр­джаў: “Літаратура вывучаецца ў школе не для таго, каб здаць яе. Яна павінна ўвайсці ў духоўны свет кожнага чалавека на ўсё жыццё як штодзённыя ўзаемаадносіны з прыгажосцю”. Літаратура — базавы набор жыццёвых патрэб (тое ж самае, што і глядзець на зоркі, кахаць, здзіўляцца). Літаратурны твор павінен стаць патрэбай, як ежа для страўніка. Гэта, на мой погляд, паступовы працэс выхавання неабходнай прысутнасці разваг, думак, эмоцый, суперажывання, сапраўдных пачуццяў, якія можа даць твор мастацкай літаратуры кожнаму, хто яго разгорне.

На пачатку свайго знаём­ства з вучнямі я стараюся зрабіць так, каб літаратура была ўсюды: шмат цытую (прыказкі, прымаўкі, афарызмы), расказваю прытчы, у пэўнай жыццёвай сітуацыі праводжу паралель з творам і наадварот, чытаю вершы і прозу на памяць (часам на фізкультурнай хвілінцы, калі дзеці за партамі могуць заплю­шчыць вочы і ўяўляць каляровыя малюнкі маіх тэкстаў, марыць), дзялюся навінкамі літаратуры, прэзентую новыя выданні, прасочваю сувязь з іншымі творамі мастацтва.

Перад вывучэннем пэўнага твора “смачна” расказваю пра яго аўтара, раблю пісьменніка максімальна блізкім і зразумелым, зямным. Для гэтага шукаю ўспаміны пра яго, дзённікавыя запісы, цікавыя фотаздымкі, буклеты пра жыццё і дзейнасць, гуказапісы голасу. Люблю дзецям паўтараць: “За сваё жыццё любы з нас можа напісаць адну кнігу. Калі ж кніг многа — гэта талент і Божы дар. Давайце далучымся да вялікага”. І спрацоўвае вучнёўская ціка­васць — аснова пазнавальнай дзейнасці.

Пры кожнай новай сустрэчы з аўтарам гавару дзецям пра тое, якая сур’ёзная адказнасць ляжыць на нас за ўсё, што бу­дзе сказана ў яго адрас сёння, бо, нагадваю, чалавек жыве да таго часу, пакуль пра яго памя­таюць на зямлі… Таму на ўроках заўсёды прысутнічае партрэт пісьмен­ніка.

Не чытаць — нельга. Для малодшых класаў ствараю такія ўмовы праверкі ведаў, што не прачытаеш — не рушыш наперад: штодзённы кантроль за якасцю чытання (віктарыны, пераказ тэксту, сціслы змест, пытанні сяброў і сябрам). Вучні ведаюць, што іх галоўная задача, умова далейшага поспеху — дэталёвае веданне зместу.

А потым пачынаецца асноўная праца — адкрыццё ўсіх тонкасцей сюжэта, зваротная сувязь, увага да дэталей. Выкладанне вядзецца на жыццёвай аснове праз праламленне на ўласны вопыт і вопыт бацькоў, зварот да мудрасці ўсяго чалавецтва, улічваючы ўласныя назіранні. Урокі становяцца праблемнымі, прымушаюць думаць усіх без выключэння. Вучнёўскія развагі на этапе асэнсавання інфармацыі могуць быць выкліканы мной праз рад асацыяцый, аналогій, праз псіхалагічныя паўзы, спыненні пры чытанні, калектыўнае мысленне.

З улікам узроставых і інтэ­лектуальных асаблівасцей максімальна даходліва расказваю аб сутнасным. І тады пазнавальная дзейнасць вучняў актуалізуецца сама па сабе, бо такі далёкі ад нас па часе твор становіцца рэалістычным і зразумелым. У працэс разваг уключаюцца ўсе, далей мы працуем разам: шукаем праўду, асуджаем героя ці апраўдваем яго, шукаем адказ на пытанне, дзе прычыны таго, што ўсё так, як ёсць, не шкадуем моцнага слоўца, смяёмся ад душы і плачам. І я з імі плачу, не іграю ролю, а плачу, калі мне балюча, і не саромеюся сваіх слёз. Перажытыя эмоцыі так многа даюць чалавеку для разумення яго ўласных чалавечых якасцей, робяць безабаронным, але не бездапаможным, бо гартуюць волю і характар.

Апора на эмацыянальна-пачуццёвую сферу пры актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў дае нам магчымасць зблізіцца, знішчыць рамкі “настаўнік — вучань” і дазваляе стаць проста людзьмі, якім усё, што адбываецца ў творы, блізка і зразумела, бо героі таксама людзі. І хто з нас можа сцвярджаць, што іх гісторыя надуманая, бо з мільярда чалавечых лёсаў і гэты меў права быць рэальнасцю…

Дзеці выказваюцца. І важкім я раблю кожнае дзіцячае меркаванне, ствараю атмасферу падтрымкі і паразумення, даверу. Пасля таго як усе жадаючыя выказаліся, знаёмлю іх  са сваёй пазіцыяй на прачытанае. Разам мы шукаем ісціну і не баімся памыляцца.

У кожнага з нас, бясспрэчна, ёсць вучні, якія зусім мала чытаюць. Яны не патрабу­юць нічога і пагаджаюцца з адзнакай “адзі­н” — “два”. У іх ад нара­джэння ёсць імкненне пазнаваць, але разумовая лянота (спакой) перасільвае яго. Як сцвярджаюць псіхолагі, гэта з’яўляецца вынікам няўмення вучыцца, якое так і не сфарміравалася ў пачатковай школе.

Але і ў адносінах да такіх вучняў я ніколі не апускаю рукі, суцяшаю сябе меркаваннем, што працэс слухання значна больш складаны за працэс гаварэння. А ўжо ўменне прымусіць слухаць вучня залежыць у поўнай меры ад майстэрства педагога, яго сцэнічнасці, дыкцыі, манеры падачы матэрыялу.

Бясспрэчна, калі вучань атрымае многа новай інфармацыі, яму будзе складана, а калі мала — сумна. Пэўны дэфіцыт інфармацыі можа замяшчацца асацыяцыямі, заснаванымі на асабістым вопыце або фантазіі. Нестандартныя пытанні і праблемныя сітуацыі здзіўляюць. А само здзіўленне і ёсць крок да пазнання.

Мае вучні на ўроках літаратуры заўсёды шмат творча працу­юць: сінквейны, хоку, міні-сачыненні, ілюстраванне, інсцэніраванне, крыжаванкі.

Я не ведаю, як мне гэта часам удаецца, але са сваімі вучнямі чытаю не толькі праграмныя творы, але і звыш гэтага. Часта пытаюся: “Прапанаваць вам пачытаць твор для душы?” І дзеці згаджаюцца і нават не пытаюцца, наколькі твор вялікі, бо з практыкі ведаюць: дрэннага не параю (прывыклі мне давяраць). І мы чытаем і аналізуем “Аблаву”, “Кар’ер” В.Быкава, “Рама­ніху” Э.Ажэшкі, “Млечны Шлях” К.Чорнага, “Сады вятроў” Я.Пушчы, вершы Р.Тармолы-Мірскага, Л.Геніюш, сучасную прозу В.Гапеева, У.Сця­пана.

Каб зматываваць вучыць якасна, многа гавару пра тое, што гэта развівае памяць;  для прыкладу сама шмат чытаю па памяці, задаю значна раней верш, чым буду яго пытацца. У рэшце рэшт, гавару пра сваю матулю, якая да гэтага часу памятае вершы ўсёй школьнай праграмы (простая вясковая жанчына!).  Для мяне не самамэта паставіць “два”, калі штосьці ў вучня не атрымалася (усё індывідуальна — магу даць яшчэ шанс). Перад тым як у канцы года здаць падручнікі, мы ўсе вершы згадваем і ладзім конкурс чытальнікаў.

Бывае, вучні слухаюць гуказапісы з узорным чытаннем вершаў і прозы. А інтэрнэт цяпер дае магчымасць адшукаць гучанне песень, што напісаны на словы беларускіх паэтаў. Фонавая музыка сама па сабе вельмі часта суправаджае мае ўрокі. Яна і маё ўступнае слова ствараюць агульны настрой на шчырую размову, выклікаюць зацікаўленасць.

Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення — мая самая любімая з сучасных адукацыйных тэхналогій. Менавіта крытычнае мысленне дае магчымасць кожнаму навучыцца думаць над тым, як жывеш, чаму жывеш, куды ідзеш па дарозе жыцця, што пакінеш пасля сябе.

На мой погляд, калі чалавек думае, то ён і жыве інакш, таму сваіх вучняў на этапе аналізу твора вельмі часта пакідаю сам-насам з тэкстам. Перасядаю за парту, саступаючы месца таму, хто дома рыхтаваў шчырую размову для розуму і сэрца… І вучні мае размаўля­юць паміж сабой: вучацца не баяцца выказвацца, агучваць сваё меркаванне, спрачацца, разважаць, пава­жаць суразмоўніка і адшліфоў­ваць уменне адстойваць уласную пазіцыю, што потым спатрэбіцца ў жыцці.

Рыхтаваць віктарыны да твора з цягам часу становіцца цікава і захапляльна. Удумліва прачытаеш — удала напішаш. Вы скажаце: “Спішаш…” А гэта ўжо залежыць ад агульнай унутранай культуры вучня, павагі да настаўніка, якую таксама трэба заслужыць.

Часта мае вучні самастойна ацэньваюць адказы аднакласнікаў, выстаўляючы адзнакі. Потым мы іх агучваем, аналізуем, выпраўляем недахопы.

Кожны мой урок літаратуры — момант падумаць аб жыцці і сваім месцы ў ім, магчымасць чарговы раз не спудлаваць, пражыўшы чужое жыццё і прааналізаваўшы чужыя памылкі.

Вучань для мяне — гэта хоць і малы, але чалавек. Я павінна выхаваць у ім станоўчыя якасці, маральныя, эстэтычныя і этычныя каштоўнасці, патрыятызм і гуманізм. Навучыць новае пакаленне жыць так, каб быць шчаслівымі, знайсці сваё месца ў жыцці, сваё прызванне, стварыць моцныя сям’і, самарэалізавацца, — вось у чым, на мой погляд, сутнасць адукацыі. Так ці інакш, за нашымі дзецьмі будучыня, і кожны літаратурны твор, які пройдзе праз іх розум і сэрца, павінен дапамагчы ім зрабіць яе светлай!

Ала ПРОХАРАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Наваполацка.