“Давайце сябраваць!”

Першую міжуніверсітэцкую рэгіянальную алімпіяду па рускай мове як замежнай правялі на Віцебшчыне

У спаборніцтве прынялі ўдзел 5 каманд — замежныя студэнты з Грэцыі, Шры-Ланкі, Туркменістана, Ірана і Лівана, якія выступалі за свае альма-матар: Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава і Віцебскі філіял Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”. Кожная з каманд складалася з 3 студэнтаў, у журы ўвайшлі вопытныя выкладчыкі — прадстаўнікі названых устаноў вышэйшай адукацыі.

На шляху да перамогі неабходна было паспяхова вытрымаць два іспыты. Першы тур уяўляў сабой вуснае выказванне на вольную тэму, ацэньвалася багацце лексікі, правільнасць вымаўлення, лагічнасць выкладання. У другім туры патрабавалася прадэкламаваць вершаваны твор на выбар. Зразумела, узровень валодання рускай мовай быў розны: хтосьці да прыезду ў Беларусь вучыўся ў рускамоўнай школе, а ў кагосьці ў актыве пакуль толькі паўгода вучобы на падрыхтоўчым аддзяленні. Але як экспрэсіўна і шчыра выступалі ўсе студэнты, як стараліся раскрыць тэму, перадаць свае думкі і пачуцці! Расказвалі аб сваёй будучай прафесіі, першыя крокі ў якую яны зрабілі на віцебскай зямлі, аб удзеле ў валанцёрскім руху, аб роднай краіне, яе гісторыі і сучаснасці, гарадах і памятных мясцінах — атрымалася захапляльная завочная экскурсія. Сярод прачытаных вершаў пераважалі творы нацыянальных літаратур у перакладзе, але меў месца і паэтычны дэбют — аўтар пазнаёміла з уласным вершам на рускай мове.

— Алімпіяда была арганізавана па ініцыятыве і на базе нашай установы адукацыі, — расказала намеснік дырэктара Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” Святлана Костырава. — Па выніках двух тураў у лідары выйшла каманда медыцынскага ўніверсітэта, яна і стала ўладальнікам гран-пры. Дыплом І ступені — у -каманды ВДУ імя П.М. Машэрава. На 2-м месцы — каманда акадэміі ветэрынарнай медыцыны, 3-е месца гаспадары спаборніцтва падзялілі з палачанамі. Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт уручыў спецыяльны прыз сімпатый гледачоў Мукалед Алі з ВДАВМ.

Назвай і дэвізам алімпіяды мы выбралі словы “Давайце сябраваць!”. Сапраўды, за час мерапрыемства студэнты перазнаёміліся і, я спадзяюся, знайшлі новых сяброў. Гэта значыць, што працяг абавязкова будзе!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.