Даваць надзею на поспех кожнаму вучню

- 11:28Спецыяльная адукацыя

“У дзяцей, як і ў птушак, таксама ёсць крылы, якія часта дорым ім мы, педагогі, дапамагаючы развівацца дзіцячым здольнасцям і талентам. Але чаму мы “падразаем крылы” непаспяховым у вучобе дзецям, з асаблівымі патрэбамі ў навучанні, нібыта папракаем іх у гэтым? Дрэнная паспяховасць — не заўсёды віна дзяцей, хутчэй гэта іх бяда. Акрыляць тых, каму цяжка ляцець, даваць надзею на поспех, нават калі апускаюцца рукі, — у гэтым я бачу сутнасць работы педагога, які працуе з дзецьмі з АПФР”, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Вольга Іванаўна Лугаўская — настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі, суперфіналіст конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2001”.

Не ўпусціць каштоўны час

Пасля 8 класа Вольга Лугаўская паступіла ў педагагічнае вучылішча, якое скончыла з адзнакай у 1975 годзе. Першым месцам работы дзяўчыны стаў дзіцячы дом для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. У 1982 годзе Вольга Іванаўна закончыла дэфекталагічны факультэт цяперашняга БДПУ імя Максіма Танка. Ёй даводзілася працаваць і выхавальнікам, і загадчыцай дзіцячага садка, і настаўніцай пачатковых класаў. Настаўнікам-дэфектолагам класа інтэграванага навучання і выхавання В.Лугаўская стала ў 1996 годзе з моманту адкрыцця першага такога класа ў Кадзінскай сярэдняй школе (у ім займаліся 6 вучняў з цяжкасцямі ў навучанні).

“Не вельмі проста было працаваць у інтэграваных класах у самым пачатку іх стварэння, — гаворыць настаўніца. — Не ўсе бацькі прызнавалі, што іх дзіцяці патрабуецца спецыяльная дапамога, наадварот, былі ўпэўнены, што яно павінна вучыцца па агульнаадукацыйнай праграме. Даводзілася пераконваць: “Уявіце, што вы на працягу 6 гадзін у дзень знаходзіцеся ў класе, дзе ўсе гавораць на незразумелай для вас мове, — звярталася я да бацькоў. — Адпаведна, што вы нічога не разумееце, вам нецікава і не хочацца прыходзіць на заняткі. І ў такі клас вы адпраўляеце сваіх дзяцей. Вы адмаўляецеся ад дапамогі спецыялістаў і ўпускаеце каштоўны час, які мог бы быць патрачаны на карэкцыю і рэабілітацыю. Многія са мной пагаджаліся. Ужо пасля першага выпуску інтэграванага класа ўсе бацькі, чые дзеці вучыліся ў ім, сталі маёй падтрымкай і апорай ва ўсіх пытаннях”.

У 2001 годзе Вольга Іванаўна Лугаўская прыняла ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, прайшла ў суперфінал і стала дыпламантам. У 2003 і ў 2005 гадах настаўніца ўдзельнічала ў I і ІІ Рэспубліканскім конкурсе “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў навучанні і выхаванні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Рэгіянальныя мадэлі спецыяльнай адукацыi”, дзе двойчы атрымала дыпломы Міністэрства адукацыі — за работу “Карэкцыйныя заняткі па падручніку А.М. Канаплёвай, Т.Л.Ляшчынскай “Мы вучымся і развіваемся” (35 канспектаў), які прызначаны для заняткаў у класах інтэграванага навучання і ў школьных пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, і за прадстаўленую аўтарскую сістэму карэкцыйных заняткаў, заснаваную на матэрыяле беларускіх народных казак (35 канспектаў), распрацаваных для той жа катэгорыі дзяцей з АПФР.

У 2014 годзе настаўніца атрымала катэгорыю “настаўнік-метадыст” за вопыт “Сістэма карэкцыйных заняткаў па развіцці пазнавальнай дзейнасці ў рабоце з дзецьмі з АПФР”.

Ад інтэграцыі да інклюзіі

Кадзінская сярэдняя школа з’яўляецца апорнай у Магілёўскім раёне па развіцці інтэграванага навучання і выхавання. Сёння тут займаюцца 388 дзяцей, з іх з АПФР — 14, дзейнічаюць 4 класы інтэграванага навучання.

Згодна з палажэннем, такі клас можна адкрыць, пачынаючы з 2-га (у 1-м рэкамендуецца ствараць для дзяцей роўныя магчымасці). Вольга Іванаўна не зусім пагаджаецца з гэтым, бо калі дзіцяці патрэбна дапамога, то навошта траціць год. У яе займаецца хлопчык у 6 класе па праграме дапаможнай школы. Калі ён толькі прыйшоў у 1 клас, то ўвогуле не размаўляў. Своечасовая дапамога спецыялістаў паспрыяла таму, што дзіця пачало гаварыць, у яго застаюцца толькі парушэнні граматычнай будовы маўлення. Да 4 класа ўсе дзеці з цяжкасцямі ў навучанні пры правядзенні належнай карэкцыйнай работы і падтрымцы бацькоў, як правіла, выраўноўваюцца з асноўнай катэгорыяй навучэнцаў і ў 5 класе працягваюць навучанне па праграме агульнаадукацыйнай школы. Калі ж у вучня інтэлектуальная недастатковасць, то ён працягвае навучанне па праграме дапаможнай школы.

Яшчэ прыклад. У 1 клас Кадзінскай школы паступіла дзяўчынка на калясцы, якой было рэкамендавана навучанне дома. Яна была залічана ў звычайны (неінтэграваны) клас, паколькі не мела іншых праблем у развіцці. Яе мама вырашыла, што не варта пакідаць дачку дома, таму будзе прывозіць яе ў школу на асноўныя ўрокі. Ніякіх праблем пры гэтым не ўзнікла. Хіба што ў класе пакуль няма памочніка, які пастаянна суправаджаў бы дзяўчынку ў сталовую, санітарны пакой і г.д. Звычайна гэта робяць настаўнікі агульнымі намаганнямі.

Ёсць у школе і другі хлопчык, якому рэкамендавана навучанне дома па праграме ЦКРНіР. У свае 12 гадоў ён не размаўляе. Яго мама таксама пажадала прыводзіць сына на індывідуальныя заняткі да Вольгі Іванаўны (10 урокаў у тыдзень), якія яна з ім праводзіць пасля асноўных сваіх урокаў. Займаецца з ім трэці год. Больш за ўсё хлопчык любіць выконваць заданні на камп’ютары. Ён добра арыентуецца ў школе, з ахвотай кантактуе з дзецьмі.

Названыя прыклады сведчаць аб інклюзіўных тэндэнцыях, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі краіны і ў асобна ўзятай школе. Дарэчы, з 2013 па 2015 год Кадзінская школа ўдзельнічала ў міжнародным праекце “Усходняе партнёрства ў педагагічных інавацыях у інклюзіўнай адукацыі” (INOVEST), знаходзілася ў ліку 30 пілотных устаноў рэспублікі па ўкараненні інклюзіўнай адукацыі.

Кірункі карэкцыйнай работы

Правядзенне ўрокаў ніколі не выклікала ў Вольгі Іванаўны цяжкасцей. Яны ўзнікалі толькі пры арганізацыі і правядзенні карэкцыйных заняткаў. Вельмі важны, калі не сказаць галоўны кірунак такой работы — развіццё пазнавальнай дзейнасці, выпраўленне або змякчэнне адхіленняў у развіцці дзяцей, фарміраванне і развіццё асобы з мэтай яе паспяховай сацыялізацыі.

У пачатку педагагічнай дзейнасці шмат часу ў Вольгі Іванаўны ішло на падбор матэрыялу для карэкцыйных заняткаў. Хутка прыйшло рашэнне аб неабходнасці распрацаваць сістэму карэкцыйных заняткаў з дзецьмі, аб’яднаных адной тэмай ці ідэяй. Паспрыяла гэтаму цікавасць вучняў да ілюстрацыйных матэрыялаў дапаможніка А.М.Канаплёвай і Т.Л.Ляшчынскай “Мы вучымся і развіваемся”. Пры распрацоўцы адпаведных заняткаў Вольга Іванаўна брала тэмы, блізкія дзецям, абапіралася на іх жыццёвы вопыт. Гэты цыкл карэкцыйна-развіццёвых заняткаў быў выдадзены ў 2004 годзе ў серыі “Вучымся і развіваемся”: “Інтэграванае навучанне. Планы-канспекты карэкцыйна-адукацыйных заняткаў у пачатковай школе”.

Яшчэ адзін кірунак — работа па папярэджанні і ліквідацыі дысграфіі. Вольга Іванаўна распрацавала цыкл (з 30 заняткаў) “Карэкцыйна-развіццёвыя заняткі па развіцці пазнавальнай дзейнасці і ліквідацыі дысграфіі малодшых школьнікаў з цяжкасцямі ў навучанні і інтэлектуальнай недастатковасцю” (заняткі надрукаваны Магілёўскім абласным ІРА ў 2011 годзе). Работу па ліквідацыі недахопаў пісьмовага маўлення педагог імкнецца звязваць з работай па ліквідацыі асаблівасцей у развіцці.

Педагог таксама распрацавала цыкл карэкцыйна-развіццёвых заняткаў па матэрыялах беларускіх народных казак “Будзем знаёмы — беларуская казка” (дзве часткі), які быў выдадзены ў 2011 годзе. Успрымаючы і асэнсоўваючы казку, дапамагаючы яе героям у розных сітуацыях, дзіця выхоўвае стылі ўзаемаадносін і мадэлі паводзін з іншымі людзьмі. Перажытыя ім падзеі казкі ўскосна ўплываюць на жыццёвы вопыт дзіцяці. Беларускія казкі настаўніца брала ў рускамоўным варыянце, бо працуе ў рускамоўнай школе.

Па водгуках слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі ІРА, усе распрацоўкі Вольгі Іванаўны знаходзяць шырокае прымяненне ў практыцы работы настаўнікаў-дэфектолагаў Магілёўскай вобласці.

“Разам з настаўнікамі-дэфектолагамі нашай школы Наталляй Аляксееўнай Юхімец (педагогам-псіхолагам) і Ірынай Мікалаеўнай Астроўскай (настаўніцай выяўленчага мастацтва) мы пастаянна шукаем шляхі аптымальнай дыягностыкі і новыя формы работы з дзецьмі, — адзначае Вольга Іванаўна. — У 2012 годзе быў выдадзены наш сумесны зборнік “Карэкцыйна-развіццёвыя заняткі для малодшых школьнікаў з выкарыстаннем сродкаў выяўленчай дзейнасці”. Малюючы і канструюючы, працуючы з пластылінам або пяском, дзіця лягчэй арыентуецца ў навакольным асяроддзі, уяўляе аб’ём і памеры прадмета, актывізуе свой сенсаматорны вопыт. Пры правядзенні такіх заняткаў асаблівую ўвагу ўдзяляю развіццю дробнай маторыкі, зрокава-рухальнай каардынацыі, аналізу формы і колеру навакольных прадметаў, іх слоўнага абазначэння. Хлопчыкам і дзяўчынкам больш за ўсё падабаецца работа з пяском. Для больш шырокага выкарыстання методыкі пескатэрапіі ў школе выраблены столік з арганічнага шкла з падсветкай”.

Вольга Іванаўна актыўна прымяняе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Апошнія 5 гадоў раз на тыдзень яна праводзіць карэкцыйныя заняткі ў камп’ютарным класе. Тут жа знаходзіцца інтэрактыўная дошка. Добра знаёмы дзецям камп’ютарныя праграмы “Руская мова. Пачатковая школа”, “Матэматыка. Пачатковая школа”, “Матэматыка. Спецыяльная адукацыя”, “Свет вакол мяне” і многія іншыя. Разам з настаўніцай інфарматыкі Наталляй Васільеўнай Федчанка Вольга Іванаўна распрацавала воблака для ўрокаў па сацыяльна-бытавой арыенціроўцы, якія былі напоўнены цікавымі крыжаванкамі і заданнямі.

Педагогам назапашаны матэрыял для распрацоўкі новага цыкла карэкцыйных заняткаў з выкарыстаннем інтэрактыўных тэхналогій.

Паспяховая сацыялізацыя для кожнага

Стварэнню камфортных умоў для дзіцяці ў школе спрыяе і пазакласная работа. Да кожнага мерапрыемства, што праводзіцца ў інтэграваных класах, рыхтуюцца выступленні дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, яны з’яўляюцца не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі ўсіх школьных творчых і спартыўных мерапрыемстваў.

Праект Вольгі Іванаўны “Фарміраванне навыкаў энергазберажэння ў дзяцей з АПФР” стаў пераможцам раённага этапу конкурсу і заняў 3-е месца ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” у намінацыі “Лепшы педагог па арганізацыі работы па выхаванні культуры энергазберажэння навучэнцаў”. Часткай гэтага праекта стала напісанне і пастаноўка казкі на новы лад “Рэпка”. У пастаноўцы прынялі ўдзел усе дзеці з АПФР. Вучні Вольгі Іванаўны перамаглі на раённым этапе X Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” у намінацыі “Тэатральная творчасць”.

У школе існуе практыка правядзення рознаўзроставых мерапрыемстваў для дзяцей, дзе былыя вучні класаў інтэграванага навучання з’яўляюцца памочнікамі, старэйшымі таварышамі для малодшых. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць паказаць бацькам поспехі і далейшыя перспектывы ў развіцці асаблівых дзяцей. У рабоце з бацькамі класа інтэграванага навучання, якія выхоўваюць дзяцей з АПФР, незаменнымі памочнікамі і праваднікамі ідэй сталі бацькі былых вучняў інтэграваных класаў.

Вопыт работы, якая праводзілася з бацькамі, настаўнікаў Т.В.Гаспадаравай — класнага кіраўніка 7 класа, у якім вучацца былыя вучні класа інтэграванага навучання, А.І.Пунінскай (класнага кіраўніка класа інтэграванага навучання) і В.І.Лугаўской — настаўніка-дэфектолага, быў абагульнены і прадстаўлены ў 2012 годзе на Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту ўстаноў адукацыі, што праходзіла ў Мінску.

Ці змогуць усе дзеці вучыцца па адзінай праграме?

“Ці змогуць усе дзеці з АПФР у перспектыве вучыцца ў звычайных школах? Мяркую, што пакуль мы да гэтага не гатовы, — разважае Вольга Іванаўна. — Напрыклад, для навучання невідушчых дзяцей павінны стварацца спецыяльныя ўмовы, прымяняцца свая методыка. Недахопы ёсць і ў сістэме інтэграванай адукацыі. Не зусім правільна, на мой погляд, калі адзін вучань (з АПФР) з усяго класа займаецца па сваёй спецыяльнай праграме і падручніку, які быў да яе выдадзены, а ўсе астатнія вучацца па агульнаадукацыйнай праграме і адпаведных падручніках. Гэта значыць, што адзін вучань праходзіць не тую тэму, якую засвойваюць усе яго аднакласнікі.

Адносна інклюзіўнай адукацыі мяркуецца, што ўсе дзеці будуць займацца па адзінай праграме. Але і тут узнікаюць пытанні. Ці варта дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю вучыць па агульнаадукацыйнай праграме? Якой будзе роля настаўніка-дэфектолага пры інклюзіўным навучанні? Узровень ведаў вучняў, якія займаюцца па праграме дапаможнай школы, прыкладна адпавядае ўзроўню ведаў навучэнцаў пачатковай агульнаадукацыйнай школы. Дзеці, якія вучацца па спецыяльных праграмах, маюць большую колькасць гадзін працоўнага навучання ў параўнанні з астатнімі, у іх ёсць курс сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, некаторыя з іх не вывучаюць англійскую мову, фізіку, хімію і г.д. Такі падыход, на мой погляд, павінен заставацца і ў далейшым. Лепшым выйсцем будзе вучыць дзяцей па розных праграмах, але па ўніверсальных рознаўзроўневых падручніках, у якіх будзе выкладзены даступны для кожнага вучня матэрыял з адпаведнымі рознаўзроўневымі заданнямі”.

***

“Часам мне кажуць: “Калі б ты вучыла дзяцей звычайных, здольных і таленавітых, колькі б ты ім магла даць ведаў! Такія дзеці шмат чаго дасягнулі б!” — гаворыць Вольга Іванаўна. — Што я магу адказаць? Дзякуй богу, што нам з вамі не давялося пазнаць, што такое дзіця з інваліднасцю, з парушэннямі ў развіцці. Ад гэтага не застрахаваны ніхто. Калі ж такая сітуацыя здарылася з тым, хто побач, мы павінны яму дапамагчы і падтрымаць. Ці правільна будзе, калі ўсе настаўнікі будуць вучыць толькі разумных і таленавітых? Дэфектолаг — гэта не дублёр педагога і не рэпетытар. Асаблівасць работы настаўніка-дэфектолага ў тым, што ён не можа атрымаць імгненны вынік. Карэкцыйны працэс павольны, а спецыяліст іншы раз доўгі час не можа дасягнуць выніку па выпраўленні складанага парушэння, але ўсё роўна працягвае сваю дзейнасць, прытрымліваючыся простай ісціны: хто, калі не мы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.