Давер дзеля бяспекі, надзейнасці, дружбы і супрацоўніцтва

У Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны вялікая перспектыва, і практыку правядзення такіх мерапрыемстваў плануецца прадаўжаць. Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мерапрыемствы першага дня форуму напярэдадні прайшлі добра. “Людзі вельмі задаволены, шмат аб чым дамовіліся, многія заключылі кантракты. Таму ў гэтага мерапрыемства вялікая перспектыва, і мы заўсёды будзем рады бачыць вас у Беларусі”, — сказаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, наступны форум пройдзе на тэрыторыі Украіны. “І мы з задавальненнем вялікай дэлегацыяй прыедзем у той горад, які вы вызначыце”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў Пятра Парашэнку ў Гомелі. “Вы, напэўна, адчуваеце, што ён нічым не адрозніваецца ад цудоўных украінскіх гарадоў. Гэта зразумела, паколькі да граніцы тут літаральна рукой падаць. Тут вельмі шмат жыве ўкраінцаў, грамадзян Украіны (асабліва ў апошні час), якія ў сувязі з канфліктам перасяліліся сюды”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прывёў даныя, што ўсяго з Украіны ў Беларусь у гэты перыяд прыехала прыкладна 150 тысяч чалавек, некаторыя ўжо вяртаюцца назад. “Але галоўнае не ў гэтым. Галоўнае ў тым, што гэты цяжкі перыяд прайшоў. Таму што нам трэба было людзям дапамагчы, працаўладкаваць іх, і мы з імі абыходзіліся, як са сваімі людзьмі. Таму Гомель — гэта добры, цёплы горад для ўкраінцаў”, — дадаў ён.

“Паміж Украінай і Беларуссю ёсць давер, паміж Лукашэнкам і Парашэнкам ёсць давер. І я абсалютна ўпэўнены, што гэты давер выльецца ў бяспеку, надзейнасць, дружбу і супрацоўніцтва”, — падкрэсліў у сваю чаргу ўкраінскі лідар.

Ён дадаў, што граніца паміж Беларуссю і Украінай павінна быць выключна граніцай міру, дружбы і надзейнасці. “І вы, і я прыкладаем для гэтага максімальныя намаганні”, — адзначыў Пётр Парашэнка.

Прэзідэнт Украіны падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ідэю правядзення Форуму рэгіёнаў. “Сёння мы пераканаліся, што наша рашэнне аб правядзенні форуму было правільным. Падпісана ўжо шэсць дагавораў. Будзе падпісаны яшчэ шэраг пагадненняў паміж нашымі рэгіёнамі. І ад гэтых дагавораў будуць лепш жыць людзі і ва Украіне, і ў Беларусі”, — сказаў ён.

Пётр Парашэнка таксама звярнуў увагу на тое, як сустракаюць украінскую дэлегацыю, на добраўпарадкаванне Гомеля, цёплы прыём ад мясцовых жыхароў. “Гэта лепш, чым словы якой бы там ні было прапаганды аб напружанні паміж нашымі народамі. Адносіны паміж нашымі народамі сёння характарызуюцца дружбай і супрацоўніцтвам гэтак жа, як і адносіны паміж прэзідэнтамі”, — падкрэсліў украінскі лідар.

“Мы абсалютна ўпэўнены, што адносіны выйшлі на сур’ёзны рост”, — заявіў Пётр Парашэнка. Ён, у прыватнасці, адзначыў сур’ёзны рост тавараабароту паміж краінамі, назваўшы гэты факт сведчаннем таго, што бакі не выбудоўваюць ахоўныя бар’еры, а, наадварот, расчышчаюць іх. “Прадукцыя беларускага машынабудавання, харчовай прамысловасці, будаўнічыя, дарожна-будаўнічыя кампаніі з Беларусі адчуваюць сябе вельмі камфортна ва Украіне. Рост паставак украінскай прадукцыі ў Беларусь рухаецца апераджальнымі тэмпамі. Для нас вельмі важна зберагчы гэтыя тэндэнцыі”, — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Вельмі важным Пётр Парашэнка назваў супрацоўніцтва паміж людзьмі. У якасці прыкладу ён прывёў правядзенне Дзён культуры Украіны ў Беларусі. “І гэтую практыку мы з вамі павінны курыраваць і прадаўжаць. Таму што адносіны паміж людзьмі — гэта залог добрых адносін паміж краінамі”, — упэўнены прэзідэнт.

Пётр Парашэнка адзначыў важнасць каардынацыі дзеянняў Украіны і Беларусі ў тым ліку на знешняй арэне, у пытаннях бяспекі.

Дамоўленасць аб правядзенні ў 2018 годзе ў Гомелі I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны была дасягнута ў ходзе афіцыйнага візіту ва Украіну Прэзідэнта Беларусі 20—21 ліпеня 2017 года. Праграма міжрэгіянальнага форуму разлічана на два дні і ўключае ў сябе выстаўкі прадукцыі прадпрыемстваў дзвюх краін, пасяджэнне беларуска-ўкраінскага кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва, правядзенне дзелавых перагавораў паміж прадстаўнікамі ўкраінскіх і беларускіх кампаній, галіновых секцый і пасяджэнняў экспертных рабочых груп, канцэрта Дружбы і іншых мерапрыемстваў.

Па выніках студзеня — жніўня 2018 года тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай склаў $3,66 млрд і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017-га павялічыўся на 23,7 працэнта, экспарт — $2,71 млрд (рост на 23,5 працэнта).

У Беларусі дзейнічаюць 295 прадпрыемстваў з украінскім капіталам, у тым ліку 122 сумесныя. Ва Украіне створана 8 сумесных зборачных вытворчасцей рознай беларускай тэхнікі. У цэлым ва Украіне функцыянуе больш за 100 арганізацый тавараправоднай сеткі беларускай прадукцыі.