Давер і ўзаемная павага

Самы дзейсны сродак у выхаванні і навучанні — гэта ўласны прыклад. Убачыўшы, як педагог захапляецца сваім прадметам, нават самым складаным і, на першы погляд вучня, сумным, дзіця пажадае разабрацца, што ж цікавага можна знайсці ў гэтай навуцы. І калі такое жаданне сустрэнуць з разуменнем і павагай, падтрымаюць, тады абавязкова народзіцца любоў да вучэбнага прадмета. Калісьці так адбылося і ў дзяцінстве Уладзіміра Уладзіміравіча Зылевіча, настаўніка фізікі і астраноміі Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна.

Уладзімір Уладзіміравіч узгадвае, што фізіка і астраномія цікавілі яго падчас вучобы ў Любанскай сярэдняй школе Лунінецкага раёна. Ціка­васць хлопчыка заўважыў настаўнік фізікі і астраноміі Мікалай Васільевіч Булатоўскі. Уладзімір Уладзіміравіч з удзяч­насцю ўзгадвае, як настаўнік дазваляў яму сачыць за зорным небам праз тэлескоп. Шлях школьніка быў вызначаны — ён паступіў на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пасля выкладання ў Сянкевіцкай сярэдняй школе і сярэдняй школе № 2 Мікашэвіч педагог перайшоў на работу ў Мікашэвіцкую гімназію імя У.І.Нядзведскага. У гэтай установе ён працуе ўжо 20 гадоў. За гэты час зрабіў вядомымі і сваё імя, і імя гімназіі: Уладзімір Уладзіміравіч актыўна ўдзельнічае ў алімпіядным руху і ўдала рыхтуе вучняў да алімпіяд па фізіцы і астраноміі. Ён падрыхтаваў ужо каля сотні дыпламантаў алімпіяд раённага і абласнога ўзроўню. Дзевяць з іх занялі прызавыя месцы і на рэспубліканскім этапе.

Фізіка і астраномія — прадметы не з простых. Каб дасягнуць высокіх вынікаў на алімпіядзе, трэба, як прызнаўся сам Уладзімір Уладзіміравіч, сядзець над падручнікамі гадзінамі.

— Трэба прыступаць да пастаяннай работы з 7 класа, калі пачынаецца прадмет, — расказвае педагог. — Перш за ўсё — знайсці дзяцей са схільнасцю да фізікі, матэматыкі, інфарматыкі і паступова рыхтаваць: больш ім паказваць і тлумачыць, старацца зацікавіць. Я сачу за тым, каму якія віды работы падабаюцца: аднаму — эксперыменты, другому — вывучэнне тэорыі, трэцяму — рашэнне задач. Імкнуся кожнаму прапанаваць тое, што яму даспадобы.

Настаўнік падкрэслівае, што яго вучні — людзі мэтанакіраваныя. Яны разумеюць, што падрыхтоўка да алімпіяды — гэта магчымасць палепшыць свае веды, каб паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне, а калі атрымаецца — увогуле стаць уладальнікам сертыфіката на 100 балаў як пераможца рэспубліканскай алімпіяды. Натхняе гімназістаў прыклад старэйшых вучняў і выпускнікоў Уладзіміра Уладзіміравіча: малодшыя назіраюць за іх перамогамі і больш вераць у свае сілы, імкнуцца праявіць сябе.

Педагог таксама ўважліва сочыць за дасягненнямі сваіх выпускнікоў. Звычайна яны паступаюць на спецыяльнасці, звязаныя з праграмаваннем, у вядучыя ўніверсітэты краіны і становяцца запатрабаванымі спецыялістамі ў ІТ-сферы. Некаторыя працягваюць навучанне ў аспірантуры і магістратуры. Ёсць нават тыя, хто звязаў з навукай сваё жыццё.

Сам настаўнік прызнаецца, што яму ўдзельнічаць у алімпіядным руху дапамагае дружная супольнасць настаўнікаў фізікі Брэсцкай вобласці, дзе кожны падтрымлівае адно аднаго. Каб знаходзіць сілы на новыя дасягненні, педагог стараецца праводзіць больш часу на прыродзе, напрыклад, ходзіць у грыбы. Яшчэ адна крыніца падтрымкі — сям’я Уладзіміра Уладзіміравіча: яго жонка, Ганна Аляксандраўна, дарэчы, таксама настаўніца, і сыны — Уладзімір і Алег, якія таксама бліснулі ў алімпіядным руху і сталі пераможцамі рэспубліканскага этапу алімпіяды па астраноміі.

— Старэйшы зараз скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ і працуе праграмістам, а малодшы вучыцца ў гэтым жа ўніверсітэце, — не можа не пахваліцца, напэўна, галоўнымі ў сваім жыцці вучнямі педагог.

Іншае нечаканае для настаўніка фізікі хобі — паэзія. Уладзімір Уладзіміравіч прызнаецца, што можа і на ўроку пачытаць вучням вершы. Ён імкнецца навучыць кожнага не толькі фізіцы, але і як правільна паступаць у той ці іншай жыццёвай сітуацыі. Таму вучні ідуць да яго як да нейкага ўніверсальнага настаўніка.

Яшчэ адна прычына, па якой Уладзіміру Уладзіміравічу лёгка заваяваць прыхільнасць сваіх вучняў, — вялікая павага да вучняў. Ён даўно прыняў рашэнне звяртацца да іх на вы. Цяпер нават не заўважае гэтага. А вось навучэнцы заўсёды адзначаюць такое стаўленне з боку настаўніка, таму з большым даверам ставяцца да Уладзіміра Уладзіміравіча і ахвотна звяртаюцца да яго па параду і ў фізіцы, і ў праграмаванні, і проста ў любой складанай сітуацыі.

Менавіта з такога даверу, узаемнай павагі і агульнага захаплення прадметам, якое перадаецца ад настаўніка да вучня, і нараджаюцца спачатку школьныя перамогі, а пасля і жыццёвы поспех.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з архіва Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага.