Давяраючы адно аднаму

- 9:15Інфармацыйная гадзіна

Беларусь заўсёды займала актыўную пазіцыю ў ЕАЭС. Такое меркаванне выказаў намеснік Прэм’ер­-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, падводзячы вынікі пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета ў вузкім складзе, які прайшоў у Ерэване.

Падрабязна былі абмеркаваны пытанні, звязаныя з транзітам тавараў з трэціх краін. Як адзначыў віцэ-прэм’ер, беларускія эксперты грунтоўна адпрацавалі пагадненне па прасочвальнасці пры перавозках, яно практычна ўзгоднена, завяршаюцца ўнутрыдзяржаўныя працэдуры:

— Гэта неабходна, каб усе дакладна бачылі, які тавар ідзе, і каб у дзяржаў не было недаверу адна да адной у плане транзіту тавараў.

Таксама, паводле слоў Ігара Петрышэнкі, абмяркоўвалася пытанне, звязанае са зняццем бар’ераў і абмежаванняў:

— У сувязі з пандэміяй узрос гандаль праз інтэрнэт, мы павінны ўпарадкаваць усе гэтыя аспекты… Кіраўнікі ўрадаў прынялі адпаведны дэталёвы план.

Бакі разгледзелі таксама пытанні, звязаныя з вытворчасцю фармацэўтычных прэпаратаў.

— Адпаведны план таксама быў прыняты кіраўнікамі ўрадаў для таго, каб мы, сутыкнуўшыся з пандэміяй, маглі нала­дзіць уласную вытворчасць лекавых сродкаў і прэпаратаў для ліквідацыі наступстваў пандэміі, — дадаў віцэ-прэм’ер.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі пытанні, звязаныя з сыравінай для металургічных прадпрыемстваў, абнуленнем пошлін на электрамабілі, а таксама кліматычны парадак дня.

— Важна, што на такіх мерапрыемствах праходзяць вельмі прадукцыйныя двухбаковыя перамовы і кантакты. Мы правялі перамовы з дэлегацыямі Казахстана, Кыргызстана і Расіі, абмяняліся думкамі з армянскім бокам. У асноўным гэта пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, і дзякуючы такім сустрэчам кіраўнікоў урадаў будуць зрухі і ў плане экспарту, стварэння сумесных вытворчасцей і інш., — паведаміў Ігар Петрышэнка.