“Даю ўрок самой сабе”

Кіраўніцтва Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі настолькі дакладна ахарактарызавала Галіну Сцяпанаўну Батура, што, перш чым ісці на сустрэчу з ёй, у галаве ўжо склаўся яе вобраз і ўзнікла пачуццё, што я даўно яе ведаю. Самы вопытны педагог, выдатны майстар вытворчага навучання, вельмі адказны і дысцыплінаваны работнік, творчы і натхнёны чалавек, сучасная і заўжды на пазітыве жанчына, вельмі любіць сваю справу і сваіх выхаванцаў.

— А тое, што я амаль паўстагоддзя працую ў каледжы, не сказалі? Напэўна, гэта мой козыр, што я маю адзін запіс у працоўнай кніжцы аб працаўладкаванні ў гэтую ўстанову. Адналюбка я, значыць, — смяецца Галіна Сцяпанаўна, і яе ўсмешка схіляе да шчырай размовы.

— А я заўжды імкнуся быць у добрым настроі, — расказвае Галіна Сцяпанаўна. — Пачынаю ўрок з пазітыўных нот, магчыма, нават з вобраза восеньскага ранку, з той жоўтай лістоты, якая шамаціць пад нагамі… Імкнуся перадаць свой добры настрой і выхаванцам, а заадно распытваю, чым быў насычаны іх папярэдні дзень, чым яны займаліся, а потым паціху ўключаю іх у справу. Я пераканана, што толькі паважлівае стаўленне да кожнага чалавека, — ці гэта дарослы, ці яшчэ юнак, — дазваляе наладзіць менавіта тыя чалавечыя стасункі, якія і вядуць да паразумення. А яно так патрэбна ў нашай педагагічнай справе.

Стварэнне гэтага мастка, наладжванне зносін з выхаванцамі — гэта толькі частка справы. Важна жыць ва ўнісон са сваімі выхаванцамі, быць у цэнтры іх інтарэсаў, жаданняў, цікавіцца тым, што іх хвалюе, пачуць іх думкі і памкненні. І, канечне, быць майстрам сваёй справы.

Галіна Сцяпанаўна лічыць, што калі ты валодаеш сваёй прафесіяй на ўсе 100, не толькі патрабуеш ад навучэнца, але і сам можаш паказаць свае здольнасці, калі ты можаш здзівіць навучэнцаў, прыўнесці ва ўрок крэатыў, то выхаванцы пойдуць за табой, яны будуць ахоплены жаданнем засвойваць прафесію, удасканальваць свае веды і адточваць прафесійныя навыкі.

Сапраўды, цяпер даволі цяжка далучыць нашу сучасную моладзь да рабочай прафесіі. Цікавасць да яе апошнім часам неяк знізілася, моладзь імкнецца адразу ўзяць вяршыню, а не разумее таго, што прадукцыйней за ўсё строіць кар’еру паступова і пачынаць свой жыццёвы шлях з тых прыступак, дзе ты вучышся засвойваць прафесійныя навыкі сваімі рукамі.

Каб ажывіць цікавасць да рабочых прафесій, сёння кіпіць маштабная прафарыентацыйная работа, якая пачынаецца ў самым раннім узросце дзіцяці. У гэтым значнае месца займае дапрофільная і профільная прафесійная падрыхтоўка, якую школьнікі праходзяць ва ўстановах прафесійнай адукацыі, на прадпрыемствах, тым самым адаптуюцца да рабочай атмасферы, непасрэдна да вытворчасці. У многіх падлеткаў у школьныя гады фарміруецца цікавасць да той ці іншай прафесіі, расце жаданне па-спрабаваць свае сілы ў гэтым і ў выніку знайсці сябе.

Галіна Сцяпанаўна Батура можа паказаць амаль на кожную новабудоўлю ў Мінску і сказаць, што гэта зрабілі яе выпускнікі. А іх тысячы — маляроў, тынкоўшчыкаў, абліцоўшчыкаў, плітачнікаў, якіх навучыла прафесіі Галіна Сцяпанаўна, якім імкнулася прывіць лепшыя чалавечыя рысы, сфарміраваць характар, падрыхтаваць да самастойнага жыцця, каб у кожнага ўсё добра склалася.

— Калі я сама засвойвала будаўнічую прафесію ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы, то нярэдка, гледзячы на свайго майстра вытворчага навучання, лавіла сябе на думцы, што мне вельмі даспадобы вучыць іншых, перадаваць ім свае веды, сваё майстэрства, — расказвае Галіна Сцяпанаўна. — Адзінае, што палохала: а што я перадам? Што ў маёй прафесійнай скарбонцы? З таго часу я імкнулася збіраць па крупінцы свой вопыт, веды і навыкі, імкнулася быць у курсе спраў, тэхналогій, новаўвядзенняў, якія адбываюцца ў будаўнічай галіне. І ўсё гэта з адной мэтай — стаць прафесіяналам, каб іншых рабіць прафесіяналамі.

— Як ні банальна гучыць, але калі ты не маеш у навучэнскім асяроддзі аўтарытэту, то дзяцей ты не захопіш ніякай справай, — зазначае Галіна Сцяпанаўна.

А аўтарытэт складаецца як з асабістых якасцей, так і з прафесіянальных, адзначае майстар. Калі ты будзеш цікавым для выхаванца, то ён зацікавіцца тым, чым ты займаешся. Гаворачы інакш, калі навучэнец палюбіў педагога, то ён палюбіць і яго прадмет. Але любоў, як вядома, не догма, ёй дадзена ўласцівасць з цягам часу праходзіць. Таму яе трэба падсілкоўваць, напаўняць свежым ветрыкам — гэта значыць кожны раз здзіўляць сваіх выхаванцаў, патрымліваць цікавасць да прафесіі, прыўносіць ўсё новыя і новыя рысы ў навучанне, каб матываваць павышаць кваліфікацыю, працягваць вучобу на больш высокай ступені і нават імкнуцца заняць кіраўніцкую пасаду ў будаўнічай галіне.

Многа кіраўнікоў вырасціла Галіна Сцяпанаўна на сваёй міні-будоўлі ў вучэбнай майстэрні. Каб задзейнічаць усіх выхаванцаў у пачатку навучання, і нават тых, хто яшчэ сумняваецца наконт прафесійнага выбару, Галіна Сцяпанаўна ўключае ўсіх у справу, праяўляючы павышаны давер да кожнага. Ён ужо не проста навучэнец, а член будаўнічай брыгады і павінен адказваць за свой участак работы. Брыгадная форма дазваляе як мага лепш задзейнічаць кожнага навучэнца, актывізаваць яго намаганні быць заўжды на вачах і з адказнасцю ставіцца да даручанай справы, а інакш ён падвядзе ўсіх астатніх.

Не менш павышае цікавасць да прафесіі ўкараненне ў будаўнічую галіну новых сучасных тэхналогій.

— У нашай галіне што ні дзень — дык нешта новае, — усміхаецца Галіна Сцяпанаўна. — Нават цяжка паспяваць за новаўвядзеннямі, але трэба. Напрыклад, які сёння велізарны выбар шпалераў у магазінах! Калі раней мы маглі набыць толькі папяровыя, то цяпер палітра вельмі разнастайная. Гэта вадкія, вінілавыя, флізелінавыя шпалеры. Акрамя таго, сёння існуюць новыя віды шпаклявання, дэкаратыўнай аддзелкі, сучасныя высокатэхналагічныя інструменты, розныя сродкі нанясення на паверхню.

Галіна Сцяпанаўна не толькі пастаянна цікавіцца навінкамі ў сферы будаўніцтва на курсах павышэння кваліфікацыі ў РІПА, у час стажыроўкі непасрэдна на будаўнічым аб’екце, але і самастойна вучыцца новым тэхналогіям.

— Я сама сабе даю ўрок, — расказвае Галіна Сцяпанаўна. — Перад тым, як паказаць навучэнцам, напрыклад, новы від аддзелкі, я першачаргова трэніруюся сама. Бывае, не адзін раз раблю тое ці іншае дзеянне, пакуль дакладна не засвою тэхніку — і толькі пасля гэтага смела паказваю сваім выхаванцам. Каб навучэнцы працавалі разам з майстрам, трэба ўтрымліваць іх увагу на канкрэтнай справе, і тады відаць, хто як засвойвае навыкі: хто вельмі хутка і якасна, а каго яшчэ трэба вадзіць за руку. Але важна пры гэтым, каб ніхто не страціў цікавасць да засваення прафесіі.

Тое, што Галіна Сцяпанаўна ў цэнтры інавацый, пацвярджае яе актыўны ўдзел у руху WorldSkills. Яна падрыхтавала пераможцу гарадскога этапу і ўдзельніка Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства Паўла Ждановіча ў прафесійнай кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. А ў наступным чэмпіянаце плануецца прадставіць яшчэ больш новых тэхналогій у гэтай сферы. Як тут пройдзеш міма? Галіна Сцяпанаўна гатова падрыхтаваць новага чэмпіёна.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *