"Дажыць да таго часу, калі класнымі "мамамі" будуць выключна мужчыны"

У тым, што педагогам Камянецкага раёна моцна пашанцавала з начальнікам аддзела адукацыі, мала хто сумняваецца на Брэстчыне. Адказны, прынцыповы, патрабавальны, кампетэнтны, эрудзіраваны, чалавечны, прыстойны, энергічны, з выдатным пачуццём гумару… Карацей кажучы, сапраўдны прафесіянал. Пра такіх гавораць: працуе так, каб не было сорамна найперш перад самім сабой. Знаёмцеся: Віктар Мікалаевіч Грыцук. На працягу апошніх 18 гадоў узначальвае аддзел адукацыі Камянецкага райвыканкама. Сярод сённяшніх кіраўнікоў адукацыйнай галіны Брэстчыны мае найбольшы працоўны стаж на гэтай пасадзе. Зразумела, грэх было не сустрэцца з такім чалавекам, каб пагаварыць пра асаблівасці кіраўніцкай “долі”.

— У свеце шмат прафесій і мне, напрыклад, заўсёды цікава даведацца аб прычынах, па якіх мужчыны становяцца настаўнікамі. Чаму вы ў свой час аддалі перавагу менавіта педагогіцы? Можа, гэтаму нехта пасадзейнічаў?
— На выбар настаўніцкай прафесіі паўплывала шмат фактараў. У школьныя гады актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю па лініі камсамола, сур’ёзна захапляўся валейболам, на працягу 5 гадоў наведваў драмгурток, пастаянна ўдзельнічаў у розных пазакласных мерапрыемствах (быў, напрыклад, нязменным школьным Дзедам Марозам), любіў факультатывы па фізіцы і матэматыцы. Атмасфера школы мне вельмі падабалася. Безумоўна, на выбар прафесіі не маглі не паўплываць і мае педагогі: класны кіраўнік Валянціна Емяльянаўна Кучко, настаўнік матэматыкі Леанід Сямёнавіч Нічыпарук, настаўнік фізікі Георгій Георгіевіч Грушэўскі і настаўнік фізкультуры трэнер па валейболе Уладзімір Самуілавіч Нікіцюк.

— Ці памятаеце свой першы ўрок? У каго вучыліся прафесійнаму майстэрству? Хто з’яўляецца для вас прыкладам сапраўднага педагога?
— Мой першы ўрок — гэта ўрок фізкультуры ў Рэчыцкай сярэдняй школе 1 верасня 1973 года (да паступлення на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна я крыху больш за год працаваў настаўнікам фізкультуры). У класе — 30 чалавек. Вучні — амаль равеснікі. Помню, стараўся рабіць усё так, як было напісана ў рабочым плане. За ўрокам з акна дырэктарскага кабінета ўважліва назіраў Сяргей Ільіч Жылкоўскі. Потым ён расказваў мне, як адразу адчуў, што з мяне атрымаецца добры педагог. Тым не менш я вагаўся. Выбіраў паміж факультэтамі фізічнага выхавання і фізіка-матэматычным. Акрамя таго, хацеў паступаць у медыцынскую ВНУ, каб у далейшым стаць хірургам. Але перамаглі дакладныя навукі.
Пасля заканчэння інстытута ў 1979 годзе прыйшоў працаваць настаўнікам фізікі ў Войскую сярэднюю школу, а ўжо ў 1980 годзе ўзначаліў Воўчынскую сярэднюю школу. Працаваць з дзецьмі было цікава. Праблем з дысцыплінай на ўроках ніколі не ўзнікала.
У настаўніцкім станаўленні вялікую ролю адыгралі, акрамя ўжо згаданых педагогаў, Марыя Лявонцьеўна Шудзейка, Ганна Іванаўна Саўчук і многія іншыя.

— Вы сталі дырэктарам школы ў даволі маладым узросце. Ці не “прыціскаў” вас аўтарытэт больш вопытных і сталых педагогаў? З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся і якія складанасці давялося пераадольваць падчас прафесійнага станаўлення на пасадзе кіраўніка?
— Дырэктарам школы стаў у 24 гады. У той час з’яўляўся самым маладым кіраўніком навучальнай установы ў вобласці. На пасадзе дырэктара заўсёды вымяраў працу падначаленых узроўнем іх прафесіяналізму. Гэта галоўны крытэрый, па якім ацэньваю работу настаўнікаў і кіраўнікоў.
Уплыву аўтарытэтаў не адчуваў. На першым плане былі якасныя ўрокі, цікавая пазакласная работа з дзецьмі, вынікі выпускных экзаменаў, узровень паступлення ў ССНУ і ВНУ, удзел вучняў у розных спартыўных спаборніцтвах, алімпіядах і творчых конкурсах.
Безумоўна, былі і цяжкасці, звязаныя, напрыклад, са стварэннем неабходных умоў для работы настаўнікаў і вучняў. Вельмі складана было прыцягнуць увагу бацькоў дзяцей да школы.
Для набыцця неабходнага вопыту заўсёды наведваў мерапрыемствы, якія ладзіліся ў раёне сярод настаўнікаў вобласці. Там знаёміўся з цікавымі педагогамі, сярод якіх былі Аляксей Сяргеевіч Курыловіч з Бярозаўшчыны і Яўген Георгіевіч Гук з Жабінкаўшчыны. У далейшым яны ўзначалілі раённыя аддзелы адукацыі.
З 1985 да 1995 года ўзначальваў Пелішчанскую сярэднюю школу. За час работы дырэктарам зразумеў, што адной з задач кіраўніка з’яўляецца пастаянны кантроль за тым, каб падначаленыя не рабілі грубых памылак у сваёй дзейнасці. Вучыў педагогаў, а сёння вучу дырэктараў таму, каб яны заўсёды аналізавалі ўласную работу і самастойна давалі ёй непрадузятую ацэнку. Ніколі не дапускаў канфліктных сітуацый у працоўных калектывах.

— Наколькі цяжка было пасля 15-гадовага школьнага дырэктарства ўжывацца ў ролю начальніка раённага аддзела адукацыі?
— Калектыў аддзела адукацыі, які я ўзначаліў, быў мне добра знаёмы. Ды і з дырэктарскім корпусам раёна даводзілася падтрымліваць сувязі. Цяжэй за ўсё было ўнікаць у дашкольную адукацыю. Выканкам пайшоў насустрач і ўвёў у апарат аддзела спецыяліста па дашкольнай адукацыі, які працуе са мной ужо 17 гадоў. Людміла Аляксандраўна Ефімовіч — спецыяліст высокага класа.
На пасадзе начальніка самае галоўнае, як кажуць, не махаць шашкай, а навучыцца разварушваць людзей для работы, умець справядліва ацаніць вынікі іх працы, падтрымліваць цікавыя і карысныя пачынанні калектываў і, канечне, паважаць падначаленых як спецыялістаў і людзей.
Ёсць такі добры выраз: “Караля робіць акружэнне”. Свайму прафесійнаму станаўленню ўдзячны ўсім, хто разам са мной займаецца штодзённай руціннай і карпатлівай работай. Уваходзіць у курс спраў кіраўніка адукацыйнай галіны раёна было цяжка, але цікава.

— Якімі чалавечымі і прафесійнымі якасцямі павінен валодаць сучасны кіраўнік?
— Сучасны кіраўнік павінен быць незлапамятным, патрабавальным да сябе і іншых, адкрытым, сапраўдным абаронцам падначаленых, несумненным прафесіяналам, эрудытам, добразычлівым, з пачуццём гумару. Акрамя таго, для кіраўніка вельмі важна заўсёды падтрымліваць жывыя зносіны не толькі з падначаленымі, але і з бацькамі навучэнцаў. Дзякуючы тлумачальнай рабоце, можна пазбегнуць многіх канфліктных сітуацый.

— Сёння ў сістэме адукацыі пэўнага раёна, у тым ліку ў яе кіраўніцкім корпусе, мужчын вельмі мала. Тым не менш з 24 школ Камянецкага раёна толькі ў 8 кіраўнікамі з’яўляюцца жанчыны. Двое вашых намеснікаў — мужчыны. Для параўнання: з 40 школ Брэста толькі 11 узначальваюць мужчыны. Вы свядома аддаяце перавагу кіраўнікам-мужчынам ці падобная статыстыка — звычайны збег акалічнасцей? Калі свядома, то чаму?
— Гэта прынцыповая пазіцыя. Глыбока перакананы, што на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі ў кіраўніцтве павінны быць мужчыны. Асабліва сёння. Ад гэтага будзе добра і дзецям, і іх бацькам. У школе павінна адчувацца моцная і цвёрдая мужчынская рука. А вось архітэктарам адукацыйнага працэсу можа быць прыгожая палова чалавецтва. Хацеў бы дажыць да таго часу, калі класнымі “мамамі” будуць не жанчыны, а выключна мужчыны. Для гэтага было б добра ўвесці інстытут класных кіраўнікоў з ліку мужчын, якія атрымлівалі б за гэтую работу прыстойны заробак. Ні ў якім разе не памяншаю ролю жанчыны ў выхаванні дзяцей. Але мяркуйце самі: дзяцей усюды акружаюць “мамы” — дома, у садку, школе, ва ўстановах дадатковай адукацыі. Выхаванне атрымліваецца аднабаковым.

— На пасадзе кіраўніка вы бачылі розныя пакаленні педагогаў. Што аб’ядноўвае і што адрознівае настаўнікаў 80-х, 90-х і 2000-х? Кім ганарыцца сістэма адукацыі Камянеччыны?
— Педагогаў розных пакаленняў аб’ядноўвае адданасць надзвычай важнай прафесіі ў свеце, а адрознівае ўзровень эрудыцыі і прафесійнай кампетэнтнасці. Не на карысць сённяшняму пакаленню.
Сістэма адукацыі Камянеччыны ганарыцца многімі прафесіяналамі сваёй справы. Сярод іх — настаўнікі, кіраўнікі, выпускнікі розных гадоў, бацькі навучэнцаў. Яны выступаюць адзінай камандай ва ўсіх справах школы і яе праблемах. Штогод каля 100 педагогаў узнагароджваюцца граматамі рознага ўзроўню і нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. У раёне практыкуецца матэрыяльнае заахвочванне настаўнікаў і кіраўнікоў за вынікі сваёй дзейнасці.
У сістэме адукацыі раёна задзейнічана шмат кіраўнікоў і настаўнікаў пенсіённага ўзросту. Гэта добрыя спецыялісты, якімі мы ганарымся і якія прыносяць адчувальную карысць. Мы ніколі не спяшаемся адпраўляць на заслужаны адпачынак людзей. Ёсць жаданне, магчымасці, сілы, прафесійнае гарэнне і вучэбныя вынікі — калі ласка, заставайцеся і працуйце далей.

— У эфектыўным функцыянаванні адукацыйнай галіны важнае значэнне адыгрывае пераемнасць вопыту пакаленняў. Ці існуюць у гэтым плане нейкія праблемы? Хто ён, сённяшні малады настаўнік? У чым яго перавагі перад старэйшымі калегамі і чаго яму не хапае ў параўнанні з імі?
— Маладым педагогам не хапае практычнага вопыту. Штогод настаўніцкі корпус Камянеччыны папаўняюць 35—40 маладых спецыялістаў, з якіх 90—95% з’яўляюцца выпускнікамі школ раёна. Гэта вынік удалай прафарыентацыі. Замацаванасць маладых кадраў складае 80—85%, што з’яўляецца даволі добрым паказчыкам. Гультаяватыя (сустракаюцца і такія) і безыніцыятыўныя педагогі, якія не займаюцца самаадукацыяй і не павышаюць прафесійны ўзровень, надоўга ў школах не затрымліваюцца. Трымаць такіх работнікаў шкодна як для сістэмы адукацыі, так і для дзяцей. У сувязі з гэтым вельмі засмучаюць нізкія прахадныя балы абітурыентаў пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці УВА.
Калі гаварыць пра перавагі моладзі ў параўнанні са старэйшым пакаленнем, то яны тычацца новых форм навучання і сучасных методык, да якіх маладыя педагогі звяртаюцца больш ахвотна.

— Што, на вашу думку, неабходна для павышэння прэстыжу настаўніцкай працы?
— Па-першае, забяспечыць дастойную аплату нялёгкай настаўніцкай працы. Па-другое, вырашыць праблему з даступным крэдытаваннем жылля для педагогаў. Па-трэцяе, вызваліць настаўнікаў ад неўласцівых абавязкаў: напісання розных шматстаронкавых справаздач, складання табліц, выканання тэрміновых дакументаў па прынцыпе “сёння на сёння”, якія не маюць ніякага дачынення да адукацыйнага працэсу. Каб не даводзілася чуць такое: “Урокі адвялі, а цяпер пойдзем працаваць”. Акрамя таго, нельга забываць, што папяровая загружанасць негатыўна ўплывае і на сем’і, дзе муж ці жонка працуюць у школе.
Нельга дапускаць педагогаў да розных дзяжурстваў на дыскатэках і забаўляльных мерапрыемствах па-за сценамі школы. Настаўнік павінен вучыць дзяцей, скіроўваць да правільных (з выхаваўчага пункта погляду) паводзін у соцыуме. Нельга перакладваць адказнасць за выхаванне дзяцей з сям’і на школу. Сёння ж педагогі фактычна прымушаюць бацькоў выхоўваць уласных дзяцей. Такога не павінна быць.
Неабходна ўвесці прафадбор абітурыентаў пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці, напрыклад, у выглядзе педагагічнай характарыстыкі, якая змяшчала б інфармацыю пра схільнасці, магчымасці і здольнасці да самаадукацыі ўчарашніх школьнікаў.
І апошняе. Настаўніцкую работу варта менш правяраць, трэба больш давяраць педагогам.

— У якім кірунку, па-вашаму, павінна развівацца сістэма адукацыі ў найбліжэйшай перспектыве ў краіне ў цэлым і ў Камянецкім раёне ў прыватнасці?
— Неабходна тэрмінова вярнуцца да профільнай адукацыі. На трэцюю ступень навучання павінны прыходзіць толькі тыя, хто валодае высокім інтэлектуальным і матывацыйным патэнцыялам. Гэта не больш за 10—25% навучэнцаў. Масавая школа павінна быць базавай, а не сярэдняй.
Пераважную большасць выпускнікоў базавай школы неабходна скіроўваць да атрымання прафтэхадукацыі. Вышэйшую адукацыю павінны атрымліваць тыя, хто прайшоў праз трэцюю ступень навучання, а таксама праз навучанне ў ПТНУ і ССНУ.
Настаўнікаў трэба забяспечыць якаснымі вучэбна-метадычнымі комплексамі. Хацелася б, каб рэгіянальныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, а таксама аддзелы па надзвычайных сітуацыях не выступалі толькі ў ролі карных органаў, а дапамагалі школам стаць лепшымі і больш бяспечнымі. На жаль, супрацоўнікі гэтых ведамстваў выконваюць пераважна штрафныя функцыі і не цікавяцца, ці будуць выкананы іх прадпісанні.
Што тычыцца першачарговых задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі раёна, то ў далейшым працягнецца аптымізацыя сеткі навучальных устаноў, каб яны выконвалі свае функцыі больш эфектыўна.

— Азіраючыся назад, што ўдалося зрабіць на пасадзе кіраўніка, а што не? Чым асабліва ганарыцеся ў сваёй рабоце? І чаму вас навучыў багаты кіраўніцкі вопыт?
— Ганаруся тым, што ўдалося стварыць работаздольныя калектывы ў навучальных установах, вучэбна-метадычным кабінеце і аддзеле адукацыі, высокапрафесійны дырэктарскі корпус (сярэдні ўзрост кіраўнікоў — 40 гадоў), забяспечыць ва ўстановах адукацыі камфортныя і бяспечныя ўмовы для вучобы дзяцей, арганізаваць іх якаснае харчаванне, у тым ліку праз саманарыхтоўку сельскагаспадарчай прадукцыі, цэнтралізаваны падвоз навучэнцаў да месца вучобы, развіць спартыўна-масавую работу ў школах у шосты дзень. Асабліва ганаруся настаўнікамі, выпускнікамі школ і іх бацькамі. А яшчэ тым (усміхаецца), што не скарыстаўся службовым становішчам у асабістых мэтах. Жонка і дачка не займаюць у школах ніякіх кіраўніцкіх пасад, працуюць настаўнікамі.
Што не ўдалося? Неабходна правесці капітальны рамонт у шэрагу навучальных устаноў, каб яны набылі сучасны выгляд. Гэта, бадай, усё.
А багаты кіраўніцкі вопыт навучыў добра разбірацца ў людзях, знаходзіць індывідуальны падыход у рабоце з кадрамі, прадбачыць і папярэджваць негатыўныя жыццёвыя сітуацыі, не спяшацца адмаўляцца ад усяго старога і гнацца за новым не спяшаючыся.

— Кажуць, былых педагогаў, як і былых кіраўнікоў, не бывае. Ці вызначыліся вы ўжо з тым, чым зоймецеся на пенсіі? Не будзеце сумаваць па ранейшай рабоце, якой аддалі не адно дзесяцігоддзе?
— Безумоўна, любы кіраўнік (незалежна ад тэрміну знаходжання на кіраўніцкай пасадзе) павінен быць маральна падрыхтаваны да выхаду на заслужаны адпачынак. Хацелася б, каб маім пераемнікам быў мужчына, настаўнік па адукацыі, які мае стаж кіраўніцкай работы ў галіне не менш за 5 гадоў. Сёння ў ліку пераемнікаў знаходзяцца 3 чалавекі, якіх я мэтанакіравана рыхтую на сваё месца.
На пенсіі сядзець склаўшы рукі не збіраюся. Хацеў бы паспрабаваць сябе ў іншай сферы, каб багаты вопыт арганізатарскай дзейнасці быў запатрабаваны хаця б яшчэ на некалькі пенсіённых гадоў.
Сумаваць па ранейшай рабоце, канечне, буду, бо, як-ніяк, меў непасрэднае дачыненне да ўсяго зробленага ў сістэме адукацыі раёна, асабліва за апошнія 10 гадоў.

Гутарыў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

hryshkevich@ng-press.by
Фота аўтара.