Навучэнцы сярэдняй школы № 1 г. Астраўца ўдзельнічалі ў Міжнародным конкурсе прамоўніцкага майстэрства “Сіла слова”.
У конкурсе, які арганізавала Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, узялі ўдзел 72 канкурсанты, у тым ліку два прадстаўнікі Германіі з горада Экенфёрдэ.
Валоданне замежнай мовай сёння вельмі важнае. Гэта ўменне і прадэманстравалі ўдзельнікі конкурсу — навучэнцы старэйшых класаў школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў, студэнты устаноў вышэйшай адукацыі.
Праходзіў конкурс у тры этапы: першы тур — выступленне з падрыхтаванай прамовай; другі — рыторыка хуткага рэагавання; трэці — дэбаты.
Вучні нашай школы Аляксандра Ваяводская і Яраслаў Стэх спачатку паспрабавалі свае сілы перад аўдыторыяй роднай школы. Атрымалася… І разам з выкладчыкам англійскай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ларысай Іванаўнай Шаўчэнка навучэнцы вырашылі паспрабаваць свае сілы ў міжнародным конкурсе.
Маладыя прамоўцы спаборнічалі ва ўменні выказваць думкі, правільна аргументаваць, пераконваць, абвяргаць і даказваць свой пункт гледжання на замежнай мове. Паказалі высокі ўзровень сфарміраванасці іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі. Вось некалькі тэм дэбатаў: “Цярпенне і цярпімасць”, “Давер і падазронасць”, “Абавязак і жаданне”, “Індывідуалізм і індывідуальнасць”, “Ліслівасць і шчырасць”… Яраслаў і Аляксандра апраўдалі надзеі педагога, адміністрацыі школы і бацькоў: годна прайшлі тры туры, годна трымаліся на сцэне і паказалі высокі ўзровень сфарміраванасці іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі. Сапраўднае прамоўніцкае майстэрства, свабоднае валоданне англійскай мовай прадэманстравалі нашы пераможцы.
І ў выніку дыплом II ступені ў Яраслава, Пахвальны ліст у Аляксандры. Настаўніку англійскай мовы Ларысе Іванаўне Шаўчэнка ўручана падзяка ад імя арганізатараў конкурсу.
Нягледзячы на напружаны графік, канкурсанты наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Шмат эмоцыі і на дыскатэцы пасля завяршэння конкурснага этапу.
Адміністрацыя школы дзякуе бацькам Аляксандры і Яраслава за тое, што здолелі выхаваць у дзяцей імкненне да пазнання, актыўную жыццёвую пазіцыю.
Тэрэса РУДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняя школа № 1 Астраўца.