Дэфектолагі вызначылі лепшых

Падведзены вынікі другога тура заключнага этапу абласнога конкурсу “Лепшы настаўнік-дэфектолаг”. Як расказала намеснік дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Марына Лятошка, у мерапрыемствах першага і другога этапаў, якія праходзілі з 19 кастрычніка па 20 лістапада мінулага года, прынялі ўдзел больш як 150 педагогаў.

— Падчас першага этапу, які праходзіў на базе ўстаноў адукацыі, удзельнікі дэманстравалі адкрытыя ўрокі (заняткі) і выступалі з прэзентацыяй вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці. На другім (раённым, гарадскім) этапе конкурсу педагогі прадставілі на суд журы відэазапіс урока (заняткаў) па самастойна выбранай тэме з апісаннем вопыту педагагічнай дзейнасці, а таксама падрыхтавалі і правялі майстар-клас для педагагічных супрацоўнікаў. Яго тэму ўдзельнікі вызначалі з улікам асабістага вопыту працы. Па выніках двух тураў для ўдзелу ў заключным этапе конкурсу была пададзена 71 заяўка ад рэгіёнаў вобласці. Члены абласнога журы вызначылі трох лепшых прадстаўнікоў у кожнай намінацыі.

Да другога (вочнага) тура заключнага этапу ўдзельнікі падрыхтавалі прэзентацыю вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці і правялі майстар-клас па тэме, заяўленай на першы (завочны) тур заключнага этапу конкурсу. Журы адзначыла арыгіналь насць і майстэрства, з якімі педагогі падышлі да выканання. Тут былі выпуск навін, школа дызайну інтэр’еру, баль кветак, музычны аркестр, хор і многа чаго яшчэ.

Па выніках заключнага этапу вызначаны пераможцы. У намінацыі “Настаўнік-дэфектолаг спецыяльнай групы, групы інтэграванага навучання і выхавання” лепшай названа Тамара Назаранка са спецыяльнага ясляў-сада для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення № 17 Светлагорска. Лепшым настаўнікам-дэфектолагам класа інтэграванага навучання і выхавання стала Марыя Пятрова з сярэдняй школы № 62 Гомеля. Настаўнік-дэфектолаг Вольга Цалкова, якая прадстаўляла Гомельскі гарадскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, — пераможца сярод прафесіяналаў аналагічных устаноў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.