Дэлегацыя з Узбекістана наведала БДУІР

У рамках рабочага візіту ў нашу краіну міністр вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан І.У.Маджыдаў наведаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У сустрэчы міністра з кіраўніцтвам БДУІР прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Беларусі Сяргей Руды і рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі Узбекістана.

Рэктар БДУІР Вадзім Богуш прэзентаваў гасцям навуковыя распрацоўкі ўніверсітэта. Таксама быў арганізаваны візіт у інавацыйны цэнтр прафесійнага развіцця — бізнес-інкубатар інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Як паведаміў Вадзім Богуш, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі супрацоўнічае з шэрагам устаноў вышэйшай адукацыі Узбекістана. У прыватнасці, падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага факультэта з Ташкенцкім універсітэтам інфармацыйных тэхналогій. Сёння на падрыхтоўчым аддзяленні БДУІР навучанне для паступлення на згаданы факультэт праходзяць 50 слухачоў з Узбекістана.
Пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаны таксама з Міжнародным вестмінстарскім універсітэтам, Самаркандскім дзяржаўным універсітэтам, Мірабадскім прафесійным каледжам камп’ютарных тэхналогій і інш.

Летам стажыроўку і павышэнне кваліфікацыі ў БДУІР прайшлі 30 выкладчыкаў Ташкенцкага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій і Ташкенцкага хіміка-тэхналагічнага інстытута. А нядаўна ў Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІР была арганізавана школа інфарматыкі і робататэхнікі для 24 школьнікаў і 3 выкладчыкаў гімназій з Узбекістана.

Усё больш узбекскіх студэнтаў прыязджае на вучобу ў БДУІР. Сёння ва ўніверсітэце вучацца 80 грамадзян гэтай краіны, 62 з іх — на першым курсе. На пытанне міністра І.У.Маджыдава, адкуль яны даведаліся пра гэтую ўстанову, студэнты адказалі: “Бачылі прэзентацыю БДУІР на адукацыйнай выставе ў Ташкенце”.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі ўжо 3 гады праводзіць маштабную выставу ў Рэспубліцы Узбекістан, і гэта прыносіць відавочны плён.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.