Дэпартаваць больш нелегалаў

Адміністрацыя амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа выпусціла новыя і разам з тым больш строгія правілы па дэпартацыі нелегальных мігрантаў, паведамляе руская служба Бі-бі-сі.

У першую чаргу ўзмоцненыя меры будуць тычыцца тых нелегальных мігрантаў, якія былі асуджаны за ўчыненне злачынстваў, а таксама тых, хто ўяўляе пагрозу для бяспекі ў краіне. Падпадуць пад новыя правілы дэпартацыі і тыя нелегалы, што нядаўна трапілі на тэрыторыю ЗША.

Пры гэтым з імігрантамі, якія не маюць патрэбных дакументаў і парушылі правілы дарожнага руху або ўчынілі крадзёж у магазіне, улады будуць абыходзіцца гэтак жа, як і з тымі, хто ўчыніў больш сур’ёзныя злачынствы.

Новы дакумент быў апублікаваны Міністэрствам нацыянальнай бяспекі ЗША. Згодна з ім, прыярытэт амерыканскіх улад — дэпартацыя большай часткі людзей, якія знаходзяцца ў краіне нелегальна. У дакуменце прыведзены шырокі спіс катэгорый мігрантаў, што падпадаюць пад дэпартацыю.

Прэс-сакратар Белага дома Шон Спайсер напярэдадні растлумачыў, што новыя правілы не прывядуць да масавых дэпартацый, але яны павінны даць больш паўнамоцтваў праваахоўным органам, каб выконваць ужо існуючыя законы.