Дэпазіты, нацыянальная валюта і давер да банка

- 11:15Якасць адукацыі

31 кастрычніка, у Міжнародны дзень зберажэнняў, у Нацыянальным банку адбыўся заключны этап конкурсу на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў, аспірантаў і магістрантаў УВА краіны.

Сёлета конкурс быў прымеркаваны да 25-годдзя заканадаўчага замацавання беларускага рубля ў якасці адзінага плацежнага сродку краіны.

Падчас правядзення мерапрыемства перад журы выступілі 8 фіналістаў. Для таго каб абараніць работу, удзельнікам трэба было не толькі прэзентаваць даследаванне, але і адказаць на пытанні экспертаў.

Пасля таго як спецыялісты азнаёміліся з усімі даследаваннямі, былі агучаны імёны пераможцаў.

У намінацыі “Конкурсныя работы аспірантаў” прызавыя месцы былі аддадзены аспірантам з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.  Анатоль Харытончык прадставіў даследаванне па тэме “Павышэнне даверу да Нацыянальнага банка як фактар павелічэння эфектыўнасці трансмісійнага механізма манетарнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”, за якое юнаку было прысуджана першае месца. Другое месца ў Арцёма Левянкова, які выступіў з работай “Роля дзяржавы ў павышэнні эфектыўнасці выканання нацыянальнай валютай сваіх функцый”.

У намінацыі “Конкурсныя работы студэнтаў і магістрантаў” было прадстаўлена 6 даследаванняў.

Трэцяе месца заваявалі студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Кузюк і Вікторыя Куфто, якія прадставілі сумеснае даследаванне па тэме “Эканаметрычнае мадэляванне дэпазітаў насельніцтва Беларусі”. На другім месцы — магістрант БДУ Алег Гічан. Малады чалавек выступіў перад журы з даследаваннем “Практыка распрацоўкі скорынгавай карты ў сучасных банках Рэспублікі Беларусь”.

Пераможцай у гэтай намінацыі стала студэнтка 4 курса Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўгенія Шчэрба. “Выкарыстанне індыкатараў вымярэння даверу фізічных асоб да нацыянальнай валюты” — так называлася работа, якая была прызнана лепшай сярод усіх даследаванняў.

“Тэма даследавання была выбрана пасля таго, як вырашыла па­ўдзельнічаць у конкурсе Нацыянальнага банка на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы, — расказала Яўгенія. — У конкурсе прапанавала ўзяць удзел мая выкладчыца Аліна Іванаўна Сінкевіч. Рыхтавацца да конкурсу пачалі ў канцы жніўня, даследаванне было напісана практычна за месяц. Дапамагалі мне непасрэдна мой навуковы кіраўнік Аліна Іванаўна, а таксама іншыя выкладчыкі факультэта, якія аказвалі кансультацыйную дапамогу і падтрымлівалі ўсе мае ідэі”.

Дарэчы, пасля перамогі ў конкурсе Яўгеніі Шчэрба прапанавалі праходзіць практыку ў Нацыянальным банку, а гэта цудоўная магчымасць пачаць кар’еру ў цэнтральным банку краіны.

Конкурс на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы праводзіцца з 2014 года Нацыянальным банкам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. У мінулыя гады ў конкурсе прымалі ўдзел студэнты трох УВА: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сёлета спіс магчымых канкурсантаў быў пашыраны, і паўдзельнічаць у эканамічным спаборніцтве маглі студэнты ўсіх УВА краіны, а таксама магістранты і аспіранты.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.