Дэпутат мясцовага Савета — самы блізкі да людзей прадстаўнік улады

- 11:01Інфармацыйная гадзіна

Дэпутаты мясцовых Саветаў павінны працаваць на папярэджанне праблем грамадзян. Такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Жаўняк.

Уладзімір Жаўняк у Гродне прыняў удзел у абласным семінары на тэму павышэння эфектыўнасці дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў як важнага фактара развіцця рэгіёнаў. Ён адзначыў важнасць сустрэчы, паколькі ў вобласці дэпутацкі корпус абнавіўся практычна напалавіну. У прыватнасці, больш за 78% дэпутатаў аблсавета, 70% дэпутатаў Гродзенскага гарсавета, а таксама больш за 52% дэпутатаў на раённых узроўнях — нававыбраныя.

“Дэпутатам неабходна працаваць на апярэджанне. Калі чалавек прыходзіць на прыём, значыць, ужо ўзнікла праблема. Дэпутат мясцовага Савета — самы блізкі да людзей прадстаўнік улады. Ён павінен тонка адчуваць тую ці іншую праблему і пастарацца вырашыць яе да таго, як яна закране чый-небудзь лёс”, — сказаў Уладзімір Жаўняк. Ён звярнуў увагу, што дэпутаты павінны актыўна адстойваць пазіцыі сваіх выбаршчыкаў, знаходзіць агульныя падыходы, магчымасці вырашэння праблем з выканаўчай уладай.

“Прыярытэт у рабоце органаў улады на месцах — чалавек, — падкрэсліў Уладзімір Жаўняк. — Сёння дастаткова сродкаў камунікацыі паміж людзьмі і ўладай. Іх неабходна разумна выкарыстоўваць, перш за ўсё для стварэння зваротнай сувязі. Людзі павінны ведаць, як вырашаюцца іх пытанні, наколькі выніковыя і эфектыўныя тыя ці іншыя рашэнні мясцовай улады”. Ад народных выбраннікаў чакаюць большай публічнасці і актыўнага ўдзелу ў сацыяльна-палітычным жыцці рэгіёна.