Дэпутаты абмяркоўваюць магчымасць прыняцця законаў на дзвюх дзяржаўных мовах

У Палаце прадстаўнікоў Беларусі прайшоў круглы стол, дзе парламентарыі і эксперты абмяркоўвалі магчымыя змяненні ў заканатворчай дзейнасці.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк расказаў аб варыянтах, якія абмяркоўваюцца ў парламенце. Можна, напрыклад, сінхронна выдаваць законапраекты на беларускай і рускай мовах або ўносіць дакумент на адной з іх, а пасля прыняцця зацвярджаць афіцыйны кананічны пераклад.

Цяпер адны законы прымаюцца на рускай, іншыя — на беларускай, няма афіцыйных перакладаў. “Таму калі цытуюць норму Кодэкса аб культуры, напрыклад, то робяць гэта на беларускай мове, на якой ён прыняты”, — растлумачыў дэпутат.

У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Па выніках рэферэндуму 1995 года рускай быў нададзены роўны статус з беларускай.

Парламентарый звярнуў увагу, што моўная сітуацыя ў Беларусі не ўнікальная. Дзве мовы выкарыстоўваюцца, напрыклад, у Ірландыі і Фінляндыі, тры — у Бельгіі.