Дэпутаты далі згоду на назначэнне прэм’ер-міністра

- 10:33Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава прадставіла членам Палаты прадстаўнікоў прэм’ер-міністра Сяргея Румаса.

Наталля Качанава адзначыла, што адным з прыярытэтаў кадравай палітыкі з’яўляецца фарміраванне эфектыўнага дзяржаўнага апарату, здольнага забяспечыць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, хутка рэагаваць на выклікі і пагрозы сучаснага свету, аб’ектыўна прымаць рашэнні ў інтарэсах людзей і несці адказнасць перад народам. “Менавіта зыходзячы з гэтых строгіх патрабаванняў, кіраўніком дзяржавы былі прыняты рашэнні аб ратацыі ўрада, у тым ліку ў яго вышэйшым эшалоне”, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Гаворачы пра Сяргея Румаса, кіраўнік Адміністрацыі падкрэсліла, што гэта не новы чалавек ва ўрадзе: у 2010—2012 гадах займаў пасаду намесніка прэм’ер-міністра, курыраваў эканоміку і фінансы. Мае вучоную ступень кандыдата эканамічных навук. Апошнім часам Сяргей Румас узначальваў Банк развіцця, займаўся пытаннямі падтрымкі экспарту, развіцця прадпрымальніцтва і прыцягнення замежных інвестыцый, актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы дакументаў аб стварэнні ЕАЭС.

“Задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы перад новым складам Савета Міністраў, вядомы. Новаму прэм’ер-міністру і ўсяму ўраду давядзецца забяспечыць збалансаванае развіццё краіны і рэгіёнаў, рост дабрабыту грамадзян. Адным з першачарговых пытанняў з’яўляецца якасная падрыхтоўка прагнозных дакументаў на 2019 год і наступныя гады, у тым ліку пры канструктыўным узаемадзеянні з парламентарыямі”, — заявіла Наталля Качанава.

Сяргей Румас выступіў перад парламентарыямі і адказаў на іх пытанні.

Палата прадстаўнікоў дала згоду на яго назначэнне прэм’ер-міністрам.