Дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект аб адміністрацыйнай адказнасці для сацыяльных утрыманцаў

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прынялі ў першым чытанні законапраект аб унясенні паправак у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія тычацца адказнасці за нявыплату збору на фінансаванне дзяржрасходаў.

Як растлумачыў, прадстаўляючы дакумент, намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка, праект закона распрацаваны ў мэтах прывядзення КаАП і ПВКаАП у адпаведнасць з нормамі дэкрэта ад 2 красавіка 2015 года нумар 3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. “Дэкрэтам уведзены збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Выплачваць яго абавязаны грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі, у выпадку іх няўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў”, — адзначыў ён. Намеснік міністра таксама нагадаў, што за нявыплату або няпоўную выплату збору дэкрэтам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь (адна базавая велічыня цяпер складае Br180 тысяч) або адміністрацыйны арышт. Пратаколы складаюцца ўпаўнаважанымі службовымі асобамі падатковых органаў, а справы аб такіх правапарушэннях разглядаюцца падатковымі органамі або раённымі, гарадскімі судамі.
Вызначана, што адміністрацыйна арыштаваныя ў перыяд адбывання арышту прыцягваюцца да выканання грамадска карысных работ (пералік аб’ектаў і віды грамадска карысных работ зацвярджаюцца рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў). Да адміністрацыйна арыштаваных могуць прымяняцца дысцыплінарныя спагнанні за невыкананне ўстаноўленых абавязкаў па выкананні працоўнай дысцыпліны або патрабаванняў бяспекі пры выкананні грамадска карысных работ, за адмову ад іх выканання або самавольнае пакіданне месца іх выканання.