DIDACTA: чаканая падзея і для прафесіяналаў, і для грамадства

- 17:35Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Штогод Цэнтр міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі арганізоўвае пазнавальныя паездкі для работнікаў адукацыі краіны на выставу-кірмаш DIDACTA ў Федэратыўную Рэспубліку Германія. Выстава праходзіць пад патранажам канцылярыі канцлера ФРГ, а прэзідэнтам аргкамітэта выбраны адзін з яе эканамічных саветнікаў. Дарэчы, А.Меркель звычайна прымае ўдзел у адкрыцці выставы, падкрэсліваючы тым самым важнасць гэтага мерапрыемства для дзяржавы.

Сама выстава ўражвае і багаццем сучасных сродкаў навучання, і вялікай колькасцю наведвальнікаў, якіх цікавяць яе экспанаты.
У вялізных выставачных комплексах Гановера, Кёльна і Штутгарта, дзе кожны год па чарзе праходзяць выставы, дэманструецца ўсё, што мае дачыненне да адукацыі на розных ступенях навучання — ад дашкольнай да адукацыі дарослых. Экспануюцца не толькі сродкі навучання, якія ўжо прымяняюцца школай на практыцы. У кожным павільёне можна сузіраць і самастойна пратэсціраваць любы прыбор, які прапануецца для выкарыстання ў адукацыйным працэсе.
На папярэдніх выставах экспанаваўся модуль для правядзення дэманстрацыйных і практычных работ па фізіцы і хіміі. Уяўляеце, наколькі гэта рацыянальна? Пад столлю ў аўдыторыі падвешана скрыня (прабачце за такое спрашчэнне) памерам з сучасны дамашні халадзільнік, да якой падключана мноства электрычных правадоў і розных па велічыні трубаправодаў. Падчас правядзення дэманстрацыйных і практычных работ настаўніку застаецца толькі дыстанцыйна апусціць гэты модуль на рабочыя месцы вучняў, гэта значыць адпадае патрэба ў асобных лабараторыях з усім іх грувасткім абсталяваннем. Прадстаўнікі кампаніі, якія экспанавалі гэты модуль, заверылі, што ён разлічаны на выкананне аперацый у адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбных праграм па прадметах.
Ці яшчэ прыклад. Сусветна вядомы канцэрн Mercedes на адной з выстаў прадставіў для грамадскай экспертызы суперсучасны камп’ютарны кабінет-лабараторыю на колах. Па форме гэтая лабараторыя падобная да мабільнага флюараграфічнага кабінета, вядомага нам яшчэ з савецкіх часоў, а вось па “начынцы”, сваіх магчымасцях і функцыях ён дазваляе вырашаць вельмі шырокае кола задач вучэбнага і даследчага характару.
Вядома, не ўсе сродкі адукацыі, якія экспануюцца на выставе DIDACTA, абавязкова будуць потым выкарыстоўвацца ва ўсіх школьных лабараторыях. У час наведвання адукацыйных устаноў у той жа Германіі, якая, дарэчы, укладвае ў адукацыю значныя фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы, нам не часта даводзілася бачыць там экспанаты выставы.
Ідэя абслугоўвання некалькіх, як кажуць у нас, малакамплектных школ у невялікіх паселішчах мабільнымі лабараторыямі цікавая, аднак трэба ўлічваць, наколькі іх сабекошт суадносіцца з магчымасцямі мясцовых бюджэтаў, з якіх фінансуюцца ўстановы адукацыі. Неабходна прызнаць і тое, што вытворца як зацікаўлены бок будзе далей працаваць над аптымізацыяй функцый лабараторыі і над зніжэннем яе вытворчых расходаў, каб задаволіць рынак сучаснымі сродкамі адукацыі.

У апошнія гады асноўным кірункам міжнародных адукацыйных выстаў з’яўляецца не толькі дэманстрацыя новых прыбораў і прылад, але і пашырэнне дыяпазону прымянення праграмнага прадукту. Ствараецца ўражанне, што зараз у адукацыйным працэсе няма вучэбных тэм, пад якія б не былі напісаны камп’ютарныя праграмы. Гэта ж тычыцца і кантролю за ўзроўнем засваення вучэбнага матэрыялу навучэнцамі — ад забаўляльных, гульнявога характару, праграм для малодшых школьнікаў да сур’ёзных тэстаў для старшакласнікаў.
DIDACTA заўсёды шматбакова прадстаўлена сродкамі навучання і гульні, прызначанымі для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Цікава, але менавіта ў “дзіцячых” павільёнах асабліва мнагалюдна. І пры гэтым не скажаш, што наведвальнікі выставы — пасіўныя гледачы. Прыемна ўражвае, як у другой палове дня павільёны выставы запаўняюцца работнікамі адукацыі, бацькамі і дзецьмі.
Павільён, дзе дэманструюцца сродкі навучання для ўстаноў прафесійнай адукацыі, вабіць не толькі прафесіяналаў у гэтай галіне. Абывацелю таксама цікава пазнаёміцца з тым, наколькі сучаснымі і дасканалымі сталі комплексы па апрацоўцы розных матэрыялаў з праграмным забеспячэннем і многафункцыянальнымі “разумнымі” прыстасаваннямі. На стэндах гэтыя комплексы ўвесь час знаходзяцца ў рабочым рэжыме, як бы ствараючы фрагмент вытворчасці з поўнай яе аўтаматызацыяй.
Для работы на такім абсталяванні сучаснаму аператару патрэбна не толькі выдатная прафесійная падрыхтоўка, але і трывалыя веды па агульнаадукацыйных прадметах, перш за ўсё — па фізіцы і матэматыцы. Трэба заўважыць, што дзякуючы высокай матывацыі (добрыя заробкі на вытворчасці і гарантыя працаўладкавання) ва ўстановах прафесійнай адукацыі Германіі дэфіцыту навучэнцаў не назіраецца.

Абавязковым удзельнікам выставы-кірмашу штогод выступае Бундэсвер (Bundeswehr). Першая наша рэакцыя на ўдзел такога экспанента на міжнароднай адукацыйнай выставе — здзіўленне. На самай справе: што тут можа выставіць ваеннае ведамства Германіі? Між тым гэта адзін з самых прывабных стэндаў выставы. І не толькі дзякуючы прыгожым хлопцам і дзяўчатам у афіцэрскай форме германскай арміі, якія знаёмяць прысутных з экспанатамі. Тут можна знайсці многае пра гісторыю ўзброеных сіл, падрыхтоўку ваенных спецыялістаў, асаблівасці вайсковай службы.
Бундэсвер пазіцыянуе сваё ведамства як адукацыйную сістэму з сучаснымі сродкамі і тэхналогіямі навучання, як своеасаблівую школу для маладых людзей. І не скажаш, што вайсковы стэнд мае мілітарысцкі ўхіл. Усе матэрыялы, прадстаўленыя на выставе, накіраваны на фарміраванне станоўчага іміджу Бундэсвера. Гэта хутчэй такая своеасаблівая форма справаздачы перад нямецкімі падаткаплацельшчыкамі. Маўляў, грошы выкарыстоўваюцца па назначэнні. Яшчэ адну не менш важную функцыю выконвае экспанент на выставе — заахвоціць маладых людзей да выбару вайсковай прафесіі. Згадзіцеся, што такі вопыт работы з патэнцыяльнымі вайскоўцамі варты пераймання.
У імправізаванай камп’ютарнай аўдыторыі каля стэнда Бундэсвера ўвесь час праходзяць практычныя семінары. Звычайна тут выкарыстоўваюцца гульнявыя праграмы, дзе маладыя людзі ў займальнай форме вучацца стратэгічнаму планаванню (не абавязкова па ваеннай тэматыцы). Арганізатары настолькі ўдала падбіраюць тэмы і формы заняткаў, што чарга жадаючых больш нагадвае тых, хто на дэгустацыі эксклюзіўных страў чакае сваёй порцыі ежы.
Дарэчы, на выставе вельмі шырока прадстаўлена школьнае харчаванне, дзе перш за ўсё дэманструецца самая сучасная тэхніка для гатавання страў. Значная ўвага ўдзяляецца экалагічнай бяспецы як тэхналогіі гатавання, так і самога харчу. Кожны жадаючы можа правесці дэгустацыю ежы.

Практычныя семінары ў імправізаваных аўдыторыях каля сваіх стэндаў праводзяць для наведвальнікаў многія кампаніі — удзельнікі выставы. Часта прысутным на такіх занятках адводзіцца актыўная роля. Гэта дазваляе людзям дэталёва азнаёміцца з магчымасцямі прадстаўленых на выставе экспанатаў.
Семінары праходзяць з пэўнай перыядычнасцю на працягу ўсіх выставачных дзён. Склад удзельнікаў фарміруецца спантанна ў залежнасці ад іх зацікаўленасці экспанатамі. Акрамя гэтага, ва ўсіх выставачных комплексах абсталяваны асобныя блокі для правядзення канферэнцый і семінараў, якія плануюцца арганізатарамі загадзя. У такім выпадку і склад іх удзельнікаў, і тэматыка мерапрыемства вызначаюцца яшчэ да пачатку адкрыцця выставы.
Падобная форма работы на выставе выкарыстоўваецца Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў для кантактаў з нашымі партнёрамі з Еўрапейскай асацыяцыі ацэньвання (AEA-Europe), членам якой з’яўляецца РІКВ. Найбольш карысныя такія сувязі з тымі замежнымі ўстановамі, дзе выкарыстоўваюцца тэставыя тэхналогіі. Так, з нямецкага боку — гэта Інстытут Гётэ і Германская служба міжнародных акадэмічных абменаў (DAAD). Вядома, што гэтыя ўстановы працуюць з замежнымі абітурыентамі, а іх тэставыя тэхналогіі маюць шмат агульнага з тэхналогіямі правядзення ЦТ.
У той жа час многія еўрапейскія краіны, у тым ліку ФРГ, не маюць цэнтралізаваных устаноў па адборы абітурыентаў ва ўніверсітэты. І тут некалькі прычын.
Напрыклад, у Германіі кампетэнцыі ў сістэме адукацыі падзелены паміж федэральнымі і мясцовымі (зямельнымі) уладамі. Так землі адказваюць за сістэму дашкольнай, агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі. Хоць мясцовыя ўлады ўсіх 16 зямель і дамовіліся аб адзіных падыходах па арганізацыйных формах адукацыі і прызнанні выпускных экзаменаў, між тым у кожнай з іх могуць быць адрозненні па змесце і структуры вучэбных планаў і праграм. Гэта, безумоўна, не спрыяе ўніфікацыі сістэмы адукацыі ў межах дзяржавы. Таму агульнадзяржаўныя выпускныя экзамены цэнтралізавана, як правіла, не праводзяцца.
Неяк у размове дырэктар адной з прыватных школ Штутгарта прызнаўся, што выпускнік гэтай школы, які мае высокія балы, не здольны на аналагічны поспех падчас выпускных экзаменаў, напрыклад, у Гамбургу. І наадварот.
Трэба ўлічваць і тое, што ўніверсітэты Еўропы, у тым ліку Германіі, аўтаномныя і з абітурыентамі працуюць па сваіх праграмах. На адны спецыяльнасці залічэнне праходзіць па выніках выпускных экзаменаў у школах, на другія, напрыклад медыцынскія, — універсітэты праводзяць свае ўступныя іспыты.
Удзел у міжнародных выставах прадстаўнікоў адукацыйнай галіны нашай краіны, і ў першую чаргу кіруючых работнікаў сістэмы адукацыі, асабліва карысны як сродак маніторынгу развіцця адукацыйнай галіны, а таксама для набыцця вопыту ў галіне маркетынгу пры правядзенні ўласных мерапрыемстваў аналагічнага фармату.

 

Мікалай ФЯСЬКОЎ,
дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.