Дыстанцыя поспеху

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі дадзены старт вясенняму семестру Рэспубліканскага прафілактычнага праекта “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра!”. Бягучы год аб’яўлены ў БДУІР годам рухальнай актыўнасці. А ўсяго ў рэспубліканскім праекце ўдзельнічаюць яшчэ 37 устаноў вышэйшай адукацыі, больш за ўсё ў Мінску — 29.

Такі масавы ўдзел УВА адзначаецца не так даўно, распачаўся ж праект тры гады назад менавіта ў БДУІР з праграмы рацыянальнага харчавання студэнтаў. Сёлета гэтую праграму выконваюць, напрыклад, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Кожная УВА працуе па сваёй праграме. Студэнты ж БДУІР паспелі прыняць удзел яшчэ ў праграме “Здаровае сэрца” і праграме прафілактыкі стрэсаў і псіхічнага здароўя.

Усяго ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі за час існавання праекта ўдзел у ім прынялі больш за 6 тысяч маладых людзей. І, як сказаў на адкрыцці вясенняга семестра праекта рэктар установы Міхаіл Паўлавіч Батура, ініцыятыва па далучэнні моладзі да здаровага ладу жыцця не мае часавых межаў: ва ўніверсітэт паступаюць новыя маладыя людзі, і іх таксама задзейнічаюць у праекце. А вынікі праекта адсочваюць медыкі. Так, па даных 33-й студэнцкай паліклінікі Мінска, захваральнасць студэнтаў БДУІР у 2016 годзе знізілася на 10% у параўнанні з папярэднім годам. Кіраўніцтва ўніверсітэта, урачы звязваюць такое зніжэнне менавіта з рэалізацыяй праекта “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра!”.

Адкрыццё ж новага семестра атрымалася асабліва спартыўным, бо ўдзел у ім прыняў рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса беларускі асілак Кірыл Шымко. А кантрольная група праекта — 78 стараст груп — атрымала ў падарунак фітнес-бранзалеты, з дапамогай якіх праз падключэнне да любой мабільнай прылады можна сачыць за ўзроўнем фізічных нагрузак, глыбінёй сну, колькасцю ўжытых калорый, некаторымі іншымі параметрамі. Паколькі ініцыятыва рэалізоўваецца па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, то старасты, як гэта адбывалася і раней, падзеляцца ведамі, набытымі на лекцыях і занятках, назіраннямі са сваімі аднагрупнікамі. Пасля завяршэння праграмы медыкі прааналізуюць атрыманыя даныя і зробяць неабходныя высновы, дадуць патрэбныя рэкамендацыі.

Падчас адкрыцця вясенняга семестра рухальнай актыўнасці атрымаў старт і новы праект Dream TeamBSUIR, у рамках якога пачнецца падрыхтоўка да Мінскага паўмарафону — 2017, які традыцыйна праходзіць у Дзень горада ў верасні. Ініцыятар гэтага праекта Таццяна Печань, асістэнт кафедры сістэм тэлекамунікацый БДУІР, якая ўпершыню прабегла Мінскі паўмарафон у 2015 годзе, удзельнічала ў паўмарафонах у Адэсе, Барселоне, Кіеве — усяго ў пяці паўмарафонах за мінулы год. Зараз Таццяна Міхайлаўна збірае каманду жадаючых, і першыя аматары бегу ў хуткім часе распачнуць трэніроўкі — і не толькі на стадыёне ўніверсітэта, а і ў маляўнічых месцах горада, напрыклад, каля Цнянскага вадасховішча, на тэрыторыі лесапаркавых зон. Ініцыятар праекта спадзяецца, што актыўная група далучыць да заняткаў іншых студэнтаў, выкладчыкаў.

Марына ХІДДЖАЗ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *