Для бацькоў будучых школьнікаў

- 17:38Нам пішуць

У санаторным яслях-садзе № 153 Гомеля правялі сход для бацькоў сёлетніх выпускнікоў “Будучы першакласнік”.

Падрыхтаваць выхаванцаў дзіцячага сада да школы — задача няпростая і вельмі важная. І ў гэтым сэнсе пераемнасць паміж установамі адукацыі асабліва каштоўная. Разам з тым такую задачу наўрад ці магчыма выканаць без удзелу сям’і, бацькоў. Якая іх роля ў гэтым і што яны павінны даносіць да свайго дзіцяці, якое заўтра апынецца ў сценах школы? Менавіта аб гэтым ішла размова на бацькоўскім сходзе.

— Самае дарагое ў нашым жыцці — гэта нашы дзеці, — звярнулася да прысутных загадчык дашкольнай установы Вольга Астапенка. — З самага нараджэння мы ўсе — і бацькі, і дашкольная ўстанова, і школа — нясём адказнасць за іх дабрабыт, іх жыццё і здароўе. І толькі ў цесным супрацоўніцтве і ўзаемаразуменні мы можам вырашаць пытанні выхавання, паспяховасці, адаптацыі дзяцей.

Педагогі дашкольнай установы прадэманстравалі работу, якая праводзіцца з выхаванцамі па падрыхтоўцы іх да школы. Пасля з бацькамі гутарыла намеснік дырэктара сярэдняй школы № 12 Гомеля Валянціна Вербавікова. Яна расказала аб парадку паступлення дзяцей у школу, дала рэкамендацыі для паспяховай адаптацыі дзяцей да школы і запрасіла бацькоў і дзяцей на папярэднія заняткі, якія звычайна арганізоўваюцца падчас канікул.

Наталля ЛУТЧАНКА.