Для бібліятэкараў няма слова “праблема”. Ёсць слова “выклік”

- 12:05Культура

Надоечы адзначаўся Дзень бібліятэк. З гэтай нагоды было праведзена шмат розных маштабных і лакальных мерапрыемстваў. Нацыянальная бібліятэка Беларусі прымала ў сваіх сценах IV форум бібліятэкараў Беларусі “Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці”. Гэты вялікі бібліятэчны сход сабраў каля дзвюх з паловай соцень дэлегатаў з розных рэгіёнаў краіны. Там жа, у НББ, у рамках форуму адбыўся ІІ Рэспубліканскі фестываль самадзейнай творчасці бібліятэкараў. У сотнях бібліятэк краіны прайшлі сустрэчы іх супрацоўнікаў з чытачамі, былі прэзентаваны адметныя кніжныя навінкі, праведзены акцыі, скіраваныя на папулярызацыю прафесіі бібліятэкара. А напярэдадні Дня бібліятэк адбылася прэс-канферэнцыя, на якой былі агучаны некаторыя цікавыя лічбы і факты, якія тычацца сённяшняга стану бібліятэчнай справы ў Беларусі.

Так, па словах намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіля Чэрніка, бібліятэкі сёння з’яўляюцца шматфункцыянальнымі ўстановамі культуры, добрасумленна выконваюць цэлы шэраг сацыяльна значных задач, прадастаўляюць грамадзянам доступ да інфармацыі і ведаў, у тым ліку да апошніх дасягненняў сусветнай і айчыннай навукі, а таксама ствараюць умовы для духоўнага і маральнага развіцця чытачоў.
Васіль Мечыслававіч прадставіў журналістам агульную карціну сукупнай бібліятэчнай сеткі нашай краіны. Гэта 7,7 тысячы бібліятэк, агульны фонд якіх налічвае больш за 180 мільёнаў адзінак захоўвання. Што тычыцца публічных бібліятэк, то па стане на 1 ліпеня 2015 года ў Беларусі налічвалася 2916 бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры. Флагманамі тут з’яўляюцца, безумоўна, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 6 абласных бібліятэк. Апошнім часам адзначаецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці бібліятэк пераважна за кошт бібліятэк у сельскай мясцовасці, хоць яны па-ранейшаму складаюць большую частку бібліятэк сеткі Міністэрства культуры. Па стане на 1 ліпеня 2015 года такіх налічвалася 2306, або 79 працэнтаў ад агульнай колькасці. Апошнія гады асабліва інтэнсіўна праводзілася аптымізацыя ў сферы культуры, што адлюстроўваюць наступныя лічбы: у 2013—2014 гадах сетка публічных бібліятэк у Беларусі была скарочана на 573 адзінкі, і 94 працэнты з іх — гэта сельскія бібліятэкі. “Аднак пры гэтым, — заўважыў намеснік міністра культуры, — бібліятэкі закрываліся найперш у маланаселеных пунктах у сувязі са скарачэннем насельніцтва. Падчас аптымізацыі былі зроблены ўсе неабходныя захады для захавання інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва. Там, дзе гэта было магчыма, праводзілася аб’яднанне сельскіх публічных і школьных бібліятэк. Актуальнай формай бібліятэчнага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці стала арганізацыя ўстаноў культуры змешанага тыпу, як, напрыклад, бібліятэка-клуб ці бібліятэка-музей”.
Тым не менш, паводле інфармацыі Васіля Чэрніка, нягледзячы на тэндэнцыю да зніжэння колькасці бібліятэк у нашай краіне, па паказчыку сярэдняй колькасці жыхароў на адну бібліятэку Рэспубліка Беларусь абганяе такія еўрапейскія краіны, як Польшча, Германія і інш. У нас адна публічная бібліятэка культуры прыпадае на 3253 жыхары, а, напрыклад, у Польшчы — на 4100, у Германіі — на 4750.
Першы намеснік дырэктара па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі НББ Алена Даўгаполава прадстаўляла на прэс-канферэнцыі не толькі Нацыянальную бібліятэку Беларусі, але і Беларускую бібліятэчную асацыяцыю, якую яна сёння ўзначальвае. Алена Верамееўна заўважыла, што асаблівасцю нашай асацыяцыі ў адрозненне ад падобных структур у іншых краінах з’яўляецца тое, што яна аб’ядноўвае прадстаўнікоў бібліятэк розных ведамстваў — і публічных, і ўстаноў вышэйшай адукацыі, і школьных. Акрамя таго, у ББА прадугледжана толькі індывідуальнае членства, у той час як у сусветнай практыцы ў бібліятэчныя асацыяцыі ўваходзяць найчасцей юрыдычныя асобы. “Такі наш падыход мае свае плюсы, — дадала Алена Даўгаполава, — паколькі ў асацыяцыю ўступаюць толькі тыя людзі, якія хочуць займацца яшчэ нечым важным для іх, акрамя непасрэдных прафесійных абавязкаў”.
Як адзначыла выступоўца, вектар дзейнасці Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі за апошнія гады вельмі змяніўся. Сёння ББА трымае курс на два асноўныя кірункі. Першы — павышэнне кваліфікацыі бібліятэкараў як бы па-за межамі афіцыйнай сістэмы павышэння кваліфікацыі кадраў. Гэта правядзенне разнастайных семінараў, трэнінгаў, майстар-класаў і г.д. А другі кірунак — асваенне новых форм кантактаў з грамадскасцю. У якасці прыкладу такіх новых форм Алена Даўгаполава назвала велапрабегі. Так, упершыню такі велапрабег у складзе 16 бібліятэкараў з 7 краін адбыўся ў мінулым годзе. Выправіўшыся з Мінска, яны праехалі ўсю Мінскую вобласць, наведалі мноства бібліятэк, у тым ліку сельскіх, а канцавым пунктам велапрабегу стаў Каўнас, дзе адбыўся міжнародны бібліятэчны семінар. Такія мерапрыемствы, на думку Алены Верамееўны, атрымліваюць вялікі рэзананс у бібліятэчнай супольнасці і ў грамадстве ў цэлым. “Нам вельмі важна пераарыентаваць думку грамадскасці, маўляў, бібліятэкары — гэта такія шэранькія мышкі, якія сядзяць недзе паміж стэлажамі і займаюцца толькі ім зразумелымі рэчамі. І, безумоўна, вельмі важныя прафесійныя кантакты”, — падкрэсліла старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Дарэчы, той першы міжнародны велабрабег у сваю чаргу даў штуршок для правядзення рэгіянальных падобных мерапрыемстваў — у Барысаўскім і Баранавіцкім раёнах. Сярод іншых нестандартных форм узаемадзеяння бібліятэк з грамадскасцю Алена Даўгаполава назвала квест-гульню “Чытай-горад”, а таксама фестываль кнігі, праведзены сёлета Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з бібліятэкай Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. На працягу трох дзён работы фестывалю яго наведала каля тысячы чалавек.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі адказалі на шэраг пытанняў журналістаў: пра супрацоўніцтва з буйнымі замежнымі бібліятэкамі, магчымыя бібліяграфічныя адкрыцці ў найбліжэйшы час і інш. Па словах Алены Даўгаполавай, толькі ў адной Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наладжаны кантакты і падпісаны дагаворы аб дакументаабмене з вядучымі амерыканскімі бібліятэкамі, у тым ліку Бібліятэкай Кангрэса ЗША, бібліятэкамі Германіі, Кітая і іншых краін. Сярод апошніх — дамова, якую падпісала НББ з Нацыянальнай бібліятэкай Пакістана. Яшчэ адзін кірунак міжнароднага супрацоўніцтва — гэта абмен кніжнымі выставамі. Гэта вельмі затратныя мерапрыемствы, але можна ўспомніць, напрыклад, унікальны праект, калі ў Беларусі на працягу месяца экспанаваліся выданні Скарыны, прывезеныя з Германіі. Акрамя таго, у супрацоўніцтве з замежнымі бібліятэкамі ствараюцца пошукавыя сістэмы, дэпазіторыі адкрытага доступу (гэта тычыцца найперш бібліятэк устаноў вышэйшай адукацыі).
Што тычыцца магчымых адкрыццяў, то, як заўважыла Алена Даўгаполава, нашы бібліятэкі знаходзяцца ў параўнанні з замежнымі ў горшым становішчы, і прычына гэтага — шматлікія войны, якія перажыла наша краіна за сваю гісторыю. Пасля Другой сусветнай вайны фонды той жа Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі аднаўляліся ажно да 70-х гадоў мінулага стагоддзя, і ўсё роўна многія рарытэты так і аселі ў бібліятэках Расіі і іншых краін. Натуральна, сёння вярнуць іх не ўяўляецца магчымым. Але і ў нашы дні ўсё ж здараюцца бібліяграфічныя адкрыцці. А ў тым, што яны не маюць іншым разам гучнага рэзанансу, вінаваты часта мы самі, бо яшчэ не прывыклі заўважаць і цаніць як след сваё.
Красамоўную выснову адносна сённяшнага стану бібліятэчнай справы і ў нашай краіне, і ў свеце ў цэлым падвёў дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі Беларусі Аляксандр Груша: “Мы часта гаворым аб праблемах, звязаных са зніжэннем кнігавыдачы, колькасці наведвальнікаў і г.д. Але не ўсё залежыць ад бібліятэк. І насамрэч у асяроддзі саміх бібліятэкараў няма слова “праблема”. Ёсць слова “выклік”. Гэта зусім розныя рэчы”.

Мікола ЧЭМЕР.