Для бізнесу і грамадства няма нічога лепшага за стабільнасць

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын лічыць прадказальнасць дзяржаўнай палітыкі лепшым варыянтам эканамічнага курсу краіны.

Такое меркаванне ён выказаў на Кастрычніцкім эканамічным форуме (KEF-2018).

“Мне здаецца, што самы лепшы эканамічны курс — гэта курс прадказаны і прадказальны. Для бізнесу і грамадства ў цэлым няма нічога лепшага за стабільнасць”, — лічыць Аляксандр Турчын.

Першы намеснік прэм’ер-міністра адзначыў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для эфектыўнай работы эканомікі. Прадугледжаны і стабільнасць падатковай сістэмы, і падзел функцый уласніка і рэгулятара, і аптымізацыя сістэмы дзяржкіравання. Усе рашэнні прыняты, трэба проста іх рэалізоўваць.

Ключавой кропкай, паводле слоў Аляксандра Турчына, павінна стаць разуменне таго, што патэнцыял традыцыйных галін эканомікі абмежаваны. І справа не ў тым, добра або дрэнна яны працуюць, справа ў глабальным змяненні структуры сусветнай эканомікі, якая натуральным чынам закранае і нашу краіну. “Таму мы робім стаўку на IT, hi-tech, менавіта таму мы вельмі сур’ёзна зоймемся галоўным — чалавечым капіталам, — заявіў першы віцэ-прэм’ер. — Калі ў Беларусі не захочуць заставацца таленавітыя людзі, нічога новага нас у будучыні не чакае. Таму ключавым для развіцця краіны я асабіста бачу выкананне даручэння прэзідэнта зрабіць Беларусь краінай, прывабнай для капіталу, для таленавітых людзей з усяго свету”. Работа над выкананнем гэтага даручэння вядзецца вельмі сур’ёзная, у тым ліку ў супрацоўніцтве бізнес-супольнасці і Парка высокіх тэхналогій.