Для будучых чэмпіёнаў і аматараў здаровага ладу жыцця

- 11:47Спартыўныя падзеі

Спартыўны комплекс з залай для гульнявых відаў спорту і баксёрскім рынгам адкрыты ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы.

Каледж славіцца высокімі дасягненнямі сваіх навучэнцаў, найперш прафесійнымі, пра што красамоўна сведчаць перамогі на чэмпіянатах WorldSkills рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. У творчых аглядах і фестывалях, конкурсах грамадска-культурнай накіраванасці ўстанова адукацыі таксама ўпэўнена трымаецца ў лідарах. Не выключэнне і спорт.

— Нашы зборныя каманды па міні-футболе і баскетболе — неаднаразовыя чэмпіёны рэспублікі, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце каледжа Вольга Арышчанка. — У лёгкай атлетыцы мы пераможцы гарадскіх і абласных спаборніцтваў, а таксама першыя ў абласных спаборніцтвах па выкананні нарматываў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскай спартакіяды па праграме летняга мнагаборства “Абаронца Айчыны”. На працягу апошніх трох гадоў каледж займае 1-е месца ў спартакіядзе сярод прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі Віцебска і спартакіядзе сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці.

Напярэдадні новага навучальнага года калектыў каледжа атрымаў выдатны падарунак: адкрыта першая чарга сучаснага спартыўнага комплексу з вялікай залай для гульнявых відаў спорту і баксёрскім рынгам, камфортнымі раздзявальнямі і душавымі. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, кіраўнік абласнога дэпутацкага корпусу Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі адміністрацый раёнаў Віцебска. Дырэктар каледжа Аляксандр Ласякін правёў для гасцей азнаямляльную экскурсію па ўстанове адукацыі, расказаў пра перспектывы яе далейшага развіцця. Адкрыццё комплексу — падзея значная ў рэгіянальным маштабе: тут змогуць займацца не толькі навучэнцы, работнікі каледжа, але і жыхары абласнога цэнтра, прычым спартыўная база цяпер дазваляе на якасна новым узроўні праводзіць абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы.

— На прыкладзе тэхнічнага каледжа яскрава бачна, наколькі важная роля дырэктара ўстановы адукацыі ў працэсе арганізацыі работы і вырашэння пастаўленых задач, — звяртаючыся да кіраўнікоў гарадоў і раёнаў падкрэсліў Дзмітрый Хома.

Трэба сказаць, падарунак у дачыненні да гэтага адкрыцця — паняцце ўмоўнае, бо фактычна шыкоўны комплекс майстравітыя і беражлівыя юнакі і дзяўчаты пад кіраўніцтвам і разам з педагогамі зрабілі сваімі сіламі: за бюджэтныя сродкі набываліся толькі матэрыялы. У час вытворчых практык моладзь паспрабавала сябе і даказала, што ў каледжы рыхтуюць сапраўдных прафесіяналаў. Усе будаўнічыя і аддзелачныя работы, аб’ём якіх, дарэчы, перавышае 180 тысяч кв. метраў, а эканомія бюджэтных сродкаў склала 200 тысяч рублёў, выканалі навучэнцы архітэктурна-будаўнічага аддзялення і майстры вытворчага навучання. Маштабныя пераўтварэнні перададзенага ўстанове адукацыі будынка ліцэя пачаліся ў студзені гэтага года пасля таго, як яе наведаў Мікалай Шарстнёў. Каманда маладых майстроў спрацавала і якасна, і хутка. Крыху больш за паўгода былы ліцэйскі спарткомплекс поўнасцю змяніў аблічча: ад старых памяшканняў засталіся хіба што сцены. Усяго на аб’екце асвоена каля 500 тысяч рублёў.

Каледж ганарыцца выпускніком гэтага года Захарам Волкавым, які на цяперашні час з’яўляецца гульцом футбольнага клуба БАТЭ і членам нацыянальнай беларускай зборнай па футболе. Калектыў нацэлены на пакарэнне новых вышынь: з адкрыццём спартыўнага комплексу створаны ўсе неабходныя ўмовы для дасягнення навучэнцамі высокіх спартыўных вынікаў не толькі на рэспубліканскіх, але і на міжнародных спартыўных арэнах.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.