Для чаго стваралі «Кубышку»? Усё пра лялькі-абярэгі ведаюць навучэнцы Гарадзечненскай сярэдняй школы

- 11:18Репортаж

Экспазіцыя «Лялька-фэст» школьнага гісторыка-краязнаўчага музея «Вытокі» Гарадзечненскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна займае асобнае памяшканне і прыцягвае ўвагу не толькі навучэнцаў, але і гасцей установы адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

– Стварыць асобную экспазіцыю вырашылі, калі зацікавіліся славянскімі лялькамі-абярэгамі, – расказвае настаўніца гісторыі Вольга Аляшкевіч. – Звярнуліся да гісторыі, каб даведацца, што яны неслі ў сабе. У мінулым нашы продкі выраблялі такія лялькі з нагоды народных свят альбо значных падзей у сям’і, такіх як вяселле ці нараджэнне дзіцяці. Кожная лялька выконвала свае «абавязкі». Яны прыцягвалі ў дом дастатак, абаранялі ад хвароб і няшчасцяў. Лялькі не мелі рыс твару, таму станавіліся недаступнымі для злых духаў. Хоць гэта і дзіўна гучыць, але вядомыя цікавыя гісторыі з жыцця людзей, якім лялькі-абярэгі сапраўды дапамагалі.

Педагог паказвае «Крупянічку» (яе яшчэ называюць «Зернавушка») – абярэг дабрабыту і багацця ў сям’і. В. Аляшкевіч расказвае, што ствараліся яны на восеньскія святы і напаўняліся зярном. «Дзесяціручку» руплівая гаспадыня рабіла сабе, каб тая дапамагала ў хатніх справах. «Кубышка» – прыгожая лялька, якая сядзіць на мяшку з лекавымі і духмянымі травамі. Яна стваралася, каб дома панавала здароўе і нічога яму не шкодзіла. Для таго, хто пакідае сваё жыллё, майстравалі «Падарожніцу». У руках яна трымае клуначак з запасамі ежы і жменькай зямлі. Лічылася, што такі абярэг забяспечвае сытасць, лёгкую дарогу і вяртанне падарожніка ў родныя мясціны. «Жаданніцу» стваралі пераважна дзяўчаты, садзілі яе на покуце і загадвалі адно запаветнае жаданне. А на вяселле дарылі «Неразлучнікаў» – сімвал і абярэг моцнага саюза, каб маладыя ніколі не разлучаліся.

Рабіць такія лялькі няпроста. Яны не павінны сшывацца, а толькі скручвацца. Таму ў асноўным усе музейныя экспанаты зроблены на заказ. Аднак і навучэнцы паспрабавалі змайстраваць сваімі рукамі «Спавітушку». Яе клалі немаўляткам у калыску, каб тыя добра спалі і не плакалі. За справу ўзяліся малодшыя школьнікі на занятках краязнаўчага клуба «Полымя». Цяпер «Спавітушка» займае пачэснае месца сярод экспанатаў.

У экспазіцыі прадстаўлены лялькі, зробленыя па матывах беларускіх народных казак, а таксама прывезеныя са «Славянскага базару ў Віцебску», а таксама з-за мяжы – з Грузіі, Турцыі, Нідэрландаў, Ірландыі і г.д. Частка выставы прысвечана лялькам – гераіням раманаў класічнай замежнай літаратуры.

Мы прапаноўваем дзецям інтэрактыўныя заняткі, – дадала В. Аляшкевіч. – Так, навучэнцы малодшых і сярэдніх класаў з задавальненнем адгадваюць беларускую народную казку па прадстаўленых у экспазіцыі ляльках, расказваюць пра іншых герояў. Ёсць тут і старыя кніжкі з казкамі, якія некалі чыталі сваім сынам и дочкам бацькі. А сённяшнія аматары пісаць SMS цікавяцца ранейшымі паштоўкамі, якія мы таксама паказваем у экспазіцыі. На гэтым спыняцца не будзем, працягнем збіраць калекцыю лялек.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара