Для часткі абітурыентаў прыёмная кампанія пачынаецца ўжо вясной

- 14:44Вышэйшая школа, Рознае
5 сакавіка пачалася рэгістрацыя абітурыентаў на прафесійна-псіхалагічнае субяседаванне.

Гэта абавязковы этап уступнай кампаніі для тых, хто збіраецца паступаць на спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і права” , “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”, “Міжнародныя адносіны”, “Правазнаўства”, “Міжнароднае права”, “Эканамічнае права”, “Журналістыка” (у тым ліку калі яна з’яўляецца дадатковай спецыяльнасцю), “Міжнародная журналістыка”, “Мытная справа”. Субяседаванне трэба праходзіць незалежна ад формы будучага навучання (дзённая, вячэрняя, завочная), пры навучанні ў скарочаныя тэрміны, пры атрыманні другой вышэйшай адукацыі.
Рэгістрацыя будзе праходзіць з 5 па 31 сакавіка ўключна ў тых установах адукацыі, якія вызначаны месцамі правядзення субяседавання па групах спецыяльнасцей. Абітурыенты могуць прыехаць у выбраную ўстанову і самастойна падаць заяву на ўдзел у субяседаванні. Пры гэтым трэба мець дакумент, што сведчыць асобу (пашпарт). Таксама можна накіраваць заяву па пошце, і тады да яе неабходна прыкласці копію пашпарта. Звяртаем увагу на тое, што заявы, накіраваныя па пошце, павінны трапіць на рэгістрацыю не пазней чым 31 сакавіка. Тыя, што паступяць пазней, разглядацца не будуць.
Абітурыенты могуць зарэгістравацца і прайсці прафесійна-псіхалагічнае субяседаванне ў любой з вызначаных устаноў (пералік ёсць на сайце Міністэрства адукацыі), незалежна ад таго, куды яны збіраюцца паступаць. Пры гэтым рэгістравацца можна толькі адзін раз і на адну спецыяльнасць (групу спецыяльнасцей).
Прафесійна-псіхалагічнае субяседаван не ўяўляе сабой індывідуальную гутарку спецыялістаў з кожным абітурыентам для выяўлення яго асобасных і дзелавых якасцей, здольнасцей і матывацыі да навучання па выбранай спецыяльнасці. Праходзіць субяседаванне будзе з 5 па 30 красавіка згодна з зацверджанымі графікамі.

 

Галіна CІДАРОВІЧ.