Для дзяцей і з дзецьмі

- 9:40Меркаванне

Святлана НІКІФАРАВА

 

 

 

 

 

 

Нарэшце зноў субота! У многіх педагогаў па плане — школьныя мерапрыемствы. А вось у навучэнцаў магчымы варыянты. 

Дзе дзіцяці правесці суботу — у школе з настаўнікамі, дома з бацькамі, на футбольным полі з сябрамі? А можа, яно цэлы вучэбны тыдзень марыла пра бабуліны блінцы з тварагом ці збірала рыбацкія снасці і палатку для сямейнага паходу? Дакладных адказаў няма і быць не можа. На тое яна і субота! Значыць, права выбару за самім дзіцем.

Калі бацькі распланавалі выхадныя, каб кожную мінуту прысвяціць сваім дзецям, гэта здорава. У віры сучаснага жыцця, калі таты і мамы 5 дзён на тыдзень да вечара заняты на рабоце, а ў дзіцячым штодзённіку спісана кожная старонка раскладам урокаў, факультатываў, студый, гурткоў, час на сямейныя выхадныя — гэта святое. І нічога не заменіць іх дзіцяці. І ні адзін настаўнік не павінен засмучацца, што дзіця не ў школе.

Але ж з іншага боку, далёка не ўсе бацькі і далёка не кожную суботу плануюць сямейны адпачынак. Можа, іх увагі патрабуе фруктовы сад ці старэнькі дах на дачы? Магчыма, ім не хапіла працоўнага тыдня, каб скончыць квартальны праект? А можа, тэрміновая каман­дзіроўка? І што рабіць дзіцяці? Упасці ў спячку? Ці марыць дасягнуць чарговага ўзроўню ў камп’ютарнай гульні? Вось у гэтай сітуацыі настаўнік і павінен прапанаваць дзіцяці альтэрнатыву.

І не проста даць гатовенькае, а прапанаваць самому стаць творцам. Я пераканана: толькі тое мерапрыемства спадабаецца дзіцяці, якое яно дапамагло арганізаваць. Гэта як з абедам: у школьнай сталовай дзіця можа крывіцца, што суп не есць, салат не любіць, а калі гатуе само, нават падгарэлае ці перасоленае з’есць з апетытам. Так і тут — не паскардзішся на слабенькую арганізацыю ці сумную музыку. Ён жа суарганізатар!

Таму, паважаныя педагогі, смела бярыце сабе ў памочнікі сваіх навучэнцаў. Няхай яны размяркоўваюць паміж сабой задачы і спрабуюць сябе ў ролі сцэнарыстаў, рэжысёраў, дзіджэяў, харэографаў, журналістаў… Няхай рэалізоўваюць менавіта свае самыя смелыя ідэі і праекты. Для дзяцей гэта магчымасць прымераць на сябе новую прафесію, ад­крыць для сябе нешта новае. І тады ім захочацца падзяліцца сваімі радасцямі з сям’ёй. А гэта магчымасць далучыць да вашых школьных падзей і бацькоў дзяцей. Прычым ім таксама варта прапаноўваць быць не гледачамі, а памочнікамі: прыдумаць і пашыць касцюм сыну для ролі ў тэатры, падабраць фанаграму ці ўспомніць футбольную маладосць, стаўшы на вароты.

І яшчэ такі момант: цікавым будзе тое мерапрыемства, да якога рыхтаваліся не ў спешцы. Таму не варта гнацца за іх колькасцю за кошт якасці. Няхай грунтоўныя мерапрыемствы будуць праходзіць не кожны тыдзень, а толькі раз у месяц ці два. Падрыхтоўка да свята часцей больш каштоўная, чым само свята. 

У наступную суботу на старонках нашага дадатку “Шосты дзень” мы прапануем выка­заць свае меркаванні наконт шостага школьнага дня і дзецям, і настаўнікам, і бацькам.