Для дзяцей і з дзецьмі

У аграгарадку Гатава, што пад Мінскам, жыве больш за 12 тысяч жыхароў. Па колькасці насельніцтва гэта амаль горад, а па інфраструктуры, мякка кажучы, да горада ён не дацягвае. Перапоўненыя школа, 2 дзіцячыя садкі і бібліятэка — усё, што тут ёсць для дзяцей. Марыць пра Дом культуры ці спартыўны комплекс пакуль не даводзіцца, таму мясцовыя жыхары вырашылі разам зрабіць тэрыторыі сваіх двароў пляцоўкамі для дзяцей.

Метамарфозы ў Гатаве пачаліся два гады назад, калі адна з яго жыхарак — Наталля Парэчына, супрацоўніца ўстановы “Цэнтр экалагічных рашэнняў”, сабрала разам маладых мам і татаў з навакольных дамоў і прапанавала аб’яднацца і зрабіць разам пляцоўку для адпачынку дзяцей і дарослых. Ідэю падтрымалі ахвотна, далучыліся нават мясцовыя ўлады і камунальшчыкі. Так, агульнымі намаганнямі была абгароджана зялёная зона, высаджаны кусты і хвойнікі, усталяваны лаўкі. Да ўдзелу падключалася ўсё больш людзей, па вечарах і па выхадных было людна: кіпела работа. Выходзілі ўсе — і старыя, і малыя. Асаблівай увагі заслугоўвае сцяна, якая закрыла ад вачэй ажно 13 смеццевых кантэйнераў. Пад кіраўніцтвам мясцовага мастака Сяргея Харытончыка дзеці, узяўшы  пэндзлі і фарбы, размалявалі яе на свой густ. Але маляванне — гэта толькі першы крок. Агульнымі намаганнямі была арганізавана інфармацыйная кампанія па асобным зборы смецця: на кантэйнерах і ў ліфтах дамоў былі размешчаны спецыяльныя каляровыя наклейкі з інфармацыяй пра тое, як правільна яго сартыраваць. А ў школе прайшлі спецыяльныя заняткі для малодшых дзяцей і аналаг знакамітай гульні “Што? Дзе? Калі?” для старшакласнікаў.

Зробленае стала нагодай прыняць удзел у конкурсе міні-праектаў “ТАNDЕМ IV: Устойлівае супрацоўніцтва паміж непалітычнымі арганізацыямі і мясцовымі органамі ўлады для актывізацыі ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні і развіцця мясцовых супольнасцей у Рэспубліцы Беларусь”. І прадстаўнікі Гатава перамаглі! Выйгрышам стала фінансаванне іх задумак — дзіцячай гульнявой пляцоўкі і сучаснага спартыўнага комплексу з вулічнымі трэнажорамі. Заканчэнне работ было адзначана вялікім агульным святам дзяцей і дарослых “Студзеньскі дваравік” з песнямі, танцамі гульнямі і падарункамі.

Спачатку тут збіраліся дзеці з усяго аграгарадка, але хутка эстафета пайшла і па іншых дварах, дзе за год было зроблена яшчэ пяць пляцовак. Так, у двары самых новых дамоў (пабудаваліся 9 гадоў назад для маладых сем’яў) летам былі ўстаноўлены шыкоўныя гульнявыя комплексы для дашкольнікаў і для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Сёлета для падлеткаў і дарослых жыхары стварылі спартыўныя валейбольную і футбольную пляцоўкі, дзе штовечар аж да халадоў прахо­дзілі матчы. Тут жа ладзіліся дыскатэкі з конкурсамі і прызамі ў Дзень абароны дзяцей і на іншыя святы, вядучымі і дыджэямі на якіх выступалі жыхары Гатава.

Мясцовыя школьнікі разам са сваімі настаўнікамі не раз выходзілі на акцыі “Зробім!” і прыводзілі ў парадак тэрыторыю ля возера, на ўзлеску. Не адставалі ад іх і дарослыя. У многіх дамах цяпер па-мастацку распісаны сцены ў пад’ездах, з’явіліся кветкавыя кампазіцыі і нават карцінныя галерэі.

Жыхары дружнай талакой навялі парадак у аграгарадку. У многіх дварах пачалося своеасаблівае спаборніцтва мясцовых ландшафтных дызайнераў: усюды сталі з’яўляцца міні-дэндрарыі, клумбы і міксбордары, суседзі стараліся здзіўляць адно аднаго, ствараючы ў сваіх дварах ландшафтныя шэдэўры.

Каля дома Галіны Філіповіч не было дзіцячай пляцоўкі, таму яна пастаралася зрабіць хаця б зону для прагулак і стварыла шыкоўныя кветкавыя кампазіцыі, пад яе акном вырасталі нават цэлыя караблі з камянёў і зеляніны. Маючы перад вачыма прыклад іншых двароў, яна даслала фота ўласнастворанага двара на конкурс “Мой двор — мой гонар”, які ўжо тры гады праводзіць Мінская раённая арганізацыя “Белая Русь”. Умовы конкурсу  простыя: вы ствараеце прыгожы двор — яго дапаўняюць дзіцячай пляцоўкай. Так, двор Галіны Філіповіч стаў пераможцам ва ўсім раёне, таму на мінулым тыдні тут з’явіўся новенькі гульнявы комплекс для дзяцей, а таксама алея з туямі, лаўкі.

Сёння ў Гатаве ўсе ведаюць: пад ляжачы камень вада не цячэ, таму калі хочаш мець прыгожы пасёлак, прыгожы двор — пачні рабіць яго такім сам. А памочнікі абавязкова знойдуцца. Гэта і ёсць галоўны прынцып устойлівага развіцця — аб’ядноўваць намаганні для адной агульнай мэты.

Святлана НІКІФАРАВА.