Для эфектыўнай барацьбы з гандлем людзьмі як паветра неабходны сумесныя і скаардынаваныя дзеянні ўсіх партнёраў

- 14:41Інфармацыйная гадзіна

Беларусь на міжнародным узроўні цвёрда адстойвае ідэю неабходнасці адзінства дзеянняў у барацьбе з гандлем людзьмі. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас на брыфінгу, арганізаваным МЗС Беларусі сумесна з прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.

“Для эфектыўнай барацьбы з гандлем людзьмі як паветра неабходны сумесныя і скаардынаваныя дзеянні ўсіх партнёраў: дзяржаў, міжнародных арганізацый, грамадскіх структур, прыватнага сектара, сродкаў масавай інфармацыі і кожнага неабыякавага чалавека, — сказаў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства. — Агляд выканання прынятага па ініцыятыве Беларусі Глабальнага плана дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі, які ў мінулым годзе адбыўся ў ААН, паказаў, што нам ёсць над чым працаваць, каб зрабіць сумесную працу па прадухіленні гандлю людзьмі, абароне і падтрымцы ахвяр гэтага злачынства сапраўды ўсёабдымнай і комплекснай”.

“Беларусь цвёрда адстойвае на міжнародным узроўні ідэю неабходнасці адзінства дзеянняў у барацьбе з гандлем людзьмі. Менавіта з гэтай мэтай краіна ініцыіравала ў лістападзе мінулага года на 72-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН рэзалюцыю “Паляпшэнне каардынацыі намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі”. Мы былі натхнёныя тым, што дзяржавы — члены ААН кансэнсусам прынялі гэты дакумент. Больш за 70 краін сталі яго суаўтарамі”, — падкрэсліў Андрэй Дапкюнас.

Каштоўнасць ініцыятывы па паляпшэнні каардынацыі намаганняў у барацьбе з гандлем людзьмі заключаецца ў тым, што прапануюцца канкрэтныя фарматы сумеснай работы па лініі дзяржаў, міжнародных арганізацый, бізнес-супольнасцей, няўрадавых арганізацый і СМІ, у тым ліку ў кантэксце дасягнення Мэт устойлівага развіцця.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнік прадстаўніцтва МАМ у Беларусі Зейнал Гаджыеў, пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаанна Казана-Вішнявецкі, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, міжнародных арганізацый і акадэмічнай грамадскасці.