Чарговы раз семінар па харчаванні сабраў кіраўнікоў адукацыйнай сферы Гомельшчыны і членаў абласнога савета па харчаванні. Месцам вывучэння вопыту быў выбраны Нараўлянскі раён.
Стала традыцыяй, што два разы на год — вясной і восенню — які-небудзь з рэгіёнаў вобласці прымае ў сябе гасцей. Як правіла, на парадку дня значацца не толькі пытанні харчавання ў школах і дашкольных установах. Дэманструецца лепшы вопыт раёна ў розных кірунках адукацыйнай сферы. Гэта яшчэ і добрая магчымасць для начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама кіраўнікоў дзіцячых дамоў і дзіцячых аздараўленчых цэнтраў сабрацца разам, параіцца, абмеркаваць розныя пытанні, падзяліцца дасягненнямі. Важна і тое, што ў семінары заўсёды прымае ўдзел начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын.
Здаровае харчаванне і карысная праца
Сонечнай восеньскай раніцай мікрааўтобус з Сяргеем Парошыным, яго намеснікам Жаннай Ждановіч і кіраўнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама і адміністрацый горада пакінуў абласны цэнтр. Шлях ляжаў на самы поўдзень Гомельскай вобласці, у палескую Нароўлю, якая раскінулася на правым беразе Прыпяці.Дзве гадзіны ў дарозе не зацягнуліся, бо ўвесь час нешта абмяркоўвалі, прапаноўвалі і проста дзяліліся думкамі. І вось ужо нас сустракае Нараўлянскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі — менавіта адсюль пачалося знаёмства ўдзельнікаў семінара з райцэнтрам і яго дасягненнямі ў адукацыі. Пасля экскурсіі па ўтульным памяшканні, дзе дзеці праводзяць свой вольны час, дэлегацыя накіравалася ў нараўлянскую сярэднюю школу № 3. На пляцоўцы перад школай разгарнулася выстава фотаздымкаў “Здаровае харчаванне”, галоўнымі героямі якой, зразумела, сталі вучні. Гасцей сустрэлі пачаткоўцы, якія красамоўна расказвалі пра культуру харчавання і карысныя прадукты. А ўнутры чакалі неверагодныя пачастункі, прыгатаваныя педагогамі, вучнямі і іх бацькамі. Не проста пачастункі, а выстава-дэгустацыя пад назвай “Кулінарны рэпертуар у літаратурных творах”. Ганна з вядомага мележаўскага твора расказала пра беларускае снеданне і запрасіла пакаштаваць традыцыйныя стравы сельскіх жыхароў. А смачнымі пірагамі на любы густ частаваў сам класік рускай літаратуры А.С.Пушкін у выкананні аднаго з вучняў.
Пасля смачнага снедання ўсіх чакала цікавая экскурсія па трох школьных музеях. У музеі “Народныя промыслы” сабраны шматлікія прылады працы і прадметы хатняга ўжытку нашых продкаў. У кожнай экспазіцыі — свая гісторыя, з якой навучэнцы школы добра знаёмыя. Дарэчы, у ролі экскурсаводаў школьных музеяў выступаюць таксама вучні. Яны не толькі добра ведаюць гісторыю роднага краю, а яшчэ і выдатна валодаюць майстэрствам красамоўства.
Своеасаблівы помнік майстрам па вырабах з жалеза — музей “Кавальская справа”. Замкі, ключы, падковы, колы для воза, прасы на вуглях і яшчэ шмат якіх рэчаў, пра якія сёння мы нават і не ведаем. А вось хлапчук з завязаным піянерскім гальштукам з веданнем справы — як і належыць экскурсаводу — падрабязна раскажа вам пра кожную дэталь і нават пакажа, як яна выраблялася ці прымянялася ў рабоце.
І, нарэшце, апошні музей, які таксама знаёміць нас з мінулым, — “Сельпо”. У гэтым “савецкім магазіне” ўдзельнікі семінара затрымаліся даўжэй. Нядзіўна, бо кожная рэч — успамін пра дзяцінства і юнацтва: бутэлькі і пакеты з-пад малака, цукеркі, цацкі, адзенне і абутак… Мабыць, кожны ўспомніў свой далёкі паход у сельскі магазін з матуляй ці бабуляй. Як і павінна быць, у магазіне-музеі ёсць Кніга скаргаў і прапаноў, у якой пакінуў свой водгук і Сяргей Парошын. “Дзякуй за зберажэнне гісторыі свайго роднага краю!” — напісаў ён дзецям і педагогам. Дарэчы, у ёй ужо значыцца запіс намесніка міністра адукацыі Віктара Якжыка, пакінуты на Рэспубліканскім тыдні ўстаноў дадатковай адукацыі. Усе тры музеі — заслуга аднаго чалавека, педагога дадатковай адукацыі Васіля Чайкі. Мясцовыя жыхары не памятаюць, каб яшчэ нехта так цікавіўся гісторыяй Нараўляншчыны. За гады сваёй працы ён прывіў любоў да гістарычнага мінулага не аднаму пакаленню выпускнікоў. У Дзень настаўніка нараўлянскі педагог і краязнавец атрымаў за сваю працу заслужаную ўзнагароду.
Настальгічныя ноткі кранулі душу і ў музеі “Дзяцінства”, які размяшчаецца ў сярэдняй школе № 2 Нароўлі. Варта сказаць, што гэты семінар па харчаванні быў асаблівым для намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ж.А.Ждановіч: менавіта ў Нароўлі прайшлі яе школьныя гады, тут пачынаўся яе педагагічны шлях. Родная школа Жанны Анатольеўны — сярэдняя школа № 2 — у гэтым годзе была адкрыта пасля рэканструкцыі. Адноўлены будынак прываблівае яркімі фарбамі і шумлівымі бярозамі. А на шырокай пляцоўцы перад школай разгарнуўся сапраўдны восеньскі кірмаш. Тут можна было не толькі паглядзець на прыгожыя рэчы, але яшчэ і паўдзельнічаць у майстар-класах. Так, педагогі дадатковай адукацыі разам са сваімі выхаванцамі дэманстравалі тое, чым яны займаюцца ў гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах. Але больш за ўсё прываблівалі майстар-класы прыёмных бацькоў. Іна Матузка, Інеса Соцкая і Людміла Крукоўская разам са сваімі дзеткамі паказвалі тэхніку выкладвання карцін з фісташак, роспісу па шкле і алмазнай вышыўкі. Побач выхавальнік раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Аксана Альховік вучыла прыёмных бацькоў ствараць ляльку-абярэг.
Удзельнікі семінара наведалі таксама гімназію Нароўлі, дзе ім былі прадэманстраваны новыя формы арганізацыі харчавання і выступленне агітбрыгады па здаровым харчаванні — пераможцы тэматычнага абласнога конкурсу.
Праз гульні і даследаванні
Уразіла работа па вывучэнні правільнага харчавання ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці. Выхаванцы старшых груп разам са сваім выхавальнікам паказалі фрагменты заняткаў па доследна-эксперыментальнай дзейнасці “Падарожжа ў навуку”. Малыя расказвалі, абапіраючыся на доследы, як уздзейнічае на арганізм чалавека ўжыванне кока-колы і чыпсаў, што адбываецца з карысным малаком, калі ў яго дабавіць фарбавальнікі. Іншыя дашкаляты ўпэўнена працавалі за камп’ютарамі, дэманструючы фрагменты гульнявых заняткаў “Вясёлыя навучалкі” — зноў жа па тэме правільнага і карыснага харчавання. Праграма прапануе дзіцяці выбраць малюнак з профільным прадуктам для той ці іншай стравы. Альбо, напрыклад, падабраць крэм для торта, калі трэба вырашыць, з чаго ён будзе складацца: са смятаны, яек, цукру ці з дабаўленнем фарбавальнікаў, якія надаюць стракаты выгляд. Вучыць дашкалят правільнаму харчаванню дапамагае таксама створаны на тэрыторыі цэнтра сельскі падворак. Імправізаваная сядзіба з печчу, калодзежам, лазняй і хлявамі расказвае дзецям пра мінулае, пра ўклад жыцця продкаў. А невялічкі агарод дапамагае як у выхаваўчым сэнсе, калі дзеці ўдзельнічаюць у пасеве, назіраюць за ростам раслін, а потым бачаць плады, так і ў гаспадарчым: вырашчанае на градках ідзе на дзіцячыя абеды.
С.І.Парошын звярнуў увагу ўдзельнікаў семінара на такое выкарыстанне тэрыторыі. “Упэўнены, што большасць устаноў, у тым ліку і дашкольных, мае магчымасць стварыць у сябе падобнае, — сказаў ён. — Бярыце гэта пад увагу і прапаноўвайце падначаленым”.
Падводзім рысу
Як заўсёды, убачанае і пачутае абмяркоўваецца на пасяджэнні круглага стала, на ім жа дэманструецца лепшы вопыт некаторых іншых раёнаў, а членамі абласнога савета па харчаванні даюцца пэўныя рэкамендацыі, прымаюцца рашэнні.
— У найбліжэйшы час я абавязкова хачу прывезці да вас кіраўнікоў нашых устаноў, каб яны маглі павучыцца і нешта пераняць, — звярнулася да прымаючага боку начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Л.С.Клепчукова.
— Хіба нам, маленькаму раёну, раўняцца з Мазыром? — здзівіліся нараўлянцы.
— Справа не ў памерах раёна, а ў педагогах, якія здольны выказваць ідэі і рэалізоўваць іх, — адказала Любоў Сцяпанаўна.
Такая размова адбылася ў аўтобусе, пакуль пераязджалі з адной установы ў другую. Чаму запомнілася? Таму што вельмі правільная думка. Няма розніцы, у якой установе працуе педагог: вялікай ці малой, гарадской ці сельскай. Галоўнае, каб ён хацеў нешта ствараць, каб ведаў, як зацікавіць дзяцей і калег. Гэта пацвердзіў і начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама, падводзячы вынікі семінара.— Нараўлянскі раён — адзін з самых малых раёнаў Гомельшчыны, але сёння мы мелі магчымасць убачыць, якая вялікая работа вядзецца тут — адзначыў Сяргей Парошын. — Атрымаў асалоду ад таго, што ўсюды чысціня і парадак, што памяшканні і тэрыторыі ўстаноў выкарыстоўваюцца з карысцю.
На жаль, пакуль не атрымліваецца дасягнуць поўнага разумення сярод работнікаў харчаблокаў адносна гігіены і чысціні рабочага месца: не-не ды і знойдзецца парушэнне. Сяргей Іванавіч прапанаваў санітарным службам, якія ўваходзяць у савет па харчаванні, караць такіх парушальнікаў максімальнымі штрафамі. Ён нагадаў таксама, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны сачыць за выкананнем патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да работнікаў школьных сталовак.
Перад удзельнікамі семінара выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ж.В.Чэркас. Яна прадставіла раённы праект “Калейдаскоп здаровага харчавання”, у які ўключаны як гарадскія ўстановы адукацыі, так і сельскія. У аснове гэтага праекта — сумесная работа педагогаў, бацькоў і дзяцей. Як паказвае практыка, вельмі важна, калі паміж дарослымі ёсць паразуменне. Бо калі, скажам, у дзіцячым садзе малога вучаць правільна трымаць прыборы і правільна харчавацца, а дома на гэта не звяртаюць увагі, дзіця не ведае, якога правіла прытрымлівацца, і, зразумела, выбірае прасцейшы шлях.
Яшчэ адзін цікавы вопыт, які рэалізаваў разам са сваімі падначаленымі і вучнямі дырэктар Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Я.А.Цалко. На тэрыторыі гэтай установы сёння расце больш як 7 тысяч саджанцаў. Сярод іх агрэст, ажына, чырвоныя і чорныя парэчкі, вінаград, маліна, клубніцы. Апошнім часам тут заняліся вырошчваннем грыбоў вешанак. А мінулым летам набылі цяпліцу, каб вясной высадзіць яшчэ і агародніну.
— Такі гадавальнік дазваляе нам выконваць адразу некалькі задач, — расказаў Яўген Анатольевіч. — Па-першае, атрымліваем больш таннае харчаванне, па-другое, прыцягваем навучэнцаў да працы, бо яны самі даглядаюць расліны.
Начальнік упраўлення адукацыі С.І.Парошын падкрэсліў, што асноўная мэта такой работы — не патанненне харчавання, а ўсё ж даследчая дзейнасць вучняў, іх занятасць. Ён таксама адзначыў, што сёння мы ўступілі ў эру новага кіраўніка — кіраўніка, які павінен самастойна прымаць рашэнні ў розных напрамках, умець бачыць і шукаць магчымасці.
За круглым сталом былі таксама агучаны пытанні закладкі агародніны і садавіны ў сховішчы, стану саміх сховішчаў, арганізацыі канікулярнага часу і шостага дня тыдня.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.